Бард i пiсьменнiк Вiктар Шалкевiч разважае пра вясковых жывёл, якiм патрэбна дапамога чалавека.
Недзе у пачатку жніўня да маёй хаты ў лесе пачынаюць прыбівацца малыя каты, а з гнёздаў выпадаюць птушаняты. I пачынаецца…
Каты звыкла з’яўляюцца ніадкуль, яны нічые, іх ніхто не шукае, ніхто за імі не прыходзіць.
Гэтая істота прыгадвае савецкі чорна-белы тэлевізар-сьпярша чуеш доўгае жалоснае “мммяяяў”, а потым, калі ўжо пару разоў кыцыкнеш, то з вечаровага лесу нарэшце з’яўляецца той, хто гэтае “мяў” сказаў.
Адным словам ,“сначала звук, потом изображение”. Каб ён умеў гаварыць па-чалавечаму, ён бы распавёў жудасную гісторыю пра тое, як рос у прыстойнай сям’і, пры бацьках, з братамі і сёстрамі, а потым здарылася нейкая трагедыя, у выніку якой ён, ратуючыся ад сабакі, тыдзень праседзеў на дрэве, потым злез і пайшоў, куды лапы вынясуць.
Але і так, на яго гледзячы, зразумела, што бедалагу дасталося, і то не раз. Ён імкліва хапае сасіску і ляціць з ёй ў напрамку бліжэйшых кустоў, каб праз пару хвілінаў вярнуцца за наступнай.
І так разы з чатыры,трэці і чацьвёрты раз ужо не бегае, а крочыць паволі.
Блізка да цябе не падыходзіць, у рукі не даецца, рэагуе на кожны твой крок. Баіцца, маючы сякі-такі жыццёвы досьвед.
Потым знікае. Знойдзе сабе нагрэты за дзень кавалак падмуроўкі альбо нейкае іншае месца, і там праводзіць ноч. З ранку ужо сядзіць на ганку, мыючыся і чакаючы гаспадара хаты. Пасьнедае, пачынае вуркаць і муркаць, нават лашчыцца,трэцца аб ногі,час ад часу спрабуе непрыкметна забегчы ў дом і там разгледзецца – і малыя людзі, і малыя жывёлкі страшэнна пыталюбныя.
Калі яго праганяеш, то не крыўдзіцца. Ляжа сабе ў цяньку і ляжыць, размораны гарачынёй, ежай,стабільнай сітуацыяй…
Прападае на дзень ці на два, зноў вяртаецца. Схема вяртання – як напачатку: сьпярша голас, потым – носьбіт. Дарэчы, можа прыйсці зусім іншы коцік, але гісторыя паўтараецца тая самая, як дзве кроплі вады падобная на першую…
З птушанятамі крышку інакш. Усе больш-менш сьвядомыя птушкі з пачатку вясны збудаваўшы гнёзды, ужо даўно сваіх дзяцей навучылі лётаць і адправілі ў шырокі сьвет. Вось толькі з сойкамі нешта не так…
Сядзіць такое малое сойчаня каля адрыны ў траве. Ведамы чалавечым інстынктам, падыходзіш да яго, хочаш ўзяць у рукі, каб перанесці ў небяспечнае месца – сабак і катоў навокал поўна. Раптам зніадкуль вылятае мама-сойка і на поўным сур’ёзе спрабуе прабіць табе галаву, і то некалькі разоў. ”Хай вас,самі разбірайцеся…”думаеш пра сябе і пакідаеш птушаня там, дзе сядзела.
Праз некалькі хвілінаў яно ўжо перабіраецца на ганак хаты, сядзіць, і лыпаючы вачыма, паглядае на цябе, быццам хоча сказаць: ”Дапамажы,добры чалавеча! Закінь мяне ў гняздо!”
Гняздо – на другім паверсе сьвіронка. Бярэш птушаня, нясеш на другі паверх і спрабуеш закінуць яго туды. Раптам з гнязда з лямантам вывальваюцца штук з пяць такіх жа рознакаляровых падшыванцаў, ня ўмеючых лётаць,у паветры круцяцца некалькі дарослых птушак, гвалт, піск, енкі…
”Зачем я нарушил мирную жизнь честных контрабандистов”- прыгадваеш словы класіка, і , каротка ўздыхнуўшы, працягваеш займацца сваімі неабходнымі справамі.
Каб вы ведалі – на вёсцы чалавеку ёсць заўсёды чым заняцца, не толькі ратаваннем катоў і соек.