Як падарыць сябру, сяброўцы, каханаму, каханай, начальніку, блізкаму чалавеку (непатрэбнае выкрэсліць) правільны падарунак

Прысвячаецца дням Сьвятога Валенціна, Абаронцаў Айчыны, Восьмага Сакавіка і гэтак далей…

Фото: ixbt.com

— Што мы Васі падарыма на дзень народзінаў?

— А давайце кнігу!

— Не! Кніга ў яго ўжо ёсць! (папулярны кароткі анекдот)

— А у нас сосед соседке на восьмое марта подарил трусики, бюстгальтер и ночную сорочку!

— Да брось ты!

— Хошь брось… хошь подыми! (папулярны кароткі анекдот)

— А давайце мы яму падарыма… залаты унітаз! Чаму? Нашто? Каб несці было цяжка… і кінуць шкада! (папулярны кароткі анекдот)

Аднаму майму знаёмаму, вядомаму тэатральнаму рэжысёру, праўда, на жаль, ужо нябожчыку, падчас юбілейнага вечара на 60 год госці панадорвалі цэлы стос падарункаў.І калі мы з ім знеслі ўсё гэтае багацьце ў ягоны службовы кабінет і палажылі на пісьмовы стол, то аказалася, што большасць падарункаў складалі іконы, сьвятыя абразы, Бібліі і Новыя Запаветы.

На што я не ўстрымаўся і адрэагаваў: «Ну, Барыс Іванавіч, вам як паўднёваамерыканскаму індзейцу падчас хрышчэння , панадавалі і да малітвы, і да чытання, і да аглядання»…

Той ў адказ толькі хмыкнуў…

Вядома, што кожны адукаваны і жыўшы жыццё чалавек абавязкова мае ў хаце, альбо ён веруючы, альбо ён атэіст, і пару абразоў, і абавязкова Новы Запавет. Ці будзе ён часта браць яго ў рукі — таксама пытанне , але мець будзе.

Гэта да таго, што апошнім часам пайшла нейкая незразумелая мода на абдорванне імянінніка абразамі, іконамі, малітоўнікамі і іншымі, так бы мовіць, сакральнымі прадметамі, быццам бы ў яго гэтага ніколі не было.

Таму кватэры некаторых маіх сяброў, а часам нават іх працоўныя кабінеты нагадваюць нешта сярэдняе паміж «ленинской комнатой» і Казанскім саборам.

Там дыпломы аб удзелах у семінарах, сэртыфікаты,чырвоныя вымпелы, ганаровыя граматы і падзякі ад раённых і абласных уладаў перамяшаліся на сценах з Мікалаямі- угоднікамі, Панцелеймонамі-цаліцелямі , Іаанамі Кранштадскімі і Матрунамі Маскоўскімі…

Побач цікаюць і рознагалоса бомкаюць  шматлікія гадзіннікі на батарэйках, упрыгожыныя меднымі ці латуннымі таблічкамі з абавязковаю гравіроўкаю : «Дорогому такому-то от коллектива в честь такой-то даты».

Памяць нашая, як не дзіўна, трымае напагатове толькі вельмі патрэбныя моманты, неабходныя веды, імёны і прозвішчы. Усё астатняе,  мала- і неактуальнае, яна хавае як найдалей і найглыбей, а калі гэтае неактуальнае спатрэбліваецца, яно само сабою неяк усплывае…

А што чалавеку рабіць з цэлымі тонамі падарункаў, куды іх схаваць, у якія каморкі на якія паліцы палажыць, на якія сцены павесіць, калі сценаў усяго чатыры.

Таму існуюць вельмі простыя рацэпты падарункаў на шматлікія святочна-выходныя дні!

Маладым дзяўчатам: розную срэбрна-мельхіёравую драбязу-завушнічкі, бранзалетачкі, кулончыкі, туалетныя воды ад пачынаючых, але раскручаных брэндаў. Можна прапанаваць культпаход у які новы бар ці піцэрыю. Наступствы бываюць розныя… нават жанячка…

Жанчынам кветкі (ад прыгожага букета ружаў толькі вар’ятка адмовіцца, такую замуж ніхто не браў і не возьме, бо нельга!), парфумы (пажадана класічныя маркі — Dior, Boss, Bvlgari, Coty) бельгійскі шакалад, італьянскі вермут, бо яны таго заслугоўваюць!

Мужчынам: шкарпеткі, кашулі, бялізну (хоць яны, атрымоўваючы гэта, крывяцца і стогнуць, але самі сабе ніколі не здагадаюцца прыдбаць), і класічныя адэкалоны — «Рускі лес», «Шыпр», «Красная Масква», калі знойдзеце!

Начальству можна нічога не дарыць! Бо дрэнны той начальнік, каторы чагосьці не мае!

Хірургам — віскі! Бо дрэнны той хірург, які сам сабе бегае ў краму па віскі, гавораць у народзе!

З надыходзячымі!!!