Піцерскі музыкант зайграе ў Гродне на дудзе ды арфе
«Вечар незвычайнай музыкі» ладзіць антыкавярня «Жывы час» у нядзелю, 2 лютага.
Гарадзенцы пачуюць і ўбачаць арфу і беларускую ды французскую дуды.
Як распавяла гаспадыня антыкавярні Марыя Жамойда, удзельнік піцерскага гурта Musica Radicum Аляксандр Журо завітаў да сяброў у Гродна. А тыя запрапанавалі арганізаваць кватэрнік у антыкавярні. Падчас вечару ў нефармальнай атмасферы Аляксандр выканае невялікія мелодыі на традыцыйных інструментах, распавядзе пра іх, адкажа на пытанні слухачоў.
Па словах Аляксандра Журо, ён паспрабуе раскрыць сэнс, які нясуць ў традыцыйнай музычнай культуры такія інструменты, як дуда (валынка), арфа, а таксама пакажа агульнае ды рознае паміж дудамі ў Заходняй і Усходняй Еўропе. Сам Аляксандр паходзіць з Беларусі, а творчасцю займаецца ў Санкт-Пецярбургу. Далучаецца да Musica Radicum па меры актыўнасці гурта.
Гурт Musica Radicum з’явіўся ў 2002 годзе. Яго назва з латыні перакладаецца як «музыка каранёў». Musica Radicum грае акустычны нойз, кіёвы авангард, музыку мінулых стагоддзяў і малалікіх народаў, рэгіянальныя стылі.
Чытайце таксама:
В городском выставочном зале покажут китайскую живопись, «Календарь» и Песнь песней