Четверг, 22 октября
  • Погода в Гродно
  • 12
  • EUR3,0216
  • USD2,5466
  • RUB (100)3,3052
TOP

«Кропка гэта маўчанне»: незвычайная выстава формы, лініі і колера адкрылася ў Гродне

Таямніца кропкі, рух колераў і велічыня формаў – сумесная выстава трох гарадзенскіх фатографаў «Форма. Лінія. Колер» адчынілася ў «Цэнтры гарадскога жыцця» 16 чэрвеня.

На фатаграфіях – штодзённыя прадметы, з’явы, людзі навокал. Аўтары сумеснай экспазіцыі – Аляксандр Саенка, Ілля Гелей і Яўген Новак. Яны прадставілі каля 50 працаў, але ніводная з іх не падпісаная. Так фатографы хацелі падкрэсліць не сваю асобу, а канцэпцыю праекта:

«…Кропка – гэта маўчанне. А маўчанне – нішто. І для таго, каб разбурыць цішыню, мы ад кропкі праводзім лінію, якая з’яўляецца злучным звяном паміж светам пустэчы і светам форм. Форма гэта не нешта абстрактнае, яна мае сваю прадметнасць. Але без колеру ў лініі і формы няма душы, а сам колер – гэта безаблічны эмацыйны сігнал…».

Аляксандр Саенка бачыць часткі экспазіцыі ў выглядзе трох вобразаў:
— Каляровая сцяна як сузор’е, якое рухаецца наверх ад цёмнага да светлага. Вось кропка ўнізе. «Кропка ёсць маўчанне». Чорна-белая сцяна болей статычная, як нашае жыццё, маркотнае, але з амплітудамі. Пачынаецца ад светлага, пасля цёмнае, светлае, потым зноў цёмнае. Трэцяя зала — супрэматызм: квадрат, кола, трохвугольнік. Гэта формы, якія нас найбольш захапляюць. Хацелася, каб выстава глядзелася як суцэльны прадукт, паведамленне, выказванне.

— Падобнай выставы па фармаце, складзе аўтараў, выбары працаў у Гродне не было даўно, — прыгадвае Ілля Гелей. — Па стылістыцы не зразумела чые працы. За аснову бралі канцэпцыю супрыматызма. Тут няма нічога геніяльнага. Гэта проста кавалкі з нашай рэальнасці, якія выклікаюць у кожнага гледача свае эмоцыі. Мастацтва не мусіць быць складаным.

— Мы сабралі тут простыя рэчы, якія навокал нас. Скампанавалі іх з дапамогай лініі, формы, колеру ў цэласную выставу, каб паказаць вобраз, які нас акружае ў паўсядзённым свеце, — падзяліўся сваім бачаннем Яўген Новак.

Экспазіцыя прадстаўленая ў трох прасторах: адна сцяна паказвае лінію з чорна-белых здымкаў, другая – феерверк каляровых фотакартак, што рухаецца ад цемры да святла. Трэцяя прастора створаная вялізнымі формамі кола, квадрата і трохвугольніка ў стылі супрыматызма. Кажуць, падобнай экспазіцыі ў Гродне не было ўжо даўно.

Убачыць выставу можна да 30 чэрвеня.

Самое читаемое