Камень для пацалункаў з’явіцца ў Гродне

Горад майстроў развярнуўся ля вёскі Пушкары пад Гродна. Пленэр каменнай скульптуры праходзіць з 2 па 30 верасня. Вынікі працы майстроў павінны палепшыць выгляд горада.

Шэсць скульптараў з розных месцаў Беларусі працуюць у межах агульнай тэмы «Жывапіс, тэатр, музыка». Кожны з іх ужо выбраў для сябе канкрэтны вобраз, які цяпер увасабляе ў жыццё. «Камяні дыктуюць, што з іх вычасаць», — адзін за адным сцвярджаюць удзельнікі пленэра.

Уладзімір Ламейка з Салігорска вырашыў зрабіць велізарную скульптуру Пятрушкі. Ён мяркуе, што магчыма размясціць яе ля тэатра лялек. Але ж надзець на руку такую ляльку, пэўна, не атрымаецца.

Гродзенец Уладзімір Панцялееў стварае камень для пацалункаў, праз які закаханыя змогуць не толькі выказаць сваё каханне, але і памірыцца. Мясцовым жыхарам добра вядомыя ранейшыя творы Панцялеева — «Жаба-падарожніца», «Купідон», «Гараднічанка», «Гараджанін ХVIIIст.», «Лебедзі».

Карней Аляксееў з Магілёва спрабуе перадаць сваё бачанне гісторыі кахання Арфея і Эўрыдыкі.

Мінчанін Аляксандр Батвінёнак стварае выяву дамы з маскай і лірай.

Алегарычная «Гарадзенская мелодыя» Уладзіміра Піпіна з Мінска паўстае ў выглядзе дзяўчыны. На думку аўтара, каб нешта стварыць на пленэры, варта адчуць атмасферу асяроддзя. З гэтай мэтай ён у вольны час вандруе па Гродна. Больш за ўсё яму спадабалася Каложа ды мясцовыя дзяўчыны, як запэўнівае скульптар. Месца пленэра ў Пушкарах Уладзімір параўноўвае са Швейцарыяй па прыгажосці наваколля.

«Скульптура – гэта гульня аб’ёмаў, – гаворыць Уладзімір Піпін, — як жывапіс – гульня колераў. Вось там з’явіўся аб’ём, і я не магу яго ўжо проста знішчыць. Я павінен цяпер яго лагічна выбудаваць і эстэтычна вычасаць… Мы размаўляем з каменямі, угаворваем іх у што-небудзь ператварыцца. Трэба мець металічную цярплівасць, каб камяні здаліся і паддаліся майстру. Пасля – гэта проста справа тэхнікі».

Ігар Засімовіч з Мінска выводзіць «Формулу прасторы», якую інакш называе «Піруэт». Яна складаецца з трох камянёў — вертыкаль, гарызанталь, глыбіна — і нагадвае спіраль. «Я люблю простыя сімвалы, — гаворыць Ігар, — але простыя формы ствараць найцяжэй». Яго скульптура напрыканцы будзе апрацоўвацца агнём, каб узмацніць яе ды пазбавіць непатрэбнага налёту. Ігар таксама прыслухоўваецца да свайго каменя, каб зразумець, як яго часаць. Ён асцерагаецца лішні раз прыкладаць да каменя інструмент. Гэтым, на яго думку, беларусы адрозніваюцца, напрыклад, ад літоўцаў. У Літве валуноў значна больш нават на палях, у Беларусі ж іх дабываюць з кар’ераў. Таму літоўцы не бачаць у валунах твор прыроды і могуць адпілаваць палову каменя, каб выразаць тое, што запланавалі. Беларусы ж захавалі трапяткое стаўленне да валуноў, таму імкнуцца дапамагчы каменю стаць тым, што з яго найбольш верагодна можа атрымацца.

На невялічкім астраўку, абсыпаным валунамі, майстры штодня працуюць з ранку да вечара. На творчым месцы ёсць бочка з вадой, якой мыюць рукі або паліваюць скульптуры, ды ўсё неабходнае, каб запарыць каву ці гарбату. Над скульптурамі стаяць паўадчыненыя навесы на выпадак дажджу. Экіпіроўка аберагае ўсе органы пачуццяў майстра – роба, пальчаткі, маска на твары ды акуляры закрываюць цела ад пылу і кавалкаў, што адлятаюць ад каменя, а навушнікі абараняюць слых ад невыносна моцнага гуку пры пілаванні.

На пленэры важна цесна супрацоўнічаць, размаўляць адзін з адным, дзяліцца досведам, вучыцца адзін у аднаго. Гэтым ён адрозніваецца ад адасобленай працы скульптара па замове. Акрамя таго, замовіць скульптуру з каменя на сённяшні дзень дорага, а працы з пленэру абыходзяцца гораду значна танней. «Цяпер пайшла мода на пленэры», — гавораць майстры. Месяц таму скончыўся пленэр скульптараў па камені ў Смаргоні.

«Падчас пленэру мітусня горада адыходзіць, думкі становяцца чысцей», — дзеліцца сваімі перажываннямі Уладзімір Піпін. Некаторыя скульптары выехалі з дому на цэлы месяц, іншыя час ад часу наведваюць родных.

На гэты раз пленэр прадстаўлены толькі мужчынамі, але зазвычай прысутнічаюць яшчэ адна-дзве жанчыны. З’яўленне электрычнага інструманту палегчыла для іх гэты фізычна цяжкі від выяўленчага мастацтва.

А вось у нашым горадзе ён праходзіць ў другі раз, першы ладзіўся ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.

Гэта цікава!

Усе скульптуры на пленэры робяцца з палявога граніта. Як тлумачаць майстры, на такія вырабы можна даваць гарантыю на 500 год — мацней за гэты камень толькі метал.

Дарэчы, падчас працы бела-шэрыя скульптуры, калі іх паліць вадой і змыць пыл, набываюць уласныя колеры — глыбока-чырвоны, цёмна-шэры, малочны, колер чарназёму ды іншыя, якім цяжка падабраць адпаведнае апісанне.

Сёння скульптары па камені знаходзяцца на стадыі знікнення. Губляецца паслядоўнасць адукацыі ды занікае беларуская школа скульптараў.