Першыя буслы прыляцелі ў Беларусь

Першыя два белых буслы былі заўважаны 10 сакавіка ў раёне Дзяржынска Мінскай вобласці. Яны ляцелі ў паўднёва-усходнім накірунку, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Фото: facebook.com

А зусім нядаўна прылет буслоў святкавалі нашыя суседзі — белы бусел усю ноч правеў на прыдарожным ліхтары ў польскай мясцовасці Крушын Балеславецкага павету.

Цікава, што назіранні белых буслоў былі зарэгістраваны яшчэ ў пачатку сакавіка, але, як мяркуе супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына Самусенак, гэта хутчэй за ўсё птушкі, якія па пэўных прычынах засталіся зімаваць на радзіме. Так, напрыклад, быў заўважаны бусел у раене Турава Гомельскай вобласці.

Калі вы бачылі першых веснікаў вясны, то можаце падзяліцца сваімі назіраннямі і зарэгістраваць іх адным з прапанаваных спосабаў. Па-першае, праз сайт арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры дапамозе формы «Дадаць назіранне». Па-другое, СМС на кароткі нумар 0841 (трэба паведаміць сваё імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і назву птушкі), у адказ вы атрымаеце падарунак — спасылку на голас адной з птушак «Жывой вясны». Па-трэцяя, на старонках арганізацыі ў сацыяльных сетках (УКантакце ці Фэйсбуку).