Форумныя войны ананімных герояў…

За шчыльнымі падвойнымі шклопакетамі, за фікусамі і кактусамі, занавешаныя фіранкамі і шторамі, сядзяць па хатах перад карэйскімі маніторамі з півам і гарэшкамі яны —невядомыя, ананімныя героі, сьмелыя ваяры, прынцыповыя Салаўі-Разбойнікі і зацятыя Адарві-галовы сусьветнага інтэрнэт-павуціння, надзейна схаваныя за псеўданімамі, паролямі і лагінамі...

За шчыльнымі падвойнымі шклопакетамі, за фікусамі і кактусамі, занавешаныя фіранкамі і шторамі, сядзяць па хатах перад карэйскімі маніторамі з півам і гарэшкамі яны —невядомыя, ананімныя героі, сьмелыя ваяры, прынцыповыя Салаўі-Разбойнікі і зацятыя Адарві-галовы сусьветнага інтэрнэт-павуціння, надзейна схаваныя за псеўданімамі, паролямі і лагінамі…

Пара ўдараў па патрэбных месцах на клавіатуры — і ты віртуальна перанесены, ты тут і ўжо не тут, ты гойсаеш «оттайгидобританскихморейповолнам», заходзіш у знаёмыя ці малазнаёмыя парты і гавані і пакідаеш па сабе след. Вось менавіта пра след і пойдзе размова…

Адзін рымскі жаўнер, выходзячы з гасцінных дзвярэй лупанарыя (публічнага дома) ў горадзе Пампеі, не ўтрымаўся і нашкрабаў на сцяне: «Флароній, салдат і падапечны Сёмага легіёну, тут быў! Мала жанчынаў пра гэта ведалі, а тыя, хто ведалі, усе прыбеглі!» І дзякуючы гэтаму напісу, Флароній назаўсёды застаўся ў гісторыі.

Нашыя часы — не выключэнне. І нашыя людзі — таксама! Кожны хоча, як жаўнер Флароній, праславіць сябе, увекавечыць і пакінуць па сабе след, а тым самым вырасці ва ўласных вачах!

Сярэдняе рукі турыст з Пінска вострым нажом выдрапвае на камлі стогадовай сасны ў Карпацкіх гарах «Здесь был Анатолий», салдаты пры сканчэнні «дэмбельскага акорду» чырвонымі цэгламі хітра і хуценька выкладаюць на белай сцяне будынка напіс «Даёшь дембель 2004», напіс затым беліцца, але пасля першага дажджу пабелка аблазіць- і усё відаць, цэглаў жа са сцяны не дастанеш! А верх насценнай творчасці — калісьці, у васьмідзесятых гадах ХХ стагоддзя нехта невядомы, вельмі нацыяналістычны і шавіністычны, пакінуў над унітазам ва «ўсцішным месцы» дыетычнай сталоўкі ў Мінску патрэсны надпіс: «Бі жыдоў, хахлоў, пшэкаў і маскалёў!» Вось вам і вырашэнне адным сказам нацыянальнага пытання, простая і канкрэтная, зразумелая шырокім колам праграма дзеянняў, нічога не скажаш!

Ды што там нашыя людзі, нават меншыя чалавека браты — сабакі, калі бегаюць па новай тэрыторыі, і то мецяць яе, звыкла падымаючы нагу пры кожным дрэве, бо няздольныя трымаць у лапах нож ці асадку…

У нашых герояў, што сядзяць пры камп’ютары, камфортнейшыя ўмовы, не трэба бегаць ад дрэва да дрэва, ехаць у Пампеі ці лазіць па гарах, цёгаць на будове раствор і цэглу, канспіравацца ў прыбіральні, спускаючы ваду з унітаза…

Ты ў хаце, перад табою манітор… А яшчэ калі ты адпакутаваў дзень на дзяржаўнай працы і табе дакучалі крывасосныя начальнікі, ці дрэнна выглядаюць асабістыя бізнэсовыя справы: тавар адгружаны тры месяцы таму, а грошы на рахунак не паступілі, ці цябе «пракінула» чарговая пассія, ці проста ты сам дурнаваценькі, дрэнны, паганы і невыхаваны чалавек з мільёнам комплексаў, то варта нейкім чынам напругу з душы зняць і паганасць праявіць…

Як?

