Пасланне да Нараджэння Хрыстовага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія пастырам, дыяканам і ўсім верным дзецям Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.
Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую вас з Нараджэннем Госпада нашага Іісуса Хрыста і Навалеццем!
Хрыстос нарадзіўся — Бог уцялесніўся!
У цэнтры нашай урачыстасці — вобраз Святой Сям’і. І гэта мае найглыбейшае значэнне: усё самае вялікае і самае прыгожае нараджаецца ў сям’і, жыццё якой уладкавана па розуме і любові. Настолькі каштоўная сям’я ў вачах Бога, што Ён Сам выбраў сям’ю для Свайго ўцялеснення ад Прачыстай Дзевы!
Нараджэнне дзіцяці дорыць шчасце двум людзям — бацькам. А Хрыстос прыйшоў на зямлю, каб зрабіць шчаслівым усё чалавецтва! Яго місія — не судзіць свет, а спасці свет (Ін. 12:47). Ён ахвяруе Сабой, каб вызваліць людзей з пякельнага палону, Ён уступіць у бой з самой смерцю, узыдучы на Галгофу, і выйдзе з гэтага паядынку Пераможцам.
Колькі людзей на працягу тысячагоддзяў марна спрабавалі «стаць багамі», атрымаць рознымі спосабамі нейкія містычныя веды і звышнатуральныя сілы! Нашы агульныя продкі, Адам і Ева, палі, паверыўшы ілжываму абяцанню змея: вы будзеце, як багі (Быц. 3:5). І вось адбываецца неспасціжнае: Сам Бог робіцца чалавекам! Нічога падобнага ніколі не здаралася ў гісторыі! Паводле слова прападобнага Юстына Чэлійскага, «калі дагэтуль стварэнне свету з нічога было найвялікшым цудам — уцялесненне Бога ў чалавека, без сумневу, перавысіла яго сваёй цудоўнасцю».
Бог стаў адным з нас. Кволым Немаўляткам, народжаным у беднай сям’і, Ён сышоў у месца пакут, дзе Яго мог чакаць толькі Крыж. Мітрапаліт Антоній Суражскі тлумачыць, чаму Гасподзь зрабіў гэты надзвычайны крок насустрач людзям: «Ён парадніўся — праз Сваю любоў, праз Сваё разуменне, праз Сваё прабачэнне і міласэрнасць — Ён парадніўся і з тымі, якіх іншыя ад сябе адштурхоўвалі, таму што тыя былі грэшнікамі. Ён прыйшоў не праведных, Ён прыйшоў грэшнікаў палюбіць і ўратаваць. Ён прыйшоў для таго, каб ніводны чалавек, які згубіў да самога сябе павагу, не мог падумаць, што Бог згубіў павагу да яго, што больш Бог у ім не бачыць кагосьці вартага Сваёй любові».
Скрозь вякі Хрыстос ідзе да нас, зусім не святых, самых звычайных, смяротных і грэшных, каб узяць на Сябе нашы немачыі хваробы нашы панесці (гл. Іс. 53:4, Мф. 8:17). Паданне кажа, што аднойчы, знаходзячыся ў Віфлееме ля ясляў Збаўцы, блажэнны Іеранім Стрыдонскі малітоўна спытаў Сына Божага: «Госпадзі, што я магу падарыць Табе ў гонар Твайго Нараджэння?» Хрыстос адказаў: «І неба Маё, і зямля Мая, Я ні ў чым не маю патрэбы, а калі ёсць у цябе што аддаць — аддасі тое бліжнім сваім». Іеранім настойваў: «Пра бліжніх я паклапачуся, але мне хацелася б зрабіць штосьці менавіта для Цябе». Тады Богачалавек сказаў: «Калі сапраўды хочаш, то аддай Мне свае грахі і сваё пакалечанае сумленне. Я вазьму іх на Свае плечы».
Вось яна — дзівосная таямніца Божай міласэрнасці! Гасподзь просіць нас аддаць Яму нашы грахі, недахопы, недасканаласці, усё тое, за што нам сорамна і балюча. Забраўшы горшае, Ён аддае нам лепшае — Самога Сябе. Як казаў адзін еўрапейскі пісьменнік ХХ стагоддзя, «у кожнага чалавека ў душы пустэча памерам з Бога, і кожны запаўняе яе як можа». Калі чалавека напаўняе Сабою Хрыстос, пустэча знікае, а на яе месцы з’яўляюцца асэнсаванасць і гармонія.
З Хрыстом мы з чужых адзін аднаму людзей ператвараемся ў родных і блізкіх, у адну сям’ю. Імя гэтай сям’і — Царква. І зараз у нас сямейнае свята — Нараджэнне Богадзіцяці. Добрымі справамі адзначым святыя калядныя дні, і няхай Віфлеемская зорка пакажа нам шлях туды, дзе больш за ўсё патрэбная наша дзейная любоў!
Са святам, родныя!
З любоўю ў Хрысце Народжаным