Косiць траву па вайбэры — старшыня ЖБК пра камуналку, зарплату i родную мову

Андрэй БОРКА узначальвае некалькі дзясяткаў арганізацый уласнікаў. У яго дамах шыльды, дошкі аб’яваў і нават чаты ў вайберы — беларускамоўныя, а жыхары ўжо некалькі гадоў карыстаюцца электроннымі квітанцыямі. Як выкладчык гісторыі і юрыст стаў самым папулярным у горадзе старшынёй, чаму кіраваць домам — няпростая справа, ці можна менш плаціць за «камуналку» і якім павінна быць камфортнае жыллё, расказаў «Вячорцы» наш госць.

Пра старшынь і канкурэнцыю

Андрэй скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі (1921 па 1939 гг.)». Працаваў у школе, пасля — ва ўніверсітэце. А ў 2009 годзе ўзначаліў свой першы кааператыў на Стралковай вуліцы, дзе і жыве дагэтуль.

У свае 40 гадоў ён старшыня некалькіх дзясяткаў дамоў у розных раёнах горада — Вішнявец, Альшанка, Каўбасіно, цэнтр, вуліцы Дзяржынскага і Лідская, а цяпер і Грандзічы. У іх жыве каля 10 тысяч чалавек. Старэйшаму дому — дванаццаць гадоў.

— У мяне заўседы пытаюцца: «Колькі дамоў ты яшчэ можаш браць?» Я і сам не ведаю. Калі выбіраюць, значыцца давяраюць. Мабыць, я не самы горшы, — смяецца Андрэй. — Добра, што гэта пасада выбарная: сёння цябе запрасілі, а заўтра, калі будзеш дрэнна працаваць, цябе на вілы пасадзяць. На сходах я адразу папярэджваю, колькі арганізацый уласнікаў ўзначальваю. Але, на жаль, яшчэ ніхто не адмовіўся. Некаторыя, наадварот, надта ўпёртыя. І мне такія падабаюцца, з імі прыемна працаваць, бо яны хочуць, каб штосьці ў іх доме змянілася.

Старшыня павінен быць прафесіяналам, і самае дарагое, што ў яго ёсць, — гэта вопыт і веды.

— Не раю выбіраць на гэтую пасаду кагосьці са свайго дома, гэта павінен быць той, у каго ёсць веды і вопыт. Сёння я не той старшыня, што быў 5–10 гадоў назад. Тыя памылкі, што я рабіў раней, цяпер ужо прадбачу і не паўтару.

Андрэй — за здаровую канкурэнцыю, бо у людзей павінна быць права выбару. І смяецца, калі іншыя старшыні палохаюць ім сваіх работнікаў:

— Быў такі выпадак. Адзін старшыня жартаваў з дворніка: «Ты, кажа, прыбірай снег да пліткі, бо, калі людзі будуць незадаволеныя, на маё месца прыйдзе Борка. А мне тут да пенсіі нядоўга засталося».

Пра заробак

Старшыня — як дырыжор у аркестры, кажа Андрэй. Ён адказвае за ўсё ў доме і павінен шмат хадзіць не толькі по сваіх сотках.

— У многіх ёсць уражанне, што старшыня толькі сочыць за дворнікам: калі ў пад’ездзе чыста, значыць, працуе, — дадае суразмоўца. — Але ёсць і іншыя пытанні: утрыманне агульнай маёмасці ў належным выглядзе, праца з пастаўшчыкамі паслуг, выбар падрадчыкаў, нават кансультацыі жыльцоў па юрыдычным пытаннях адносна маёмасці.

Андрэй прызнаецца, што свой заробак вымярае заробкам настаўніка ці доктара з улікам кошту паслуг у сваіх калег.

— У старшыні, у якога адзін дом, паслуга заўсёды будзе каштаваць даражэй. У мяне адразу некалькі дамоў. Трэба нешта набыць, напрыклад свяцільнікі, шаравыя краны, лямпачкі, фарбы, пастаўшчыкі згодныя ісці на зніжкі. Плюс лагістыка, — тлумачыць старшыня. — У мяне шмат дамоў не таму, што хочацца зарабіць, а таму, што іншыя не хочуць гэтым займацца. Тут не заробіш добрыя грошы, але людзі плацяць стабільна. Некаторыя калегі жартуюць: у мяне дамоў менш, але заробак большы. Значыць, я так служу людзям. Мой кантралёр — мае сумленне.

