Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія

Дарагія айцы, браты і сёстры! Са светлым святам Пасхі Хрыстовай сардэчна вітаю ўсіх вас!

Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс!

Сёння нас акрыляюць словы пасхальнага трапара — словы на ўсе часы: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў». У іх — уся сутнасць місіі Сына Божага на зямлі: зазнаць здраду, знявагу, ганьбу, перанесці страшны боль на Крыжы, сысці ў даліну смяротнай цемры — і перамагчы смерць, каб кожны з нас меў надзею на жыццё вечнае!

Для першага чалавека гучалі прысудам словы: У дзень, калі ты паспытаеш ад [дрэва пазнання дабра і зла], смерцю памрэш (Быц. 2:17). Уваскрасенне Хрыстова адмяніла гэты прысуд, які вісеў над чалавецтвам, руйнуючы ўвесь сэнс быцця. «Наш Уладар Хрыстос знішчыў браму медзяную (Іс. 45:2) і паразіў само аблічча смерці. Што я кажу “аблічча”? Само імя яе Ён змяніў, таму што яна ўжо не называецца смерцю, але супакоем і сном», — кажа свяціцель Іаан Залатавуст.

У «Новым Афонскім пацерыку» расказваецца, як чалавек разам з Богам можа нанесці смерці смяротную паразу. Старац Сімяон Грыгарыяцкі паміраў у бальніцы і часам упадаў у забыццё, з-за слабасці блытаючы некаторыя дэталі. Паслушнік для праверкі спытаў яго: «Ойча, дзе ты?» У адказ прагучала: «Я ў Хрысце». «У якім ты горадзе? — удакладніў паслушнік. — У Афінах, ці ў Салоніках, ці недзе яшчэ?» Старац адказаў ясна і выразна: «Няважна, у Афінах ты ці ў Салоніках. Важна, каб ты быў у Хрысце».

Прыкладна тое ж самае за дзве тысячы гадоў да Сімяона Грыгарыяцкага пісаў Рымлянам апостал Павел: ніхто з нас не жыве дзеля сябе […]; а калі жывём — дзеля Госпада жывём, калі паміраем — дзеля Госпада паміраем (Рым. 14:7-8). Хто ў Хрысце, той пяройдзе ад смерці ў жыццё (гл. Ін. 5:24). А галоўнае на гэтым шляху — паспрабаваць прытрымлівацца слоў апостала і жыць не для сябе, але для Бога і бліжніх!

Related Post

Кананічным вобразам Уваскрэсення Хрыстовага ў праваслаўнай традыцыі з’яўляецца ікона «Сашэсце ў пекла». Тое, што выяўлена на ёй, мае да нас самае непасрэднае дачыненне. «Ведай: дамавіна — сэрца: там пахаваныя і ўтрымліваюцца ў апраметнай цемры твой розум і твае думкі», — прапаведуе прападобны Макарый Вялікі. Мы ўсе, калі будзем сумленнымі самі з сабой, зможам прызнацца: часам унутры нас трывае сапраўднае пекла. Толькі Хрыстос можа зняць камень з труны нашай душы, вызваліць і вывесці на свет нашы пачуцці, волю і розум. Гэта адбудзецца, калі мы даверымся Збаўцу, Яго творчай сіле, якая пераўтварае грубы матэрыял сэрцаў чалавечых ва ўнікальныя творы Божага мастацтва. Свяціцель Нікалай Сербскі сведчыць: «Які мастак у свеце гэтым параўнаецца з Мастаком Хрыстом, Які з людзей невучоных робіць мудрацоў, з рыбакоў — апосталаў, з маладушных — адважных ваяроў, з распуснікаў — людзей святых? Але каб убачыла свет тое, што ведае і ўмее мастак, трэба ўсё неабходнае аддаць ва ўладу яго рук. Бо і сапраўды ўсё давяраецца рукам майстроў сваёй справы. Вось і людзей трэба ўкласці ў рукі Хрыстовыя, каб выразаў Ён з іх, выткаў ці выбудаваў усё тое, што толькі Ён адзін ведае і ўмее».Па-за Хрыстом любы з нас — бязвідная і пустая зямля, дзе толькі цямрэча над безданню, а з Хрыстом — жывая ікона. Уласнымі намаганнямі чалавек не можа пераадолець гэты пераход: трэба прылучыцца да Прачыстага Цела і Крыві Госпада, каб жыць з Ім адным жыццём. Царква не стамляецца абвяшчаць нам, што гэтае Цела ламаецца дзеля нас, гэтая Кроў праліваецца дзеля нас. Нават цяпер, славячы Уваскрасенне Хрыстова, Царква за Літургіяй нагадвае нам пра падзеі Вялікай Пятніцы, каб мы не забыліся, якім вялікім коштам набытае наша жыццё, наша свабода, наша велікодная радасць.Няма і не можа быць Уваскрэсення без Галгофы, без Крыжа і цвікоў, дзіды і церняў. Калі мы хочам жыць — значыць, трэба памерці. Памерці для сябе, каб уваскрэснуць для любові да людзей у Хрысце. Прычашчаючыся Святых Хрыстовых Тайн, мы прымаем Бога адзін у адным, бо само слова «Літургія» перакладаецца з грэчаскай мовы як «агульная справа». Менавіта гэтую блаславёную супольнасць і ўзаемную адкрытасць сімвалізуе даўні звычай трохразова абдымацца ў гонар Святога Вялікадня. Мы ведаем, што мы перайшлі ад смерці ў жыццё, таму што любім братоў (1 Ін. 3:14) — так проста дабравесціць аб гэтым святы апостал Іаан Багаслоў. У гэтыя велікодныя дні жадаю ўсім нам, каб наша любоў была дзейнай, самаадданай, рашучай, каб усе мы змаглі ў нечым ашчаслівіць нашых бліжніх і сталі ад гэтага шчаслівейшымі самі.

Беражы вас Бог, дарагія!

Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс!

З любоўю аб Уваскрэслым Госпадзе

Антоній, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі

Share
Published by
Служба новостей "ВГ"