У ГрДУ упершыню адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

Студэнты чыталі вершы і спявалі «Малітву». Літаратурна-музыкальны вечар, прысвечаны дню роднай мовы, прайшоў ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы ў панядзелак, 21 лютага.

«У такім маштабе гэты дзень святкуецца ўпершыню, — адзначыла дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская. — Спадзяюся, што 21 лютага стане традыцыйным днем для нашага ўніверсітэта».
У арганізацыі мерапрыемства ўдзельнічалі ўсе кафедры філалагічнага факультэта: і беларуская, і руская, і польская. Спачатку са сцэны актавай залы гучалі песні на роднай беларускай мове. Да філолагаў далучыліся студэнткі факультэта мастацтва і дызайна, якія выканалі «Месяц дагарае» і «Беларускiя калядкi». А потым гучалі вершы, вядомыя кожнаму з дзяцінства: «Роднае слова» Д. Бiчэль-Загнетавай, «Трэба дома бываць часцей» Р.Барадулiна…
Пазней студэнты рускай філалогіі расказалі гісторыю ўзнікнення русскай мовы і прачыталі вершы вядомых паэтаў. Госці і ўдзельнікі вечара маглі пачуць і польскую мову. Праўда, выконваліся творы, якія былі напісаны беларускімі паэтамі. Завяршыла святочны канцэрт песня знакамітага беларускага песняра Ўладзіміра Мулявіна «Малітва».