Пра чаты і жыхароў

Андрэй робіць дваццаць чатыры гадзіны сем дзён на тыдзень. Прасцей працаваць у старэйшых дамах: жыльцы менш патрабавальныя. Затое ў новых кааператвывах пакаленне іншае — прымушае развівацца. Цяпер мала тэлефануюць, больш пішуць у вайбер. У старшыні ёсць чаты для ўсіх дамоў. Жартуе, што трэба шукаць таго, хто будзе дапамагаць іх чытаць.

— Старшыня павінен быць стрэсаўстойлівым. Некаторыя не заводзяць групу дома ў вайберы, і я іх разумею — навошта стрэс? Могуць пісаць і ў пятніцу ўвечары, і ў суботу. Але так я магу хутка данесці інфармацыю, і гэта люстэрка маёй працы. Ёсць праблема ў доме і яе прапісалі ў чаце — для мяне гэта пасыл хутка яе выправіць, бо незадаволенасць назапашваецца. Можна правесці апытанне. Сёння мы робім уваходныя групы: пліткі нафатаграфаваў, закінуў у вайбер, лайкайце, выбірайце. Але калі не пішуць у чатах, не тэлефануюць, ужо сумна. Думаешь, можа, што з тэлефонам здарылася? — смяецца Андрэй.

Ва ўсіх таварыствах ёсць сістэма відэназірання. Кожны жыхар праз мабільны дадатак можа праглядаць запісы анлайн і ў архіве.

— Многія жартуюць, што я кашу траву праз вайбер, — гэта амаль што так, толькі праз інтэрнэт, — дадае наш суразмоўца. — Па камерах можна анлайн назіраць, якая трава пад домам і куды трэба накіраваць касца. Адразу бачна, быў работнік, у тым ліку старшыня, ці не. Чалавек — істота лянівая, і старшыня — не выключэнне (смяецца). А калі ёсць камеры відэаназірання, гэта дысцыплінуе.

Паспяховасць у таварыстве ўласнікаў, лічыць Андрэй, залежыць ад таленту дамовіцца:

— Пры такой колькасці дамоў я бачыў розных людзей. Пры гэтым трэба паважаць кожнага з іх. Часам цяжка гэта зрабіць — у людзей розныя інтарэсы, мы самі розныя ад прыроды, але яны мае наймальнікі. Я паважаю права кожнага, але заўседы кіруюся рашэннем большасці.

Большасць уласнікаў плаціць “камуналку” добрасумленна. Але ёсць у кааператывах і тыя, хто запазычвае грошы. Так, адна сям’я на Вішняўцы засталася без электрычнасці і газа. Цяжэй з неплацельшчыкамі, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей.

Related Post

Пра плату за «камуналку»

Борка лічыць, што цана за камунальныя паслугі залежыць не толькі ад тэхнічных асаблівасцей дома, але і ад умення старшыні эканоміць. Напрыклад, на тэхнічным абслугоўванні і ўнёсках жыхароў.

— Калі правільна скалькуліраваць свае выдаткі, то на большасці дамоў збіраць на заробак старшыні і бухгалтара асобна не трэба. Напрыклыд, у звычайнай трохпад’езднай панэльцы. І у мяне такіх дамоў большасць. Дадаткова збіраем толькі на прыбіранне пад’ездаў і прыдамавой тэрыторыі. У тых дамах, дзе ёсць унёскі, яны залежаць ад плошчы дома і складаюць не больш за 15 капеек з «квадрата».

Ужо некалькі гадоў у таварыствах, якія ўзначальвае Борка, карыстаюцца электроннымі жыроўкамі, папяровыя атрымліваюць звычайна інваліды і пенсіянеры.

А яшчэ у арганізацыях уласнікаў мінімум штатных супрацоўнікаў. Амаль усе яны — гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, якія знаходзяцца на аутсорсінгу. Гэта значна танней і прасцей, пры гэтым працоўная дысцыпліна вышэй.

— Мая задача — паменшыць кошт паслугі. Таму з маім прыходам на дом многія губляюць працу. І кожны такі выпадак для мяне балючы. Са мной працуюць прафесійныя электрыкі, сантэхнікі, бухгалтары, дворнікі, для якіх іх праца — галоўны від дзейнасці. Яны гатовыя павялічыць аб’ём і пры гэтым прапанаваць ніжэйшы кошт паслугі, — кажа старшыня. — І мае людзі працуюць на папярэджанне, а не на ліквідацыю аварыі, бо тэрміновы рамонт даражэй, чым планавы. Можна ўкруціць «лямпачку Ільіча», якае каштуе пяцьдзясят капеек, а можна купіць за паўтара рубля светадзіодную — і электрыку менш хадзіць, і спажыванне электраэнергіі змяншаецца. Па выніку — сэканомілі.

