Гарадская прастора складаецца для яго жыхароў з вуліц, завулкаў, плошчаў, дамоў, дзе яны жывуць, дзе працуюць, патрэбных для жыцця ўстаноў і арганізацый. Гэта ўсё гараджане заўважаюць штодзень па маршрутам «дом-работа-дом», пішуць гісторыкі Віталь КАРНЯЛЮК і Алесь ГОСЦЕЎ.
Радзей яны заўважаюць паркі і скверы. Гэта адбываецца, калі туды завітаюць. Часам, падыме чалавек вочы ўверх на вежы храмаў. І калі ўжо прыпыніць свой бег «у патоку машын», то заўважыць скульптурнае аблічча свайго горада.
Аўтарамі гэтага аблічча Гродна з’яўляецца плеяда мастакоў розных часоў: Рамуальд Зэрых, Уладзімір Панцялееў, Аляксандр Анціпін, Анатоль Селятыцкі, Генадзь Мурамцаў, Генадзь Буралкін, Заір Азгур, Андрэй Заспіцкі, Сяргей Бельдзюк, Юрась Мацко…
Адным са стваральнікаў такога аблічча Гродна быў Уладзімір Васільевіч Церабун (1946-2024) — аўтар векапомных мемарыялаў «Дальва – сястра Хатыні» і «Праклён вайне» ў Смаргоні.
Без знакаў яго творчасці гарадская ідэнтычнасць Гродна была бы іншай. Інакш выглядаў бы стары Рынак (цяпер — плошча Савецкая). Менавіта на ёй захаваўся адзін з двух скульптурных вобразаў «Параць-кветкі». Па іншаму бачыўся бы фасад гатэля «Турыст»: без сімвалічнай «Брыганціны» пад назваю «Ветразь».
Зусім інакш выглядала бы плошча перад будынкам абласнога кіраўніцтва ўнутраных спраў, упрыгожаная велічным помнікам «Крылатая»: загінуўшым пры выкананні службовага абавязку міліцыянерам.
Ваенныя могілкі на вуліцы Белуша назаўжды пад аховаю 7,5 метровай фігуры салдата са сціснутай у руках вінтоўкай «Заўсёды напагатове», якая замерла на вечнай варце.
Фасад будынку абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі ўпрыгожваюць рэльефы, выкананыя ў тэхніцы «выкалатка з алюмінія» — «Фантазія» і «Гімн Сонцу», а таксама пано «Піянерыя».
Дэкаратыўная кампазіцыя з мазаікай робіць адметным будынак аздараўленчага комплексу на вуліцы Томіна.
Прыхаджане гродзенскага касцёла Адшукання Св. Крыжа былога кляштара бернардзінцаў могуць убачыць станкавую кампазіцыю майстра «Госпадзі, верую ў цябе». А ў чытальнай залі навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы знаходзіцца сімвалічная кампазіцыя «Праз церніі да зорак», якая натхняе студэнтаў да новых ведаў.
А яшчэ ёсць у горадзе такія работы майстра, як памятная дошка польскай пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай на будынку па вуліцы Акадэмічнай і дошка генералу арміі Аляксею Антонаву на будынку рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда».
Былі творы Уладзіміра Церабуна ў Гродна, якія, на жаль, не захаваў мітуслівы час. Акрамя аднаго з вобразаў «Папараць-кветкі» на Савецкай плошчы, варта згадаць мастацкае афармленне калодзежаў на вуліцы Агранамічнай і кампазіцыі «Вязальшчыцы» каля былога палаца культуры «Юнацтва». Таксама да рэканструкцыі будынка тэатра лялек на яго сцяне з 1983 года знаходзілася дошка ў памяць пра дзейнасць першага Гродзенскага Савета рабочых дэпутатаў у 1919 годзе.
Пагадзімся, што пералічаныя мастацкія творы беларускага славутага скульптара робяць Гродна адметным, як для яго жыхароў, так і для гасцей горада. Толькі пералічаныя вобразы мастацкай пластыкі не адзіны ўнёсак Уладзіміра Васільевіча ў культурнае жыццё Гродна ў яго найноўшы перыяд.
З 1979 па 1986 год смаргонскі скульптар Уладзімір Церабун з’яўляўся старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза Мастакоў. Вынік гэтага старшынства — шматлікія мастацкія выставы, дзе амаль кожная была адкрыццём новага беларускага майстра, напрыклад, такіх як Аляксандр Ларыёнаў альбо Данііл Парахня… А далей, з 1992 года ў якасці старшыні гродзенскага Фонда вольнага мастацтва Церабун ініцыюе ў нашым горадзе выставы А. Ісачова, П. Філонава, Я. Драздовіча. Вяртанню з забыцця славутых імёнаў спрыяў вецер пераменаў «перабудовы», які з ахвотаю выкарыстоўваў энэргічны кіраўнік гродзенскіх мастакоў.
Двойчы, у 1986 і 2006 гадах, у Гродна заўважна праходзілі персанальныя выставы самога майстра з творамі ў розных жанрах станкавай і манументальнай скульптуры, у графіцы і пластыцы малых формаў. Падкрэслім, што дзесяткі сваіх прац Уладзімір Церабун перадаў розным музеям Гродзеншчыны, у тым ліку і гарадскім.
Збіты выраз: «Пакажы, хто твой сябар, — адкажу, хто ты» красамоўна ілюструе сяброўства Уладзіміра Церебуна і Аляксандра Іванавіча Ліпеня — бліскучага гродзенскага мастака і скульптара (спадчына якога яшчэ чакае свайго асобнага збору). Сімвалічным помнікам свайму сябру з’яўляецца складзены ў 2007 годзе Уладзімірам Церабуном адзіны каталог твораў Аляксандра Ліпеня.
А яшчэ ў гродзенскім жыцці скульптара быў перыяд настаўніцтва. У 1997-1999 гадах майстар выкладае скульптуру, малюнак і кераміку ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў імя Цёткі. Гэта значыць, што з аўдыторыі знакамітага скульптара свае першыя крокі ў свет прыгажосці зрабілі дзесяткі таленавітых маладых людзей нашага краю.
Усё вышэйзгаданае, прымушае задумацца, якое заўважнае месца ў культурным асяроддзі Гродна займаў і будзе займаць надалей ўраджэнец Смаргоні Уладзімір Васільевіч Церабун, сэрца якога перастала біцца 8 кастрычніка гэтага года.
Безумоўна, гэта месца адметнае, заўважнае як і самыя яго творы, ўсталяваныя і вядомыя не толькі ў нашым горадзе, але і па ўсёй краіне. Таму лагічным крокам нашай памяці будзе не толькі беражлівае стаўленне да спадчыны мастака, але ў перспектыве з’яўленне ў гродзенскай тапаніміцы «Вуліцы Уладзіміра Церабуна».