Гарадзенскія закаханыя засталіся без камня для пацалункаў

Гранітны камень для пацалункаў, які планавалася ўсталяваць увесну разам з іншымі каменнымі скульптурамі ў горадзе, раскалоўся падчас пагрузкі. Але аўтар Уладзімір Панцялееў плануе стварыць яго копію.

Як расказаў скульптар Уладзімір Панцялееў, пад канец пленэру ён захварэў і адразу не паспеў скончыць камень для закаханых у форме кольца з промнямі. А калі скульптура была ўжо амаль скончаная і заставалася прыклеіць да яе двух мармуровых галубкоў, здарылася «аварыя». Выпадкова пры пагрузцы камень зачапіўся, сарваўся на зямлю ды раскалоўся на тры часткі.

Парадаксальна, што ўсе скульптуры падчас восеньскага пленэру выразалі з палявога граніта, на які дасведчаныя майстры давалі гарантыю 500 год. Пра склейванне кавалкаў цяпер гаворка не ідзе — не выключана, што яны распадуцца ізноў. Але ж гарадзенскія нарачоныя ўжо чакаюць новы фон для вясельных фотаздымкаў, і скульптар спадзяецца давесці задумку да розуму. Стварыць новы камень для пацалункаў ён плануе на сёлетнім пленэры скульптараў па камені ў чэрвені. Яго зладзяць як і мінулым годам у Пушкарах.

Нагадаем, што каменны пленэр вярнуўся на Гарадзеншчыну пасля 30-гадовага перапынку ў верасні 2013 года. Тады беларускія майстры за выключэннем ужо разбітай фігуры стварылі яшчэ шэсць скульптур. Усе яны хутка знойдуць свае месцы ў горадзе.

Першай кампанію скульптур пакінула адна з «дзяўчын». «Гарадзенская мелодыя» мінчаніна Уладзіміра Піпіна яшчэ ў лістападзе завяршыла ўладкаванне пляцоўкі для адпачынку на вуліцы Дзяржынскага ля ручая Юрыздыкі. 

Астатнія скульптуры зараз можна пабачыць на той самай пляцоўцы, дзе яны станавіліся з камянёў мастацкімі творамі, — на шляху ў Сапоцкіна каля вёскі Пушкары. Перад заводам будматэрыялаў побач стаяць «Пятрушка» рукі майстра з Салігорска Уладзіміра Ламейкі, «Арфей і Эўрыдзіка» Карнея Аляксеева з Магілёва, «Дама з Лірай» мінчаніна Аляксандра Батвінёнка. Тут жа і камень з выявай Каложы ад Уладзіміра Панцялеева. Ягоныя казуркі, пакінутыя тут як падарунак, падаецца, поўзаюць па каменях. Непадалёк асобна ляжыць фігура дзіўнай формы. Аўтар Ігар Засімовіч з Мінска назваў яе «Формула прасторы».

У гарвыканкаме пакуль не паведамляюць, дзе дакладна ўсталююць фігуры. Але па чутках верагодна, што «Каложская песня» з’явіцца каля Барысаглебскай царквы, «Пятрушка» — побач з тэатрым лялек, а яшчэ адна са скульптур — ля выставачнай залы на вуліцы Ажэшкі.

Пяць скульптур яшчэ чакаюць размеркавання ля завода ў Пушкарах

 

На камені «Каложская песня» бачна некалькі выяваў царквы

 

«Арфей і Эўрыдзіка» Карнея Аляксеева з Магілёва

 

Казуркі Уладзіміра Панцялеева засталіся «жыць» у Пушкарах

 

«Дама з Лірай» мінчаніна Аляксандра Батвінёнка

 

«Пятрушка» Уладзіміра Ламейкі з Салігорска

 

«Формула прасторы» Ігара Засімовіча з Мінска

 

Засталося няшмат часу, калі творы можна пабачыць разам у адным месцы

 

Чытайце таксама:

В Сморгони «посадят» дерево счастья для влюбленных

Скульпторы не успели вырезать камень для влюбленных