У арганізацыях уласнікаў таксама ёсць нарматывы па прыбіранні, але тут прыбіраюць часцей і жыльцы гатовыя плаціць больш. Галоўнае, каб было чыста.

Пра беларускую мову

Андрэй размаўляе толькі па-беларуску, на роднай мове праводзіць сходы ўласнікаў, піша ў чатах ў вайберы, складае дакументы, нават робіць шыльды і аб’явы на дамах. Сам ён не прыхільнік гвалтоўнай беларусізацыі, але калі ў краіне двухмоўе, дзве мовы павінны шырока выкарыстоўвацца.

— Увесь тэхнічны персанал скардзіцца, што прымушаю вучыць беларускую мову. Але асабліва эмацыйна часам выказваюцца жыхары. Нават узнікаюць дыскусіі: халера, піша на беларускай мове, а мы не разумеем, — смяецца старшыня. — Затое напішу на роднай мове, вы хоць прачытаеце. Дарэчы, калі раней магла быць дадзена заўвага, то цяпер адсотак людзей, якія выступаюць у абарону беларускай мовы, павялічваецца.

У некаторых дамах у Альшанцы і Каўбасіно на дошках для аб’яў старшыня цытуе знакамітых беларускіх дзеячоў — Багушэвіча і Скарыну, прыводзіць невялікую даведку пра тых, у гонар каго названа вуліца.

Пра веласіпеды і пад’емнікі для інвалідаў

Борка лічыць, што трэба развіваць зоны адпачынку: ствараць паркі, сучасныя гульнёвыя комплексы, спартыўныя пляцоўкі, каб спрабаваць выцягваць дзяцей на вуліцу. Акрамя гэтага праектаваць больш дамоў з закрытымі дварамі, падземнымі паркінгамі, зараднымі станцыямі для аўтакараў. Павінна быць канцэпцыя размяшчэння кандыцыянераў. У Мінску, напрыклад, прыватныя забудоўшчыкі адразу прадугледжваюць нішы для іх.

— Сёння ў таварыствах, дзе ёсць магчымасць, ствараем памяшканні для ровараў. Няхай гэта каштуе нейкія грошы, але гэта інвестыцыя ў будучыню, здароўе. Я за развіцце роварнага спорту і безбар’ернага асяроддзя. Часам кажуць: нам не патрэбныя месцы для інвалідаў на паркоўцы. Мая пазіція такая: сёння — не, заўтра — магчыма, але хай яны будуць, а вы не карыстайцеся. Таксама пад’ёмнікі. Калі яны ёсць, то павінны працаваць. Але часам пад’ёмнік ёсць, а як ім карыстацца, не прадумана, — мантаж для галачкі.

Па словах старшыні, трэба стымуляваць развіцце канкурэнцыі — ад будаўніцтва да абслугоўвання. Чалавек павінен выбіраць, хто будзе будаваць і абслугоўваць яго дом. Дайце людзям магчымасць вырашаць самім. Тады не будзе канфліктаў. У Гродне не хапае элітнага ці прэміум-класа жылля.

 

— Чаму людзі павінны думаць, як паставіць шлагбаум, пасадзіць туі? Чаму гэта не прадугледжана праектам, а туй няма пад домам адразу са штучным палівам? Да нас павінны прыйсці тэхналогіі. Гэта будзе даражэй, але больш якасна.

У тэму

Пытанне, канешне, цікавае

З 1 верасня тры камунальныя паслугі будуць лічыць ад квадратных метраў, а не па колькасці чалавек. І Андрэй лічыць, што гэта справядліва:

— Есць дапаможнае абсталяванне. Напрыклад, цыркуляцыйная помпа круціць цяпло, за якое мы плацім па «квадратах». Свет у пад’ездзе павінен гарэць незалежна ад таго, колькі чалавек зарэгістравана ў кватэры. Тым больш квадратура — велічыня пастанная. Что датычыцца ліфта, абслугоўваючую арганізацыю не цікавіць, колькі чалавек перавёз ліфт, яна кожны месяц выконвае работы па рэгламенту. Гэта ўплывае на кошт.

Share
Published by
Наталья Корнеева