Аграсядзібы вяртаюцца да каранёў: як святкавалі Юр’ю ў Азёрах

Аграсядзібы Гарадзеншчыны пачалі аднаўляць народныя традыцыі. Як адзначаць вясенняе свята Юр’ю, сёлета расказвалі і паказвалі ў пасёлку Азёры.

Пакуль адныя сядзібы прапаноўваюць стандартны пакет з пражываннем і харчаваннем гасцей, іншыя імкнуцца заахвоціць турыстаў заглыбленнем у спецыфіку беларускай вёскі. Намеснік дырэктара турыстычнай фірмы «Мерцана» Ганна Шарэнда ўпэўненая, што варта вяртацца да народных традыцый і дзяліцца імі з наведвальнікамі, інакш спажыўцу застанецца толькі «шкварка ды чарка».

Зацікаўленыя ў развіцці аграэкатурызму стварылі з гэтай мэтай «Школу этна-экалагічных свят». Яна адукоўвае ўласнікаў аграсядзібаў Гарадзеншчыны адносна нацыянальных традыцый, абрадаў, святаў. Сёлета «Школа» дзеліцца ведамі па адзначэнні святаў напрацягу года — Калядаў, Юр’і, Купалля, Яблычнага спасу, дажынак, Багача, Дзядоў. Кожны раз гасцей прымае іншы маёнтак.

На чарговы воркшоп і семінар па святкаванні Юр’і ўласнікі сядзібаў сабраліся ў Азёрах ў сядзібе «На возеры». Удзельнікі мелі шанс даведацца пра гісторыю і сэнс гэтага свята.

Ганна Шарэнда распавяла, што Юр’ю святкуюць 6 мая. Як кожнае народнае свята, Юр’я мае паганскія і хрысціянскія карані. У гэтыя дні сонца паварочвала да лета, таму нашыя продкі пакланяліся богу Сонца. А пасля прыняцця хрысціянства на беларускіх землях свята сонца спалучылі з успамінам святога Геогрія Пераможцы, які памёр 6 мая. У гэты дзень упершыню выпускалі на пашу жывёлу. Гаспадар шчодра адорваў сваіх пастухоў, а ўсе вяскоўцы збіраліся, каб танцамі, спевамі ды застоллем адсвяткаваць Юр’ю.

Метадыст па фальклору і этнаграфіі Гродзенскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Гарчычка адзначыла, што святкаванне Юр’і было больш ўласціва праваслаўным. А паколькі ў Гродзенскай вобласці значная доля каталікоў, то і традыцыі святкавання амаль зніклі. Найлепш яны захаваліся на ўсходзе Беларусі, у Гомельскай вобласці.

Веды аб гісторыі свята дапамаглі замацаваць на практыцы артысты з аматарскага фальклёрнага аб’яднання «Жывіца» Квасоўскага дома культуры і вольнага часу. Яны заспявалі традыцыйныя для Юр’і спевы ды патанчылі разам з бізнэсоўцамі ды журналістамі.

Даведка «ВГ»

Ініцыятыва «Школа этна-экалагічных свят» рэалізоўваецца ў межах Праекта USAID «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» Гарадзенскім абласным грамадскім аб’яднаннем «Сядзібы Гарадзеншчыны» супольна з турфірмай «Мерцана» і Грамадскай радай па развіццю аграэкатурызму ў Гродзенскай вобласці. Мэтай ініцыятывы з’яўляецца распаўсюджанне досведа па арганізацыі і правядзенню нацыянальных этна-экалагічных святаў сярод гаспадароў аграэкасядзібаў Гродзенскай вобласці. Па выніках ініцыятывы будуць выдадзеныя метадычныя рэамендацыі са сцэнарамі святаў, буклеты, лістоўкі, календары з інфармацыяй аб тэрмінах і традыцыях іх правядзення.