Ёсць «чаво пасматрэць»: працяг падарожжа па Канадзе

Частка другая А Дзімы няма — Дзіма спазняецца! Дзіма Эльяшэвіч — гэта мой вельмі стары знаёмы, на сёння — старшыня Згуртавання беларусаў Канады. Ведаем мы адзін аднаго яшчэ з канца васьмідзесятых гадоў, з клубу «Паходня», з сумесных паездак на «Басовішча» пад Грудак на Беласточчыну…

Частка другая

А Дзімы няма — Дзіма спазняецца! Дзіма Эльяшэвіч — гэта мой вельмі стары знаёмы, на сёння — старшыня Згуртавання беларусаў Канады. Ведаем мы адзін аднаго яшчэ з канца васьмідзесятых гадоў, з клубу «Паходня», з сумесных паездак на «Басовішча» пад Грудак на Беласточчыну…

Хутчэй за ўсё, ён стаіць у корку на нейкай таронцкай вуліцы, ці з працы не адпусцілі… Кожная хвіліна чакання доўжыцца як гадзіна, стукае напружана сэрца, і што другі грамадзянін, які ўваходзіць у фае аэрапорта, прымаецца памылкова за Дзіму… Вось увайшоў чалавеча сярэдніх гадоў у кашульцы з вельмі знаёмым арнаментам, але гэта не Дзіма… і гэта не ён… і гэта не ён…

Дзіма з’яўляецца абсалютна нечакана, але не заўважыць яго нельга — ён проста высокі, высакушчы, высачэзны, такі Гулівер сярод дробненькіх індаканадскіх ліліпутаў, што праходжваюцца ўзад-уперад побач са мною…

Кідаем рэчы ў ягоную таксама немалую «Таёту» і едзем… Дом на вуліцы Joseph Aaron blvd, якую я потым пераіменаваў на вуліцу Ёсіфа Арановіча (так болей па-свойску), зробіцца маім прыстанішчам на два тыдні.

Дзімітры і Таццяна Эльяшэвічы напачатку дзевяностых вырашылі перасяліцца ў Канаду з прычынаў эканамічных.Тады ў іх ужо мелася тройка малых хлопцаў. Напачатку было ў Канадзе вельмі цяжка, вельмі. Праблемаў хапала і з жыллём, і з работаю, але паволі яны дайшлі-такі да свайго, атрымалі адпаведную адукацыю, займелі проста шыкоўную хату, уладкаваліся на працу. Дзіма працуе цэлым дырэктарам дабрачыннай арганізацыі пры англіканскай царкве святога Андрэя, а Таццяна займаецца выхаваннем малых канадскіх падшыванцаў у школе. Нават свайго старэйшага сына, Рустэма, яны паспелі ажаніць, а вяселле адбылося не дзе-небудзь у кафэ другой нацэначнай катэгорыі пад Старым мастом, а ў Дамінікане, на беразе Карыбскага мора! Вось так вось, ведай нашых гарадзенскіх!

Дарэчы, пра іх хату. У такіх, як іхняя, у нашай краіне жывуць бізнесмены сярэдняй і вышэйшай рукі, а у Канадзе на гэта сабе дазваляе сціплы настаўніцка-дырэктарскі тандэм. У доме прасторны падвал, basement па-ангельску, дзе ў разе патрэбы спакойна змясцяцца дваццаць пяць беларускіх нелегалаў-будаўнікоў, вышэй — партэр і паверх, а за домам — кавалачак зямлі, backyard, так званы надворачак, дзе можна пасмажыць мяса на грылі, пасядзець і папіць піва, пагаварыць з сябрамі, сустрэць узыход сонца і спаткацца з прадстаўнікамі жывёльнага свету!

Ну добра там — вавёрак, што скачуць па галінах, я бачыў сто разоў у розных вялікіх і малых гарадах, але калі ўвечары па плоце ціхенька шпацыруюць ўзад-уперад два яноты (іх у Канадзе называюць ракуны)! Можаце мне паверыць: калі я першы раз іх убачыў, я спалохаўся, як малое дзіця, я падумаў, што гэта сабакі! Але чаму сабакі ўначы і па плоце?

