Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!
«Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14)
Углядаючыся ва ўбогую бэтлеемскую стаенку, у чарговы раз знаходжуся разам з вамі ў радасным здзіўленні, што Усемагутны Бог стаў дзіцем і менавіта такім дае нам Сябе пазнаць. Ён прыходзіць у свет як слабы, безабаронны Бог-Чалавек, якому патрэбна апека. Прыходзіць канкрэтна да нас, хоча быць намі прыняты і пасяліцца між намі (пар. Ян 1, 14).
З нагоды святаў Божага Нараджэння жадаю ўсім дарагім дзецям, любай моладзі, клапатлівым сужэнцам, людзям, закранутым хваробай і цярпеннем, а таксама кожнаму з вас адкрыць зноў, што найвялікшым шчасцем для чалавека з’яўляецца клопат пра — часамі такую крохкую — прысутнасць Бога ў нашым жыцці і разуменне, што Яму ў дапамогу патрэбны нашы рукі і вусны, наша чулае сэрца і наш час, каб Народзіны Любові маглі перамяніць нас і жыццё нашых блізкіх.
У нашы складаныя і неспакойныя з многіх прычын часы няхай святкаванне Божага Нараджэння будзе для нас усіх выклікам і заахвочваннем да дзейнасці дзеля супольнага дабра, да размовы, поўнай павагі, да прабачэння і станаўлення па-над усялякімі спрэчкамі і непаразуменнямі, якія — у святле Пана, які прыходзіць, — здаюцца неістотнымі.
Няхай гэта будзе час адкрыцця годнасці кожнай асобы, да чаго нас нястомна заклікае Папа Францішак, «бо нельга патрабаваць павагі да сябе самога без павагі да іншых; нельга атрымліваць, калі адначасова не хочам даваць».
Няхай гэта будзе час адзінства, любові, надзеі і дабрыні ў кожнай сям’і, нашым грамадстве і краіне, бо сёння Бог аб’яўляецца ў Чалавеку.
Хацеў бы пажадаць, каб новы год, які прыходзіць, прынёс толькі добрыя дні, пачуццё бяспекі і ўпэўненасць, што Божая Любоў спадарожнічае ўсім тым, хто на яе спадзяецца. Каб гэта быў год, поўны добрых хвілін і добрых людзей вакол.
На час супольнага святкавання, актаву Нараджэння Пана і ўвесь год Панскі 2022 ад усяго сэрца вас благаслаўляю!