У нас, гарадзенцаў, ёсць шчаслівая магчымасць успомніць бурлівае найноўшае мінулае Гродна з гутарак гісторыка Віталя Карнелюка са слынным гродзенскім настаўнікам і краязнаўцам, аўтарам шэрагу кніг па гісторыі Гродна, арганізатарам школьнага гродназнаўства Алесем Пятровічам Госцевым. Першая тэма бяседы — вяртанне гістарычнага герба Гродна.
Сярод розных падзей, якія назаўжды будуць звязвацца з падзеямі «перабудовы» у Гродна, заўсёды будзе згадвацца вяртанне гістарычнага герба Гродна з выяваю фігуры Аленя Святога Губерта.
Пра герб Гродна часоў Магдэбурскага права ніхто не згадваў, ніякіх пачуццяў, асацыяцый гэты герб у вялікай колькасці тагачаснага дарослага грамадства Гродна не выклікаў, бо ніякай інфармацыі пра яго проста не існавала: ні кніжак, ні фільмаў, нічога ў сістэме адукацыі.
Таму адразу паўстае пытанне, навошта было вяртацць гэты сярэднявечны герб, калі быў савецкі герб горада, які тыражыравалі на значках і іншай сувенірнай прадукцыі.
— Для мяне спачатку герб Гродна быў звязаны з выяваю зубра. Займаючыся з малога ўзросту збіраннем марак і значкоў, я разумеў, што гарады са старажытнасці мелі ўласныя гербы, — распавядае Алесь Госцеў. — Я цікавіўся тэмамі ўзнікнення горада, этымалогяй назваў гарадоў. Былі ўжо некаторыя мае публікацыі на гэты конт. Для мяне наш Гродна ад пачатку называўся «Гарадзенъ». Без усялякіх мяккіх знакаў на канцы. Займаючыся тэмаю назвы горада Гродна, я разумеў непарыўную сувязь паміж назваю і выяваю гарадскога герба…
Было цікава даведацца ў Алеся Госцева, хто быў ініцыятарам вяртання гістарычнага герба.
— Калі я пачынаў хадзіць у клуб гродзенскіх калекцыянераў, там мала хто цікавіўся нашым горадам і яго мінушчынай. Акрамя Януша Паруліса і згадаць больш нікога не магу…— успамінае Алесь Госцеў. — Мяне тады за маю цікавасць да гродзенскай мінушчыны называлі адным словам «Гродна». Бо калі я прыходзіў у клуб, у мяне было толькі адное пытанне: «Што у вас ёсць пра Гродна»?
Але раптоўна у самым пачатку 1987 года ў газеце «Гродзенская праўда» з’явіўся зварот і быў абвешчаны конкурс на гарадскі герб.
— Па-сутнасці, кіраўніцтва горада чуйна павярнулася ў бок грамадства і патрэбы часу вярнуць герб гораду. Адгукнулася на зварот пра конкурс не менш дваццаці розных устаноў. Дарэчы, прыватнага там нікога не было, як я памятаю, — расказвае краязнаўца. — Сярод удзельнікаў конкурсу быў і наш гарадскі клуб калекцыянераў. Ініцыятарам удзелу ў гэтым праекце быў наш кіраўнік клубу Віктар Какарэка. І ён звярнуўся да мяне, каб я дапамог яму скласці гістарычнае абгрунтаванне герба, каб высунуў уласную прапанову герба. Але ў мяне на той момант ніякай думкі пра варыянты герба не было. Адначасова адзін з самых аўтарытэтных знаўцаў гісторыі, археолаг Міхась Ткачоў выказаў думку, што стварэнне гербу горада — гэта справа мастакоў.
— Гродзенскі мастак і рэстаўратар Уладзімір Кіслы выступіў апалагетам гістарычнага гербу горада і скіраваў на гэтую думку мяне. Далей на карысць гістарычнага гербу выказалася гродзенская мастацтвазнаўца Таццяна Маліноўская. Тады ў гэтым кірунку пачаў думаць і я, — працягвае Алесь Гостцеў. — Пазней, у 1989 годзе мяне папрасілі напісаць артыкул для газеты «Чырвоная Змена». Уладзімір Кіслы па маёй прапанове зрабіў малюнак герба з Аленем Св. Губерта які быў выкарыстаны тады газетаю для ілюстрацыі маёй публікацыі.
Грамадскае абмеркаванне адбылася 28 ліпеня 1987 года на другім паверсе кінатэатра «Гродна». Тады былі розныя варыянты гербаў з абгрунтаваннямі гэтых версій.
