Віншаванне Біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя на Божае Нараджэнне і Новы 2025 год

Умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры, Сябры!

У чарговы раз разам з усёй супольнасцю Касцёла мы з верай схіляем калені перад навароджаным Езусам — Божым Сынам, які з любові да нас стаў сапраўдным чалавекам. Якая вялікая і дзіўная таямніца Божага Уцелаўлення! У ёй спаўняюцца найглыбейшыя чаканні і вечныя імкненні людскога сэрца. У свет, пагружаны ў цемру зла і граху, сагнуты пад цяжарам пакут, напоўнены смуткам і страхам, раздзіраемы нянавісцю і гвалтам, прыходзіць Эмануэль — Бог з намі. Яго прыйсце асвятляе цемру тленнасці нязгасным святлом Божай любові, што нараджае ў нашых сэрцах надзею.

Я жадаю Вам, дарагія Браты і Сёстры, каб сёлетнія святы Божага Нараджэння прайшлі ў атмасферы міру і любові, згоды і адзінства, дабрыні і зычлівасці. Няхай нашы родныя дамы, супольнасці, да якіх належым, месцы вучобы і працы ўсё больш і больш становяцца падобнымі на дом Святой Сям’і ў Назарэце, дзякуючы пануючай у іх сапраўднай радасці, узаемнай павагі, духу любові і служэння. Няхай сярод нас не будзе нястачы ў зычлівых і добрых, ахвярных і самаадданых людзях, дзякуючы якім святочнае пасланне дасягне таксама асоб хворых і пакутуючых, адзінокіх і няшчасных, згубленых і духоўна зламаных, якія шукаюць разумення, спагады і падтрымкі.

Related Post

На парозе новага года Панскага, які па волі Святога Айца Францішка будзем перажываць у Паўсюдным Касцёле як юбілей надзеі, жадаю Вам, дарагія Дыяцэзіяне, каб кожны дзень Вашага жыцця станавіўся пілігрымкай надзеі. Няхай зямныя клопаты, паўсядзённыя праблемы і турботы, няўпэўненасць у заўтрашнім дні не засланяюць сапраўдную надзею, Даўцам і Крыніцай якой з’яўляецца сам Бог. Няхай штодзённы досвед ласкі і любові Нябеснага Айца, адкрыццё збаўчай блізкасці Езуса Хрыста, падпарадкаванне абнаўляючай моцы Святога Духа зробяць Вас сведкамі евангельскай надзеі, якая “не асароміць” (Рым 5, 5).

Я памятаю пра Вас, дарагія Браты і Сёстры, у сваіх малітвах ля ясляў навароджанага Збаўцы і аднаўляю сваю гарачую просьбу маліцца за мяне.

Ваш біскуп Уладзімір

Share
Published by
Служба новостей "ВГ"