Пляжны баявік: як журналістка «ВГ» трапіла на ўкраінскі курорт

Турыстычны сезон вось-вось распачнецца, але бюджэтны адпачынак пад пагрозай. Беларусы баяцца ехаць на Украіну. Мы адолелі шлях ад Гродна да Адэсы, каб на свае вочы ўбачыць, ці ёсць на дарогах «зялёныя чалавечкі» і ці стаяць супрацьтанкавыя «вожыкі» на курортах нашых паўднёвых суседзяў.

Беларусы пачалі набываць пуцёўкі на ўкраінскія курорты летась як ніколі рана. Але пасля хваляванняў на Майдане беларусы гэтак жа масава пачалі адмаўляцца ад тураў. У мінулыя гады напрыканцы красавіка амаль усе аўтобусы на лета былі запоўненыя. Сёлета тураператары разлічваюць, што на Украіну паедзе ў найлепшым выпадку 30 працэнтаў турыстаў у параўнанні з мінулым годам.

Мінск — Адэса

Калі медыа паведамляюць аб страляніне на суседняй тэрыторыі, а украінскія знаёмыя запэўніваюць, што баяцца няма чаго, мы вырашылі ўбачыць на ўласныя вочы, наколькі бяспечны ўкраінскі адпачынак. І рызыкнулі паехаць у Адэсу.

У падарожжа вырушылі з дзесятак беларускіх журналістаў і столькі ж дырэктароў турфірмаў. У апошні момант частка запісаўшыхся адмовілася пад рознымі тлумачэннямі. А тыя, хто паехаў, некалькі разоў на дзень звязваліся з роднымі паведаміць, што яны ў парадку.

Сярэдзіна красавіка. «Неаплан». 24 асобы разам з кіроўцамі. Маршрут: Мінск — Новая Гута — Новыя Ярылавічы — Кіеў — Адэса — Затока — Коблева — Мінск. У будні вечар на беларуска-украінскай мяжы няма чаргі. Памежнікі кажуць, што ўжо даводзілася вяртаць назад машыны, дзе спрабавалі правезці партыю нажоў.

Самаабарона шукае зброю

Ноч. Прыпынак ля Кіева. Тузін мікрааўтобусаў з малдаўскімі ды ўкраінскімі нумарамі. «Мы едзем на заробкі ў Маскву, як і іншыя, — кажа будаўнік Іван з Івана-Франкоўска. — А за Украіну — чаго за яе перажываць?! Зараз прыйдзе сталая ўлада, і ўсё супакоіцца».

Курс долара ў кругласутачным абменніку — 11,50 грыўны. Калега адгаворвае мяняць грошы — маўляў, гэта надзвычай нізкі курс. Але ў наступныя дні мы нідзе не ўбачылі лепшай прапановы. Чым далей, тым ніжэй — аж да 10,40 грыўны за долар.

Рэшту ночы праехалі ў сне. 6.40 раніцы. На ўездзе да Адэсы аўтобус раптам затармазіў. Паспяваю заўважыць групку людзей у камуфляжы. Адзін з іх ужо стаіць у салоне. Сон зняло ўмомант. Аказваецца, гэта блокпост: патрульная машына, супрацоўнікі ДАІ і… добраахвотнікі, якія толькі днямі далучыліся да ДПС.

Цягам гадзіны нас спынялі тройчы, глядзелі багажнік і хутка адпускалі. На адэскіх дарогах стаяць два такія блокпасты з дабравольцамі, астатнія — без іх. Гэтыя людзі называюць сябе падтрымкай Еўрамайдана ці самаабаронай. «Львівска сотня» — паказвае нашыўку на рукаве сівы мужчына на блокпасце каля 7 кіламетра авідыяпольскай дарогі. Такія сумесныя блокпасты ДПС і прадстаўнікоў самаабароны арганізоўваюцца па ўсёй краіне з ведама і дазвалення мясцовых уладаў, прычым спыніць транспарт можа толькі супрацоўнік патрульнай службы.

— Мы сёння тут, а заўтра можам паехаць туды, дзе будзем больш патрэбныя. Правяраем аўтобусы, машыны, шукаем зброю. Нядаўна пад’ехалі дванаццаць машын з узброенымі людзьмі, але мы іх разагналі, — распавядае львавянін.

— А як вам гэта ўдалося? Дзе вашая зброя? — пытаюся, бо зброю бачна толькі ў ДАІшнікаў.

