Віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння і Новы год

«Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго. І дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою» (Iс 9,5).

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Фото из архива «ВГ»

З сэрцамі, напоўненымі ўдзячнасцю і радасцю, мы ўкленчваем каля стаенкі, перад Божым Дзіцем. Мы пілігрымуем у нашых думках на Святую Зямлю, якая пакутуе ад недахопу міру, каб перад беднай стаенкай у Бэтлееме скласці ўсе нашы надзеі і непакой.

Мы прыносім Езусу нашу вялікую любоў і хочам падзяліцца радасцю нашых сэрцаў, радасцю, якую адчуваем у нашых сем’ях і дамах. Хочам таксама прасіць аб спакойных часах. Усе мы маем права жыць у міры, якога нястомна шукаем і да якога імкнемся (пар. Пс 34, 15). Мы хочам гэтага міру ў нашых супольнасцях і краіне.

Мы ўсведамляем, што хоць так многае нас адрознівае і нялёгка з усімі заўсёды жыць у згодзе, аднак злучае нас нашмат больш, чым падзяляе. Усе мы любімыя Богам, які з любові да кожнага з нас захацеў пасяліцца на зямлі.

Related Post

Няхай сёлетнія святы Божага Нараджэння будуць перажывацца ў міры і згодзе, узаемнай павазе і братэрскай любові. Няхай сёлетні дэвіз Бэтлеемскага агню міру — «Будзем чыніць мір» — стане праграмай нашага жыцця на кожны дзень новага 2024 года.

Запросім жа Хрыста, Князя Спакою, у нашы сэрцы і дамы. Дазволім Яму ўзрастаць у нас, каб мы сталі будаўнікамі спакою ў нашых сем’ях і супольнасцях, у нашых гарадах і вёсках, у нашых штодзённых абавязках і жыцці, а таксама ў нашай краіне і свеце.

Дарагія браты і сёстры! У гэты радасны час жадаю кожнаму шчодрасці Божых дароў. Малю аб узаемнай любові і дабрыні для вас, а таксама на гэты святочны час ад усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Share
Published by
Служба новостей "ВГ"