X

Пра адпачынак, мора i Аслана — Вiктар Шалкевiч пра турэцкi бераг

У чарговым выпуску блога бард i пiсьменнiк Вiктар Шалкевiч разважае пра адпачынак у Турцыi i незвычайных людзей, якiя там сустракаюцца.

w-sail.com

У апошнія гады, асабліва у гэтым, пытанні з месцам і датаю адпачынку вырашаліся вельмі складана. Не, адпачыць было і ёсць дзе, і за розныя грошы, але праблема ў тым, як і чым туды выбрацца?

“За морем телушка — полушка, да рубль- перевоз” – колісь горка канстатавалі ўсходнія суседзі.

Людзі нашыя, пажыўшы і пабачыўшы ўсюды многа рознага, навыкліся да ўсялякіх выгодаў: як аўтобус — абавязкова з кандыцыянерам, як гарэлка — вельмі халодная, як віскі — лепш аднасоладавы і ірландскі.

Ніхто не хоча пачынаць жыццё спачатку, хочацца існаваць у тых стандартах, да якіх ужо прывыклі. Таму прагнучыя адпачынку то збіралі шматлікія антыкавідныя спраўкі,  то шукалі магчымасці адчыніць шэнгенскую візу, то выстойвалі шматгадзінныя чэргі пад бэзлітаснымі праменнямі сонца на польскай і літоўскай межах, абы толькі апынуцца там, дзе неба сіняе, трава пастрыжаная, пальмы вечназялёныя, мора блакітнае, а ў барах наліваюць з ранку да ночы…

І каб ніхто не туманіў мазгі рознымі глупствамі…

Найчасцей такую ідылічную карціну можна ўбачыць у краінах Паўднёвай Эўропы. Альбо ў Егіпце.Ці крыху бліжэй у Турцыі.

Ёсць у паўднёва-заходняй частцы Турцыі вельмі мілы сэрцу і ціхі куточак — Анталія. Там неяк усё сыйшлося: мора, неба, трава, пальмы, добрае надвор’е, пяцізоркавыя гатэлі “all inclusive”, і гатэлі зорачкай меней.

Там прыездныя адпачываюць, карыстаючыся дабрадзействамі Маці-Прыроды, а мясцовыя жыхары працуюць амаль што па дваццаць чатыры гадзіны.

Але і тыя, і тыя цалкам задаволеныя, адныя адпачынкам, другія заробкам. Праўда, мясцовым грошы дастаюцца дастаткова цяжка.

З ранку, ад дзевятае гадзіны, па пляжы пачынаюць вандраваць мілыя, але напорыстыя і дасьведчаныя дзяўчаты, прапануючыя з’ездзіць у горад Кемер за неверагоднымі скуранымі польтамі высокай якасці, альбо пайсці на карэйскі масаж, ці ў краму з шыкоўнай бялізнай .Яны вельмі гаваркія і пераканаўчыя, і заўсёды знойдзецца некалькі ахвотных, у асноўным жанчынаў з Сібіры ці Урала, якія паедуць ці пойдуць.

Related Post

У дзесяць нарэшце адчыняюцца бары, гукааператары ўключаюць апаратуру, і адбываюцца розныя гімнастыкі, гульні, атракцыёны. На пляж прывалокваецца асноўная маса насельнікаў гатэля, нікаторыя, праўда, прыходзяць і а дванаццатай, але гэта тыя, якія сонца хіба бачаць раз у год, і тое ў тэлевізары.

Над морам лётаюць парашуты, з паблізкай высокае гары стартуюць парапланы, а па хвалях туды-сюды сноўдаюць-равуць маторныя лодкі, цягнучыя “бананы” і розныя гумовыя “крэслы”.

Усе гукі адначасова зліваюцца ў вадно цэлае,мора ляскае хвалямі аб бераг, сонца прыгравае з кожнаю хвілінаю мацней і мацней.

І тады на пляжы раптам з’яўляецца Аслан. Метадычна,упэўненай хадою ён ідзе паміж лежакоў і запрашае цікаўных альбо на парашут, альбо на прагулку на кацеры, альбо на яшчэ нешта.

Не пагаварыць з такім чалавекам – сабе кепска зрабіць. Таму пачынаем слова па слове кантактаваць. Аслан – турак –месхецінец, і лёс ягонае сям’і – тыповы: высылка з Грузіі ў Казахстан, вяртанне ўжо на гістарычную Радзіму, у Турцыю.

Тут Аслан скончыў універсітэт, ён па адукацыі – перакладчык, валодае нямецкай і расейскай мовамі, прычым расейскаю — выдатна і вось ужо пятнаццаць год ходзіць па анталійскіх пляжах і заахвочвае народ.

Як ён сьмяецца, начальства кідае яго туды, дзе слаба ідуць справы, у гэтым сэнсе Аслан-, так бы мовіць, скрэпаносец!

Жартаўнік, непрыліпчывы, з добрым пачуццём такту і гумару — чалавек на сваім месцы. А чым ён займаецца па-за сезонам яго асабістая справа.

Аслан ідзе далей і робіць сваю працу. Мы робім сваю – лезем у мора, пераварочваемся з левага боку на правы, бегаем то ў адзін бар, то ў другі.

Атмасфера мірная, лагодная. Аж не верыцца, што недзе там, далёка, ляскаюць гарматы…