X

Невядомы Карскi — гісторыя аднаго фотаздымка

У калекцыі фотаздымкаў музея Яўхіма Фёдаравіча Карскага ў Першай гродзенскай гімназіі імя акадэміка ёсць здымак з выяваю сям’і Карскіх ля дома ў Панямуні. Фота не вельмі якаснае, але па-свойму, вельмі каштоўнае, таму друкавалася яно неаднаразова ў розных выданнях і артыкулах пра гэтага навукоўца. Пра Яўхіма Карскага і яго адпачынак у ваколіцах Гродна піша гісторык Віталь КАРНЯЛЮК.

Ведалі ў Мігава і Коматава

Яўхім Карскі некалькі разоў адпачываў у ваколіцах Гродна, якія на мяжы ХІХ–ХХ стст. ужо былі дачнымі мясцінамі. Таму ў гісторыі такіх вёсак як Мігава і Коматава засталася памяць пра нашага славутага мовазнаўцу. Дарэчы, у Мігава цяпер ёсць памятны знак, пастаўлены па ініцыятыве гродзенскага краязнаўцы А. Кроя — мармурная дошка работы У. Панцялеева на велічным камні. На ёй згадваецца факт адпачынку Я. Ф. Карскага ў 1903 годзе.

Вядома, што Яўхім Карскі не толькі адпачываў у ваколіцах нашага горада. Ён яшчэ займаўся лінгвістычнымі даследаваннямі. Пра атрыманыя звесткі, дарэчы, пісаў наступнае:

— Мои наблюдения относительно говоров западной части Гродненской губернии сводятся к следующему: народная речь здесь вообще такая же, как и в Новогрудском уезде Минской губернии, т. е. чисто белорусская.

Гэтыя і іншыя высновы моваведа ляглі ў аснову яго знакамітай карты размеркавання беларускіх говараў і шматтомнага фундаментальнага даследавання «Беларусы».

Панямунь ці «Турыст»?

Памямунь таксама была адным з месцаў адпачынку сям’і Карскіх. І тут мы сутыкаемся з адной з загадак, якая мае згаданае вышэй фота. Пра якую Панямунь ідзе гаворка? Ці тую, якая вядома ўсім, як адна з рэзідэнцый манарха Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дзе і цяпер захаваны рэшткі пабудовы, капліцы і паркавага ансамблю?

Ці іншай, якая не згадваецца на сучасных тапаграфічных картах, а была там, дзе цяпер размешчана садовае таварыства «Турыст» Капцёўскага сельсавета?

Вось якія радкі пра Панямунь засталіся ў тэкстах навукоўцы:

— В имении Понемунь (в 18 верстах от Гродно по Неману к югу) от приходящих окрестных крестьянок записал: «Кап це звярэ задрали; нивядэмо чый». Употребляют «–са» приставочное «г» (говца, говес) В остальном речь такая же, как и в других местах средней Белоруссии.

Кухарка Элізы Ажэшкі

Цяпер нішто не нагадвае пра тагачаснае дачнае жыццё Яўхіма Карскага ў згаданай Панямуні. Толькі на фотаздымку мы бачым неблагі будынак і яго часовых жыхароў. У 2010 годзе ў ходзе палявых даследаванняў групы гродзенскіх краязнаўцаў стала вядома дакладнае месцазнаходжанне гэтага будынка. Заўжды, калі вельмі хочацца знайсці, то знойдзеш.

І ўдзельнікам той міні-экспедыцыі пашчасціла: ім сустрэлася жанчына, якая памятала кухарку… Элізы Ажэшкі. І дакладна, па памяці, апісала будынак на фота. Яе апісанне цалкам супадала з выяваю дачнага дома пачатку ХХ ст.

Related Post

Палац на лецішчы

А сутарэнні гэтага дома былі якраз на яе сённяшнім дачным участку. І гэтыя сутарэнні засталіся! Мураваныя, са скляпеністаю столяю. Нават атрымалася туды спусціцца і адчуць холад былой лядоўні. Збег абставін і адказ на адно з пытанняў здымка быў атрыманы.

Наступнае пытанне, якое ўзнікае з выявы здымка: хто гэтая сталая жанчына побач з сям’ёй Я. Ф. Карскага? Па ўскосных дадзеных — гэта знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. У 1903 годзе ёй было 62 гады, і яна таксама адпачывала тады ў гэтай Панямуні.

Жанчына на здымку

На жаль, фота неякаснае, ды і фатограф стаяў далёка. Здавалася б, які цудоўны эпізод нашай найноўшай гісторыі: два славутых дзеяча культуры і навукі — Карскі і Ажэшка — ведалі адзін аднаго і мелі дастаткова часу падчас адпачынку пагутарыць пра самыя розныя бакі тагачаснага жыцця, культуры і мовы…

Розныя яны былі «планеты», але кожны, па-свойму, велічны. Таму ўсялякая дэталь іх магчымых стасункаў будзе пакладзена ў скарбніцу нашай мінуўшчыны.

Аднак ніводнай згадкі ў гістарычных крыніцах ані пра Карскага, ані пра Ажэшку, пра іх знаёмства і кантакты не знойдзена. Пакуль не знойдзена. У горадзе пачатку ХХ стагоддзя з насельніцтвам трохі больш за 50 тысяч, людзі свайго кола камунікацыі, зразумела, ведалі ці чулі адзін пра аднаго. І візіт дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта Карскага ў 1903 годзе, тым больш з навуковымі мэтамі, не мог застацца па-за ўвагаю гродзенскай інтэлігенцыі.

Засталася таямніца

І напэўна, што не застаўся. Ёсць звесткі пра кантакты будучага акадэміка з сям’ёй Літвінавых-Беклемішавых. Вядома перапіска Карскага са знакамітым гродзенскім краязнаўцам і педагогам Еўстафіем Арлоўскім. Эліза Ажэшка таксама ў гэтым шэрагу кантактаў Карскага. Пэўна так, але патрэбны доказы.

Таму будзем спадзявацца, што далейшыя архіўныя пошукі адкрыюць нам яшчэ адну магчымую старонку гісторыі Гродна — старонку стасункаў заснавальніка беларускага мовазнаўства Яўхіма Карскага і класіка новай польскай літаратуры Элізы Ажэшкі.

А іх імёны ўжо даўно і справядліва ў розных тапонімах нашага горада.

А значыць і ў калектыўнай памяці гарадзенцаў.