Дастаткова проста зайсці ў Інтэрнэт на любую папулярную старонку і, убачыўшы мілую навіну, што дзве айчынныя сьпявачкі дабрачынна пару гадзінаў адпрацавалі ў «Макдональдсе», каментнуць гэтую справу так: «Падсцілкі безгалосыя, прадажныя шкуры, таленту ані на капейку, лепей бы яны туды не хадзілі, толькі піярацца, каровы безрогія!»

Галоўнае — пачаць!

Памеціўшы такім чынам адно дрэва, наш герой ужо не можа супакоіцца і пачынае, бы той сабака, апантана бегаць па бязьмежнай прасторы і адзначацца усюды: напалохае жанчыну-рэдактара мясцовага інтэрнэт-радыё: «Вычыслю і зарэжу!», выкажацца пра апазіцыйнага палітыка, што «толькі гранты, грантасос, сасёць, а пра бедны народ не дбае», пра ўладальніка вялікай інфармацыйнай сеткі — «дрыжыць, сука, за свой паганы бізнэс, пад усіх лёг, пазорышча», пра абсалютна бяскрыўднага паэта — «яму толькі б на туалетнай паперы друкавацца», пра прэм’ерную пастаноўку ў тэатры і пра рэжысёра… і так, грэбліва і негатыўна, пра ўсё і пра ўсіх! Часу вольнага дачорта, дзеці малыя хлеба не просяць, тарыфны план неабмежаваны, ано сідзі і страчы!

Таму сідзіць ён, і строчыць да позьняе гадзіны… Баяцца ці саромецца няма чаго — здаецца, ніхто не бачыць!

Здаецца…

І з пачуццём выкананага абавязку, вытрасшы ў Сеціва са сваёй нікчомнай душы ўвесь залежалы бруд і гной, і дапіўшы піва, ідзе сабе адважны ваяр ў люлю… Дзень не прапаў! А сняцца яму барыкады, лінія фронта, парашутны дэсант…

Гэта толькі дзеля прыхарошвання сваёго крывенькага, нібычалавечага твару нікаторыя ананімныя індывідуумы панапрыдумоўвалі сабе прыгожых акрэсленняў — блогеры, ЛайфЖурнал, форум… Павагаю патыхае ад гэтых замежных словаў. А сябе, маючы нейкую паталагічную цягу да пафаснага драматызму, індывідуумы абзываюць то Дабражылацелямі, то Грамадзянамі, то Голасам Сумлення, то Змагарамі, то Гаспадарамі з-пад Вільні, а то і Бог ведае кім!..

На самой справе сучаснае грамадства, на жаль, якім было дваццаць вякоў — ў асноўным дзікім, малавыхаваным і неадукаваным, пішучы на паперы слова «памідор» з трыма памылкамі, — такім і ўвайшло ў дваццаць першае стагоддзе, выстукваючы на клавішах гэтак жа гэтае слова ў Інтэрнэце. Наяўнасць планшэта ў руках яшчэ не азначае наяўнасці розуму ў галаве.

Мала хто засвойвае адну простую ісціну — язык у роце і пальцы на далонях дадзеныя чалавеку дзеля таго, каб хаваць свае брыдкія і прыкрыя думкі.

Думаеце, шаноўныя чытачы, што нікаторыя дурнаватыя ўсвядомяць гэта і, з цягам гадоў, паразумнеюць?

Ні халеры, з чаго яны павінныя паразумнець, суткамі седзячы пры камп’ютары?