— На мой погляд, яны былі вельмі грувастыя: нейкія ратонды, колбы, нават выява слана. Людзі хадзілі, глядзелі, была нейкая камісія. Сярод яе сябраў я запомніў Аляксандра Бабіцына, які на той час быў галоўным архітэктарам горада. Менавіта ён даволі выразна сказаў: «Трэба зубра змяняць на аленя», — расказвае Алесь Пятровіч. — А перад гэтым было выступленне гісторыка мастацтва Таццяны Маліноўскай. Яна зрабіла гістарычны экскурс і сказала, што трэба вяртаць гістарычны герб.
Слухачамі гэтых прамоў былі розныя, але невыпадковыя людзі, Быў фатограф Уладзімір Выдзерка, быў вядомы гродзенскі педагог Уладзімір Баран, былі мы з Какарэкам… Атрымалася нарэшце, што перамог праект нашага клуба калекцыянераў.
Ў пісьмовых крыніцах існуюць розныя выявы пячаткі з Аленем Св. Губерта. Алень на ніх скочыць над агароджаю, над трамя ўзвышшамі, над трамя кустамі. Чаму вы выбралі менавіта элемент агароджы – было пытанне да А.П. Госцева:
— Ў 1905 годзе польскі даследчык Віктар Вітыг выказаў думку, што паміш рагоў Аленя Святога Губерта быў, нават, не крыж, а меч. І такое меркаванне існавала. Я ж лічу, што Алень Св.Губерта не скочыць, а менавіта лунае над трама ўзвышшамі Гродна: Калажанскай гарою, Замкавай гарою і ўзвышшам, дзе стаіць будынак былога мужчынскага пабернардзінскага кляштару.
Але я кіраваўся крыніцамі часоў каралевы Боны, міжваеннымі выявамі герба, другімі словамі найбольш распаўсюджанымі выявамі — з агароджаю. Есць звесткі, што ў міжваенны час таксама было абмеркаванне выявы герба. І герб выкарыстоўваўся магістаратам Гродна менавіта такі, як і цяпер. Усім вядома выява плана Гродна 1937 года. Там менавіта гэты герб.
19 жніўня таго ж года быў абвешчаны яшчэ адзін конкурс. Гэта была спроба захаваць нейкую савецкую сімволіку.
— Некаторыя прапаноўвалі замест крыжа паставіць савецкую зорку. Дайшло нават да бязглуздзіцы — стварыць праект было далучана двум спецыялістам: мастаку Сяргею Ільіну і архітэктару Віталю Фралову. Яны зрабілі праекты, якія былі афіцыйна зацверджаны 15 чэрвеня 1988 года. На чырвона-зялёным фоне была выява Аленя Св. Губерта. І зорка над фігураю Аленя на мяжы шчыта. Гэта было парушэннямі законаў геральдыкі, — упэўнены Алесь Госцеў.
Выяву скажоннага геральдычна герба ўспрынялі негатыўна і вымушаны былі ад яе адмовіцца. Ў 1989 годзе быў створаны грамадскі камітэт па выяўленню найбольш праўдзівага мастацкага рашэння герба.
— У яго склад увайшлі археолаг Ткачоў, мастакі Ільін і Фралоў, скульптары Буралкін і Церабун, старшыня гарадской Рады аховы помнікаў Ларыса Грышуціна, намесніца дырэктра музея атэізму і рэлігіі Людміла Карнілава, намесніца старшыні абласнога Беларускага Фонда Культуры Надзея Трухановіч і я, як тагачасны намеснік старшыні краязнаўчай камісіі Гродзенскага аддзяленя БФК, таксама. Хаця я не памятаю, каб гэты камітэт калісці збіраўся, — расказвает гісторык.
1 кастрычніка 1990 года рашэннем гарвыканкама быў зацверджаны гістарычны герб горада Гродна. У апісанні герба, аднак фігураваў не нямецкі шчыт, а барочны. Галоўнае адбылося: грамадская прагрэсіўная думка гродзенцаў так ці інакш, перважыла.
Гэты герб цяпер паўсюль. А нескалькі гадоў таму на яго падставе брэсцкімі дызайнерамі зроблены турыстычны брэнд Гродна. З якой аргументацыяй вяртаўся гістарычны герб Гродна – лагічным выглядала пытанне да Алеся Госцева.
— Па-першае, каб аднавіць перарваную традыцыю, па-другое, каб вызначыць сувязь часоў. Наш герб – галосны: у ім зашыфравана назва нашага горада. Наш горад — абаронца. І абаронца не толькі нашай зямлі, але і нашай культуры, у тым ліку і экалагічнай. Мы павінны памятаць, што Святы Губерт захаваў жыццё Аленю, не забіў яго. А значыць Святы Губерт схіліўся перад прыродай. Таму наш герб ужо genius loci — сімвал душы горада.