Як перажываць памінальныя дні

Восенню мы асаблівым чынам узгадваем блізкіх памерлых людзей. Ці абавязковыя на могілках свечкі і кветкі, ці патрэбна прыносіць памерлым чарку і ежу, што галоўнае ў памінанні памерлых — гэта патлумачылі святары.

Фото из архива ВГ

Асноўны сэнс перажывання памінальнага дня — у малітоўным успаміне пра нашых продкаў у касцёле падчас літургіі і прыватна, патлумачыў грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот. Варта ў гэты дзень наведаць могілкі, прыбраць і ўпрыгожыць іх. Няма прынцыповых рэкамендацый, як гэта зрабіць. Можна прынесці жывыя ці штучныя кветкі, павязаць крыж рушніком ці стужкай, запаліць знічы ці свечкі. Святар не раіць прыносіць ежу ці чарку на могілкі, бо памерлыя ўжо гэтага не патрабуюць. Такім чынам можна пакарміць толькі жывёл ці птушак, што бываюць на могілках.

Айцец Андрэй мяркуе, што можна пры супольным стале дома ўспомніць аб блізкіх людзях. Святар папярэдзіў, што клікаць дзядоў — не па-хрысціянску, гэта паганскі звычай. «Нашыя памерлыя знаходзяцца ці на небе, ці ў чысьціцы, яны і так нас чуюць і выслухаюць. Можам звяртацца да іх з просьбай аб малітве і самі маліцца аб супакоі іх душы».

Праваслаўны святар айцец Павел Каспяровіч патлумачыў, што істота адзначэння памінальнага дня ў тым, каб прыйсці ў царкву на літургію і паніхіду ды памаліцца за памерлых. Ён таксама рэкамендуе выказаць пашану продкам праз тое, каб зрабіць парадак на могілках. «Царква адмоўна ставіцца да таго, каб есці, выпіваць ці прыносіць ежу на могілкі, — падкрэсліў святар. — Гэта мае водгалас паганства. Чалавек памёр, яго душа знаходзіцца ці ў раі, ці ў пекле. А тут яму талерку прынеслі — які сэнс?»

У хрысціянскай традыцыі асаблівым чынам памерлых ўзгадваюць на пачатку лістапада. У праваслаўі такім днём з’яўляецца Дзімітраўская памінальная субота, яна мае рухомы характар. Каталіцкі дзень малітвы за памерлых стала прыпадае на 2 лістапада. Назва «Дзяды» не ўласцівая хрысціянству, яна мае паганскае паходжанне.

 

Чытайце таксама:

Гродненские католики смогут помолиться об усопших на кладбищах (расписание богослужений 1, 2 и 3 ноября)

1 и 2 ноября пересечь границу будет проще

От шоп-туров Польшу 1 и 11 ноября лучше отказаться: все торговые центры будут закрыты