Четверг, 18 июля
  • Погода в Гродно
  • 12
  • EUR2,2787
  • USD2,0341
  • RUB (100)3,2311
TOP

…порахам прапах…Віктар Шалкевіч пра Дзень Перамогі

Наколькі я памятаю, Дзень Перамогі сьвяточным днём быў не заўсёды…

У шасьцідзесятыя гады па вуліцах майго мястэчка Поразава хадзіла (альбо швэндалася — як каму падабаецца) значная колькасць адметных людзей, не заўсёды цьвярозых і добра апранутых.

Мы, малыя, убачыўшы такога незвычайнага госьця, заўсёды зьбіраліся купкай каля яго і глядзелі, што ён будзе чаўпсці. Аднаго такога я памятаю дагэтуль, ён меў страшэнна скалечаны твар, дакладней, палову твару, апрануты быў у зацёганую марынарку, такія ж ганавіцы, упраўленыя ў боты, але на марынарцы, з правага боку, акуратна прышпіленыя ў рад, блішчэлі самыя сапраўдныя ардэны і медалі.

Чалавек той, добра падпіты, плёў абы што, расшпільваў і зашпільваў гузікі, калываўся на нагах, падаў, уставаў, зноў падаў, зноў уставаў, лаяўся з некім невідочным ворагам, час ад часу ганяўся за намі, і мы, страшэнна перапалоханыя, разбягаліся па хатах. Што з ім сталася, які яго далейшы лёс, я не ведаю. Ён быў-быў, хадзіў па вуліцах і прапаў…

Другі ветэран ездзіў на інвалідскім вазку: не было ног па калені. Ён, чамусьці, не любіў, калі хто сьвішча, і лаяў і гнаў сьвістуна неміласэрдна, таму жорсткія і бэзсардэчныя падшыванцы выбіралі іншую тактыку: яны хаваліся за рагом крамы альбо хаты і пачыналі адтуль сьвістаць, адчаго той інвалід у калясцы круціў колы то ўзад то уперад, стараючыся ўбачыць, дзе хаваецца крыўдзіцель…

Трэці не меў рукі…Чацьвёрты — нагі… Яшчэ нехта хадзіў без вока…

Іх было вельмі многа, неабстраляных тутэйшых хлапчукоў, забраных у войска і трапіўшых у самае пекла ці пад Варшавай, ці пад Познанем, ці пад Берлінам. Іх сябры ці аднавяскоўцы засталіся ляжаць у брацкіх магілах, а гэтым пашанцавала — яны вярнуліся!

Скалечаныя, але жывыя…

Ніякіх асаблівых ільготаў ці прэферэнцыяў яны не мелі, мне так здаецца. Іх многа тады было, вельмі многа… Дзе ж на ўсіх набярэшся ільготаў?

Брацкая салдацкая магіла знаходзіцца ў цэнтры Поразава на скрыжаванні галоўных вуліц. Стаіць на ёй тыповы помнік, такіх помнікаў нават па вобласці можна знайсці некалькі.

Раней на месцы магілы знаходзіліся хрысціянскія і жыдоўскія хаты, якія згарэлі ў вайну. Хто вырашыў зрабіць могільнік пасярэдзіне мястэчка, невядома. Але зрабілі…

Паабапал брацкай магілы раслі здаўна велізарныя старыя бярозы, на якіх вілі гнёзды і актыўна пладзіліся і множыліся чорныя вароны. Дзе вароны — там смурод, там бруд, там усё!

І таму нашыя паразоўскія пажарнікі напярэдадні Дня Перамогі змывалі вароніны гнёзды вадою са шлангаў… Вэрхал стаяў неміласэрдны, вароны-бацькі адчайна і галосна крычалі, лётаючы ўгары. На ходніку валяліся малыя голыя здохлыя вараняты, пабітыя яйкі…

На пару дзён усё заціхала, а менавіта гэты эфект і быў патрэбны, але праз тыдзень вароны з падвойнаю сілаю пачыналі нанова будаваць новыя гнёзды, выводзіць вароніных дзяцей. І так штогод! Потым нехта здагадаўся і даў загад спілаваць бярозы! І скончылася эпапея з варонамі назаўсёды!

Зьбіралія на дзень Дзевятага Мая перад помнікам мясцовыя ўлады: старшыня пасялковага Савета, нейкія партыйныя дзеячы, прыяжджаў хтосьці важны з раённага камітэту партыі, прыходзілі сьвяточна апранутыя ветэраны з баявымі узнагародамі, бо- юбілейных тады яшчэ не было, падыходзілі местачкоўцы.

Нехта гаварыў, нехта рэцытаваў вершы, абавязкова зачытваўся сьпіс загінуўшых, імя, прозьвішча, год народзінаў. Потым несьліся  кветкі, абавязкова жывыя, а таксама  самаробныя вянкі…Час ад часу запрашаўся духавы аркестр, які граў «Славянку» ці яшчэ нешта, стасоўнае да сітуацыі.

Не было моды тады на штучныя пластыкавыя вянкі. Зьбіваўся на прадпрыемстве драўляны трохкутнік, на якім замацоўваліся яловыя лапы і папяровыя кветкі. Вось і усё. Такі вянок праз пару тыдняў можна было спаліць у качагарцы, не забруджваючы паветра.

Людзі разыходзіліся пасьля мітынгу хто куды: тыя дахаты, тыя ў «Чайную».

Не было тады сьвята пафасным, прапагандысцкім ці ура-патрыятычным. Сьвята хутчэй гучала мінорна і сумна.

Вайна дваццаць год таму як скончылася, але людзі яшчэ памяталі, ЯКОЮ яна была і ШТО тады нарабілася…

І КОЛЬКІ гэта каму каштавала. Аднаму — палову твару, другому — рукі, трэцяму — нагі, чацьвёртаму — вока.

Дык добра, што жывыя вярнуліся! А колькі не….

Самое читаемое

Разное