Вандроўка па старым Гродне: мы не здолелі знайсці двух падобных будынкаў

Аблічча і атмасферу горада ствараюць не толькі будынкі, але і іх часткі — дзверы, вокны, балконы, сходы, парэнчы, ляпніна ды іншы дэкор звонку або ўнутры. Такія дэталі яшчэ ёсць, але з часам іх усё менш. Мы прайшліся разам з краяведам Таццянай Касатай па цэнтры горада і пашукалі, якія старажытныя каштоўныя дэталі яшчэ засталіся, але могуць знікнуць.

Прызвычаеныя да горада жыхары не заўсёды звяртаюць на дробязі ўвагу. І хто ведае: калі яны знікнуць, ці заўважыць гэта хтосьці апроч гісторыкаў?

Каваныя або літыя

Вандроўка пачалася ад вуліцы Кірава. У шэраговай забудове вуліц Кірава, К. Маркса, Гараднічанскай, Савецкай, Замкавай большасць будынкаў паўстала пасля пажару 1895 года, напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. «Забудова шэраговая, бо дамы стаялі ў шэрагу і мелі хутчэй побытавае прызначэнне», — тлумачыць Таццяна Касатая. Тут засталося шмат старых балконаў. На цэнтральных вуліцах яны з большасці таго ж перыяду, калі былі пабудаваны і дамы.

Балконы ўвогуле ў горадзе захаваліся лепш за іншыя старажытныя элементы. «Сярод балконаў шмат літых», — зазначае Таццяна. А як зразумець, гэта літы ці каваны? «Адрозніць вельмі лёгка. У чыгунных літых гаўбцоў больш складаны малюнак, яны маналітныя, чыгун адразу бачна», — гаворыць краявед і паказвае на балкон на Кірава, 36.

 

Чыгун заліваюць у форму, і адразу атрымліваюцца цэлыя балконныя краты. А каваныя нібы склейваюць з асобных завітушак, як, напрыклад, насупраць, на Кірава, 35.

 

У выніку літыя даражэйшыя за каваныя. Варта звярнуць увагу і на падножжа балконаў. У літых яны прыгажэйшыя — часта ў барочным стылі, з разеткамі ці кветкамі, як на Кірава, 18.

 

Каштоўнасць літых балконаў пацвярджае і тое, што яны перыядычна знікаюць. «У іх ёсць і мастацкая, і гістарычная вартасць, і добрая якасць, яны вельмі трывалыя. Вось і зніклы гаўбец на Кірава, 3 быў літым, з рэнесансным малюнкам, крыху выпуклай формы, не падобны на той, што вісіць насупраць», — тлумачыць гісторык. Узоры балконных кратаў змяняюцца цягам нашага падарожжа. «Хаця ёсць і падобныя, — паказвае Таццяна, — вось гэтыя з ромбікамі на Кірава, 18, нібы элементы нацыянальнага арнамента сустракаюцца часта, такі ёсць і на сцяне турмы».

 

Дзе яны — ліштвы і сандрыкі?

Спыняемся каля разных дзвераў былой музычнай школы па Кірава, 40. Драўляныя, з выразанымі валошкамі ды лірай, яны рассохліся і ствараюць уражанне старажытнасці.

 

Аднак па музычнай сімволіцы зразумела, што дзверы не вельмі старыя — музычная школа тут размясцілася ў 1980-я гады. «Калі ўжо няма выхаду, дзверы згнілі або рассыпаліся, і трэба ставіць новыя, то лепш рабіць іх стылізаванымі пад той час, калі быў пабудаваны дом. Падобны прыклад добрай псеўдааўтэнтычнасці можна ўбачыць і на корпусе ўніверсітэта на Дзяржынскага, 28», — каментуе гісторык.

Звяртаю ўвагу на сцены дамоў — частка з іх мае белае тынкаванае аздабленне. «Так, сапраўды, яно мае сваю каштоўнасць, розныя часткі называюцца па-свойму. Вось, напрыклад, вокны на Кірава, 7 ўпрыгожаныя падваконнымі цаглянымі ліштвамі і сандрыкамі з замкамі, такія дэкаратыўныя элементы сустракаюцца вельмі часта».

 

Дамафон на драўляных дзвярах?

