На паэтычнай вечарыне манах зайграў паланэз Агінскага (+відэа)

Паэт Зніч зайграў паланэз Агінскага, а паэтка Данута Бічэль узгадала сустрэчы дзесцігоддзі таму. Вечар духоўнай музыкі і паэзіі традыцыйна зладзілі ў межах фестывалю «Каложскі благавест» пры Свята-Пакроўскім саборы.

На вечарыне ў аўторак, 7 лютага, пачаткоўцы сустрэліся з вядомымі паэтамі. Упершыню творы аўтараў сабралі ў зборнік «Каложскі благавест».

— Я сёння, як святая Марфа, якая рыхтавала-рыхтавала гэтую сустрэчу, а калі прыйшоў час распачынаць, не ведаю, што сказаць на ўступ, — распачаў вечар айцец Павел Каспяровіч. — Мы кожны раз прыдумваем новы фармат. Некалі выступалі толькі знакамітыя гарадзенскія аўтары, потым маладыя разам з вядомымі. Сёлета ўсе выканаўцы змясцілі свае творы ў зборніку.

Рэдактар зборніка Анатоль Брусевіч распавёў, што розныя творы так аб’яднаў, каб яны чыталіся на адным дыханні:

— Часам змяняў крышку творы. Калі аўтары ўбачылі адно-два не сваіх словы, прашу не крыўдаваць. Пад гэтай вокладкай мы сустрэліся.

Першымі выйшлі на сцэну студэнткі 4 курса філалагічнага факультэта ўніверсітэта Янкі Купалы Вікторыя Смолка і Аліна Паўлоўская.

— Лепш не пісаць, чым пісаць, — паўтарыла словы Анатоля Брусевіча маладая паэтка Вольга Гапонава. — Цяпер няма пытання, што пісаць, бо ўсё ўжо напісана. Засталося пытанне, як пісаць.

І з яе вуснаў забруіліся, бы вадаспад, вершаваныя радкі, што насцігалі адзін аднаго, спяшаючыся, ствараючы напружаны рытм.

Выступіў вядомы паэт сталага пакалення Юрка Голуб, чытаючы вершы «з розных кішэняў».

Данута Бічэль узгадала пра свае сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам і Пятрусём Броўкам, пра візіт да Францішка Скарыны ў Полацк і прачытала вершы, ім прысвечаныя. Данута Янаўна шпацыравала з аўтарам рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» па нашым старым горадзе, паказвала замкі і Каложу:

— Я памятаю цяпер кожную дэталь з тых сустрэчаў з Уладзімірам, — кажа паэтка.


Гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў заспяваў дзве песні на словы Дануты Бічэль:

— Адзін пры ўсім небакраі, каменне ў жменя збіраю. Апроч неба нічога не маю.

Па традыцыі завяршаў вечар бард з Гомеля Андрэй Мельнікаў. Стаўшы па-вайсковаму, чэканіў ён словы песні «Гэта мы»:

І хаця не відаць — куды,
І надзея — ні на каго,
Ты паслухай: звіняць званы.
Гэта з намі гаворыць Бог.

Нечакана напрыканцы вечара інак Іаан Бембель, вядомы як паэт Зніч з Жыровіцкага манастыра, не толькі прачытаў свае вершы, але і па просьбе прысутных зайграў на піяніна паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай».