Данута Бічэль правядзе Крыжовы шлях у Гродне

Гарадзенская паэтка Данута Бічэль прачытае ўласныя разважанні падчас традыцыйнага каталіцкага вялікапоснага набажэнства Крыжовага шляху.

Фота: wikimapia.org

Крыжовы шлях адбудзецца ў сераду, 2 красавіка, у Пабрыгіцкім касцёле а 20 гадзіне (вул. Маладзёжная, 2). Як расказала Данута Бічэль, вершаваны твор «Крыжовы шлях Збаўцы нашага Езуса Хрыста» яна пісала доўгі час і скончыла ў 2010 годзе. Ён уваходзіць у зборнік вершаў «Іду сцяжынаю да Бога». 

Паэтка спалучыла падзеі з беларускай сучаснасцю, але старалася не адыходзіць ад Евангелля. Твор напісаны ў класічнай форме. «А навошта пра Бога пісаць па-наватарску?» — пытаецца Данута Янаўна. У вершах яна адлюстравала свае перажыванне веры: дзякуючы Богу яна ніколі не адчувае сябе самотнай, не паддаецца адчаю.

Цікава, што ініцыятарам такога набажэнства стаў малады гарадзенец Уладзімір Крупенка. Ён сустрэў у інтэрнэце «Крыжовы шлях» Дануты Бічэль і прапанаваў зарганізаваць сумесную малітву. Заўтра твор будзе прэзентаваны ўпершыню. Да удзелу запрашюць усіх, хто хоча памаліцца за Беларусь і паразважаць над мукай Хрыста.

Набажэнства Крыжовага шляху — гэта разважанне над традыцыйнымі 14 прыпынкамі шляху Ісуса Хрыста, калі ён нёс крыж на Галгофу. У час Вялікага посту вернікі штотыдзень ці нават часцей могуць удзельнічаць у такой малітве, абыходзячы разам са святаром гэтыя 14 стацый. Іх выявы ў выглядзе скульптур, гравюр ці карцін звычайна стала знаходзяцца на сценах у кожным касцёле па перыметры. Разважанні суправаджаюцца спевам.