З вуліцы Кірава збочваем на Гараднічанскую. Дом №27 — гэта прыклад, як атрымалася не толькі добра адрэстаўраваць драўляныя дзверы, але і паставіць на іх дамафон. «Чаму драўляныя дзверы зносяць? Бо кажуць, што нязручна. Але для дамафона не абавязковыя металічныя дзверы, трэба толькі захацець», — робіць выснову мая спадарожніца. Пад’езд адчынены, і мы трапляем ўнутр. На другі паверх вядуць сходы з драўлянымі парэнчамі. Гэта таксама рэдкасць, бо старажытныя парэнчы часцей літыя. «У гэтым доме пачатку ХХ ст. было швейнае атэлье і харчовая крама», — заўважае гісторык.

 

У суседнім доме №25, што схаваў фасад ад дарогі, на металічных дзверах каванае сучаснае аздабленне. Ці гэта добры варыянт стварэння атмасферы старажытнасці? «Калі прыбраць аздабленне, застануцца тыя самыя дзверы, што ставяць паўсюль. Думаю, для кожнага будынка павінен быць індывідуальны падыход і ўлік яго гістарычных і мастацкіх асаблівасцей», — разважае Таццяна.

 

Дом №23 1890 года, калісьці шыкоўны, з жоўтай цэглы, з ужо бачанымі ліштрамі і сандрыкамі ды іншымі элементамі аздаблення — прафіліроўкай і пелястрамі па баках, з двума літымі балконамі. Цікавостка — паглыбленне ля дзвераў нібы для нейкай скульптуры. Вокны забітыя, будынак закінуты. А некалі тут жыў гісторык Карнілаў, у 1944 годзе размяшчаўся хоспіс пры фарным касцеле, у 1959 — дом інваліда.

 

Кавярня — у прыклад

Паволі даходзім да вуліцы Тэльмана. Дом №9 у зялёных танах цяжка не заўважыць. Гэта ўнікальны прыклад архітэктуры ў стылі мадэрн, які вельмі добра захаваўся. Адрозніваецца багатай ляпнінай. Цікава, што на будынку напісана «1909», а кнігі падаюць год пабудовы 1905 або 1912. Дом вядомы тым, што падчас нямецкай акупацыі тут мясцілася гестапа.

 

На адной з самых старажытных вуліц Савецкай старажытных дэталяў засталося няшмат. Заварожваюць шэрагі балконаў.

 

Ненайгорш адрэстаўраваныя дзверы ў адміністрацыі Ленінскага раёна — былым касцёле і шпіталі Святога Духа, фундаваным каралевай Бонай.

 

«З аздаблення кавярні на Савецкай, 7 іншыя маглі б браць прыклад. Гэта лепшы варыянт, які тут можа быць, — адзначае краявед, — тут каваны ганак, драўляныя вокны, дзверы, праёмы, няма сучаснага пластыка».

 

«Паласатыя» дамы і шыкоўная вінная лаўка

Нарэшце мы трапляем на Замкавую. Былы палац Масальскіх на Замкавай, 5, па меркаванні некаторых гісторыкаў, — адзін з самых старых дамоў горада. Першы яго паверх «паласаты» — гэта руставанне, белыя паралельныя тынкаваныя лініі. Непадалёк руставаны увесь дом на Замкавай, 12, былы дом Лапінера.

 

Шырокія драўляныя разныя дзверы тут адныя з лепшых у Гродне, на думку Таццяны Касатай. А ў дом №11 варта зайсці ўнутр ды звярнуць увагу на старажытную кафляную падлогу з узорам ды літыя парэнчы.

 

Вось і апошні дом нашага падарожжа — №13, яго раней ведала ўся бедната. У віннай лаўцы Рохлі раней прадавалі самае таннае віно. Зараз гэта найлепшы прыклад эклектыкі на вуліцы Замкавай з магутным карнізам, дэкараваны арнаментам, насычаны ляпнінай.

 

«Бачыш, на шляху мы не сустрэлі двух аднолькавых будынкаў. Кожны мае сваю асаблівасць, якая праяўляецца ў дэкаратыўных элементах — ляпніне, балконах, ваконных праемах, — што ствараюць самабытнасць будынка», — гаворыць Таццяна на развітанне.

 

У тэму

Гісторыкі прапануюць скласці падрабязны спіс каштоўных дэталяў гістарычных будынкаў у цэнтры горада ад вокнаў да кафляных печак. Па іх меркаванню, гэта дапаможа захаваць гістарычную спадчыну Гродна ад знішчэння. Падрабязней аб гэтым чытайце ў свежым нумары газеты «Вячэрні Гродна».

 

Чытайце таксама:

Гродна, якога ўжо не ўбачым: як змянілася аблічча горада за год