Гісторыкі паказалі рарытэты, якія знайшлі на раскопках у Гродне

Археалагічныя рарытэты — шахматную ладдзю ХІІ ст., пахавальны залаты пярсцёнак з гранатам ХІІІ–ХІV стст. з Замкавай гары, фрагменты маёлікавай падлогі і звана Ніжняй царквы — выставілі ў Старым замку. Упершыню гарадзенцы могуць убачыць вынікі ўсіх археалагічных даследванняў ад 1930-х.

Як распавяла загадчык аддзела археалогіі гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч, на выставе «Гарадзенская Троя» яны хацелі прадставіць гісторыю усіх даследванняў Гродна, пачынаючы ад раскопак Юзафа Ядкоўскага — першага дырэктара музея. У 645 экспанатах адлюстравана гісторыя горада, пачынаючы з ХІІ стагоддзя.

Старажытная штодзённасць прадстаўлена праз адну з лепшых у Беларусі калекцый скуранога абутку, прылады працы шаўцоў, ганчарныя вырабы ХVІІ ст., начынні, фрагменты печы з гаршковай кафлі ХV стагоддзя, прадметы хрысціянскага культу, знаходкі вайсковага рыштунку і зброі, дзіцячыя цацкі, упрыгожванні.

Асноўная частка экспазіцыі захоўваецца ў фондах музея. Але прадметамі сваіх даследванняў падзяліўся і ўніверсітэт імя Янкі Купалы: экспанавалі манетны скарб ХVІ–ХVІІ стст., кафлю з Савецкай плошчы, рэшткі кафлянай печы з Савецкай вуліцы. У экспазіцыю таксама ўвайшлі фотаздымкі, планы раскопак, іншыя дакументы.

Выстава будзе адчыненая да мая.