Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры! Дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!
У святы Божага Нараджэння мы з глыбіні сэрцаў узносім Нябеснаму Айцу гімн радасці, удзячнасці і праслаўлення. Злучаючы свае галасы з хорамі анёльскіх войскаў, спяваем: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14).
Урачыста адзначаючы прыйсце Божага Сына ў свет, мы праслаўляем неспасціжны цуд Божай любові: такой вялікай, бязмежнай і безумоўнай любоўю Бог палюбіў кожнага чалавека, што ў Асобе Езуса Хрыста стаў Эмануэлем — Богам з намі — і пасяліўся сярод людзей. Ён увайшоў у штодзённасць нашага жыцця, каб былі ўпэўнены, што ў кожнай сітуацыі, у кожным досведзе, з якімі можам сутыкнуцца, Пан Езус з намі, ніколі не пакіне, заўсёды ёсць і будзе на нашым баку.
Ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне, што ён любімы — прычым любімы самім Богам? Ці існуе якаясьці сіла, якая магла б яго аддзяліць ад бясконцай Божай любові? Чым больш мы адкрываем сэрцы на гэтую любоў, чым больш дазваляем ёй даваць належны кірунак сваім думкам, словам і ўчынкам, тым больш адчуваем у сабе бласлаўленне міру.
Святы Айцец Леў XIV адразу пасля абрання на Апостальскі Пасад, калі ўпершыню ўдзяляў бласлаўленне «Гораду і свету», казаў аб дары міру, які Хрыстос нясе ўсяму чалавецтву. Гэты мір паходзіць ад Бога, які любіць усіх людзей без выключэння сваёй безумоўнай любоўю. Такі мір з’яўляецца няўзброеным і раззбройвае, ён пакорны і трывалы — бо заснаваны не на страху і сіле, а на любові і справядлівасці, адзінстве і братэрстве.
У гэты цудоўны святочны час ахопліваю ўсіх Вас, дарагія Браты і Сёстры, сваёй малітвай і прашу навароджанага Збаўцу прынесці бласлаўленне міру. Няхай у Вашых сэрцах, дома, там, дзе вучыцеся і працуеце, у Вашых парафіях і супольнасцях, у нашай Айчыне і ва ўсім свеце ўсталюецца сапраўдны Божы мір, а разам з ім — любоў і радасць, дабрыня і цеплыня, цярплівасць і чуласць, аптымізм і надзея.
Няхай, як за вігілійнымі сталамі, так і кожны дзень, у нашых сэрцах будзе дастаткова месца для тых людзей, якія хворыя, якія пакутуюць, якія бедныя і самотныя, засмучаныя і нешчаслівыя, людзей пажылога ўзросту і тых, хто сутыкаецца з якойсьці сацыяльнай ізаляцыяй. Зробім усё, што ў нашых сілах, каб іх дасягнула святочная радасць і цяпло Божай любові, якая лечыць раны чалавечых сэрцаў.
Дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі! Няхай у новым 2026 годзе Пан Бог адорвае Вас добрым здароўем, душэўным ладам, асабістым шчасцем і поспехамі ва ўсіх важных справах. Няхай кожны дзень праходзіць пад знакам міру і Божага бласлаўлення.
Памятаючы пра Вас, дарагія Браты і Сёстры, у сваіх малітвах ля ясляў навароджанага Збаўцы, аднаўляю сваю гарачую просьбу маліцца за мяне. Радасных свят!
Ваш біскуп Уладзімір
Гродна, Божае Нараджэнне, 2025