Эльяшэвічы доўга смяяліся, а потым прачыталі мне ўваходную лекцыю па фаўне і папярэдзілі, што сюрпрызы толькі пачынаюцца і наш надворачак будуць наведваць не адныя ракуны, але і сям’я скунсаў, што прапісалася пад хлявом у суседа, і бурундучкі, магчыма, чорныя мядзведзі… Словам, каму захочацца, той і наведае… Так яно потым і сталася. Прыходзілі да нас і скунсы ў адведкі: спярша з’яўляўся пах, а потым — і яны, мама з дзіцём, а мы іх нават падкормлівалі…

Наша гарэлка п’ецца за мяжой вельмі някепска — ёсць у нас у краіне колькісь сартоў, каторыя не сорамна прывесьці ў падарунак сябрам. Але што тычыцца канадскага алкаголю, здаецца, на свеце лепшага няма, асабліва віскі! А  спецыяльныя крамы LCBO, дзе выключна прадаюцца толькі піва і сярэдне- і высокаадсоткавыя напоі, па разнастайнасці асартыменту і выдатным унутраным аздабленні хутчэй прыпамінаюць салоны ювелірных вырабаў: там так вельмі ўтульна і прыгожа, што не хочацца выходзіць з пустымі рукамі. Дык і не выходзілася!

Добрыя і мілыя Эльяшэвічы прыклалі ўсе намаганні, каб я за гэтыя два тыдні  ўбачыў усё значнае і годнае ўвагі…

Не верце ніколі прапагандыстам хатняга хову, якія, далей калгаснага гумна нідзе бота гумовага не паставіўшы, і нідзе не быўшы, а калі быўшы, то абсалютна выпадкова, слінапырскліва сцвярджаюць, што ў Новым Свеце «нечаво пасматрэць!»

Няпраўда! Есць «чаво пасматрэць»!

Новы Свет — гэта выдатная ілюстрацыя таго, як людскі геній, пазбыўшыся непатрэбных расавых і ідэалагічных путаў, выдае з сябе ўсё, на што ён толькі здольны!

Найперш мы выбраліся ўсёй сям’ёй, з гаспадарамі і іх дзецьмі, Данілам і Антонам, у цэнтр Таронта, на адну з самых высокіх вежаў ва ўсім свеце — СN Tower!

Страшна і адначасова неяк велічна на душы робіцца, калі ўз’едзеш хуткасным ліфтам на самую гару, а потым глядзіш з яе на здрабнелы навакольны пейзаж, на суседнія небаскробікі, на самалёцікі ля возера. А колькі народу разнастайнага круціцца вакол цябе: і такія, і другія, і іншыя, і белыя, і жоўтыя, і раскосыя. І апранутыя па модзе дзевятнаццатага стагоддзя ў чапцы ды доўгія спадніцы дзяўчаты-менаніткі. І кожны пстрыкае апаратам альбо смартфонам, і ўсе задаволеныя, шчаслівыя, безклапотныя, смяюцца і размаўляюць на розных сваіх мовах!

Нібы простыя матэрыялы — шкло, бетон і арматура, а паспрабуй з іх такую вежу збудуй!

І каб была відна, высокая і прыгожая, з усіх амаль куткоў Таронта!

Пастаялі каля Залы хакейнай славы, паабедалі ў французскім рэстаранчыку — і шпарчэй да акеанарыя!

Акеанарый таронцкі напэўна ні з чым нельга параўнаць — толькі з сапраўдным акіянам, бо там столькі ўсяго плывае і поўзае — і акулы, і скаты, і чарапахі, і рознакаляровыя рыбіны ўсіх памераў і колераў, і каралы. Плывае і зверху, і знізу, і збоку. Малады хлапец, апрануты ў гідракасцюм, корміць у басейне малых скатаў, а скаты бяруць ежу з рукі нібы каты ды яшчэ і б’юцца за яе!

Утраіх з Таняю і Дзімам наглядзеліся ўволю на Ніагарскі вадаспад, які з канадскага боку значна прыгажэйшы, як сцвярджаюць сведкі, чым з амерыканскага, нарабілі здымкаў.

Таня нават захацела, каб мы з ёй, зачапіўшы вяроўкі, праехаліся па-над вадаспадам з мэтаю падвышэння адрэналіну ў крыві, на што я катэгарычна адказаў  «Не!»

Тады Таня сказала: «Ах так! Тады адпусціце мяне пагуляць у казіно, а самі ідзіце куды хочаце».

«Добра! — адказалі мы. — Мы пойдзем на экскурсію ў LCBO, а вернемся —  дык зойдзем за табою!»

Таццяна пайшла да сваіх аўтаматаў, а мы, мужчынская частка, вырушылі ў накірунку гэтае сымпатычнае крамы, каб было з чым пасядзець увечары…

І вось мы ўжо вярнуліся і, закінуўшы закупы ў багажнік «Таёты», ходзім па вялікай зале казіно і шукаем нашу спадарожніцу.

Ясна, што не крыкам крычым, а ўважліва ўглядаемся ў кожную жаночую постаць, седзячую пры аўтамаце…

Працяг будзе