Ён толькі пасміхаецца ў вусы і паказвае на палкі, шлемы ды бляшаныя шчыты: «Вось нашая зброя». Гучыць як баявік. Але хлопцы запэўніваюць, што яны нікога не рабуюць, правяраюць згодна з дазволам мясцовых уладаў. Кажуць, што такія блокпасты стаяць па ўсёй Адэскай вобласці. Яны ўмацаваныя мяшкамі з пяском — на выпадак перастрэлкі. Унутры палатка, дзе можна перакусіць ці выпіць кавы. «Нас падтрымлівае насельніцтва», — тлумачаць хлопцы.

Працягваюць зарабляць грошы

Па дарозе мы даведаліся з навінаў, што на чарнаморскіх пляжах усталявалі супрацьтанкавыя «вожыкі» — прыстасаванні, якія замінаюць праезду танкаў. Як патлумачылі на сустрэчы з мясцовымі ўладамі на курорце Затока, «вожыкі» сапраўды стаялі, але іх хутка прыбралі. А працаўнік адной з базаў адпачынку ў Затоцы расказаў, што бачыў, як гэтыя «вожыкі» выгрузілі на пляжы, знялі на камеру, пасля ізноў загрузілі на машыну і паехалі здымаць у іншым месцы.

Акрамя гэтых блокпастоў на дарогах ды навіны аб «вожыках» пра нестабільную сітуацыю ў краіне хіба нічога не нагадвае. Адэса жыве ў працоўным рэжыме, у крамах дастаткова тавараў, на дарогах бабулькі прадаюць закаткі і арэхі, дачнікі корпаюцца на градках, на базах адпачынку дабудоўваюць чарговыя паверхі, каб прыняць яшчэ больш турыстаў. Праўда, паўсюль стаяць перадвыбарчыя плакаты супраць карупцыі ды з абяцаннямі вярнуць Крым і пачаць жыць па-новаму.

— Мітынгі праходзяць толькі ў нядзелю, строга з 12.00 да 15.00, на Кулікоўскім полі. У астатні час людзі зарабляюць грошы, — жартам апісвае сітуацыю ў Адэсе заснавальнік адной з украінских турфірм Аляксандр Бабіч.

Афіцыйна

Прадстаўнікі мясцовых уладаў не могуць паверыць, што беларусы баяцца да іх ехаць адпачываць. «Навошта нам павялічваць меры бяспекі, калі ў нас спакойна», — гаворыць дырэктар дэпартамента культуры і турызма Адэскага гарадскога савета Таццяна Маркава.

Загадчык упраўлення грамадскай бяспекі УМУС Украіны ў Мікалаеўскай вобласці Андрэй Чэмерыскі запэўніў, што пераапранутых самазванцаў у камуфляжнай форме на дарогах вобласці няма. Стаяць толькі блокпасты з дазвалення ўладаў. Усе арганізаваныя групы правяраюцца супрацоўнікамі ДПС. Крадзяжы ў параўнанні з мінулым годам зменшыліся с 150 да 103 за 1 квартал.

Паводле намесніка загадчыка Белгарад-Днястроўскага гарадскога аддзела МУС Украіны ў Адэскай вобласці Уладзіміра Масла, злачыннасць у раёне таксама змяншаецца, нейкіх самаарганізаваных пастоў няма.

Глава Асацыяцыі турыстычнага і аздараўляльнага бізнэса Мікалаеўскай вобласці «Адраджэнне» Таццяна Квасняк паведаміла, што яны разам з праваахоўнікамі гатовыя абмяркоўваць варыянты суправаджэння турыстычных аўтобусаў па тэрыторыі Украіны ад мяжы да курорта.

Тым часам

Як стала вядома, на блокпасце пад Адэсай каля 7 кіламетра, які мы праязджалі, 25 красавіка каля 4 гадзін раніцы адбыўся выбух. Як паведамляюць украінскія медыа, невядомыя кінулі асколачную гранату, у выніку сем чалавек параненыя і гаспіталізаваныя, сярод іх адзін міліцыянер.

Даведка «ВГ»

У мінулым годзе Адэсу наведаў 1 мільён турыстаў, з іх каля 400 тысяч беларусаў і расіянаў разам, курорт Коблева — каля 200 тысяч турыстаў, з іх каля 20 працэнтаў — беларусы.

 

Чытайце таксама:

Рэпартаж з Майдана: што адбываецца зараз у цэнтры Кіева