Як кахалі ў Гродна чатыры стагоддзі таму

Нашых жанчын лічылі самымі легкадумнымi ў ЕўропеКаралі Рэчы Паспалітай вобразам свайго жыцця маглі даць фору любому сучаснаму Казанове.

Самым разбэшчаным быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Столькі не пляткарылі пра ніводнага дзяржаўнага дзеяча таго часу. Кароль любіў усё французскае: ідэі Русо і Вальтэра, жаночую эмансіпацыю і адукацыю. Нормы маралі і рэлігіі адышлі на другі план, расказвала кандыдат гістарычных навук, знаўца гісторыі беларускай сям’і і шлюба  Наталля Сліж.
– У Гродна адбываліся шыкоўныя балі, на якія з’язджаўся ўвесь бамонд. Горад стаў некаранаванай сталіцай, тут можна было добра адпачыць і мець файныя прыгоды. Брат Станіслава Казімір, да прыкладу, вазіў з сабой мясцовую актрыску ў касцюме Евы, – распавядае Наталля Сліж.
Ян Ахоцкі пакінуў нататкі пра тое, як ён трапіў на такі баль і як выглядалі там жанчыны. Ён пісаў: «Франя была апранута не толькі па модзе, але занадта. Ногі былі басыя, пакрытыя пярсцёнкамі з каштоўнымі камянямі.  На ёй не было сарочкі, толькі сукенка з лёгкай матэрыі з доўгім шлейфам, паднятым гiрляндай з правага боку да калена. Грудзі былі поўнасцю аголены і нават нічым не прыкрыты. Калі я здзівіўся такому касцюму, яна ўстала, павярнулася і дала магчымасць яшчэ лепей разгледзець. Яна выглядала вельмі добра ў гэтым касцюме. Рэдка прырода адорвала жанчын так, як яе. Стаўшы яшчэ прыгажэй, яна згубіла прывабнасць нявіннасці і сарамлівасці».
Кароль Уладзіслаў IV Ваза таксама вельмі любіў гарадзенак. Яму падабаліся гладкія дочкі нейкай Саламонавай. Спачатку ён кахаўся са старэйшай. Калі тая выходзіла замуж за нейкага ліцвіна, атрымала ў пасаг маёнтак ад караля. Пасля ён меў стасункі з другой дачкой. Яна таксама атрымала каралеўскі пасаг. Быць каханкай манарха было тады даволі прыбытковай справай.
Самым рамантычным з усіх каралёў быў Жыгімонт Аўгуст. Ён кахаў Барбару Радзівіл так моцна, што, нягледзячы на ўсе сацыяльныя забароны, таемна ажаніўся з ёй. Калі жанчына памірала ад смяротнай хваробы, яе цела мела такі смрод, што ў пакоі немагчыма было знаходзіцца. Толькі кароль не адыходзіў ад ложка.
Не адставалі ад каралей і гетманы. Да прыкладу, Канстанцін Астрожскі быў настолькі адданы працы, што ажаніўся толькі ў 50 год. Узрост не перашкодзіў гетману стаць бацькам ў 65 год!
–  Зараз пад словам «каханне» мы разумеем пачуццё. Але ў XVII стагоддзі каханне называлася міласцю, – падкрэслівае Наталля Сліж.