Стары замак запрашае на баль
У Старым замку з’явіліся навінкі. Падлеткам прапануюць авантуры, а дарослым — вандроўку ў мінулае ды старажытныя танцы.

Квэст-гульню «У пошуках скарбу» нядаўна пачаў праводзіць гісторыка-археалагічны музей. Падлеткам прапануюць стаць дэтэктывамі ды адшукаць скарб караля Стэфана Баторыя ў лабірынтах Старога замку.
На ўваходзе сустракае незнаёмка (супрацоўнік музея), і ад гэтага моманту пачынаецца інтрыга… Кожны атрымае сшытак удзельніка і карткі з заданнямі. Прайшоўшы адзін узровень, школьнікі пераходзяць на наступны, больш складаны. Дасягнуць мэты і знайсці частку скарба караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя дапамагае прывід яго жонкі, які паводле легенды і схаваў каштоўнасці.
Як расказала загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Вольга Макарчук, гульня разлічана на вучняў сярэдніх і старэйшых класаў, навучэнцаў каледжаў. Гуляць могуць адразу дзве каманды па 5–20 чалавек. Правесці свой вольны час такім новым спосабам можна з 10.00 да 18.00 штодзённа акрамя панядзелка. Пакуль што аматараў гісторыі і прыгодаў, ахвотных прыняць удзел у квэсце, не было.
А дарослыя цяпер змогуць не толькі даведацца пра падрабязнасці жыцця апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і перыяду трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з вуснаў яго сакратара Станіслава Трамбецкага, але і пакаштаваць стравы ХVIІІ стагоддзя ды прыняць удзел у танцах таго часу. Замовіць такую праграму можна, напрыклад, на карпаратыў. Напрыканцы паказу з элементамі тэатралізацыі і экскурсіі Nominis umbra («Цень імя») наведнікам абяцаюць феерычную фотасессію ў строях ХVIІІ стагоддзя.
Даведка «ВГ»
Квэст — своеасаблівая пазнавальна-забаўляльная гульня-вандроўка, гульня-дэтэктыў з выкананнем пакрокавых заданняў.
У тэму
Музей запрашае гарадзенцаў паўдзельнічаць у конкурсе па распрацоўцы незабыўнага ўваходнага квітка ў замак (заяўкі прымаюцца да 30 красавіка), а таксама ў фотаконкурсе на лепшы здымак музея (да 22 красавіка).
Чытайце таксама:
В Лидском замке ждут миллион туристов
Маленьких гродненцев приглашают в сказочный круиз (программа Недели детской книги)