Вечар сустрэчы з выпускнікамі — гэта святое! Прынамсі, на працягу першых чатырох – пяці год, калі вучышся ў інстытуце, тэхнікуме ці ўніверсітэце.
Ад рэдакцыi.
Вiктара Шалкевiча прыемна чытаць, а яшчэ лепей слухаць. Таму па нашай прапанове ен чытак тэкст. Хто хоча — слухайце, хто хоча — чытайце!
Але пачну здалёк, як у нас у Гродне кажуць, ад Скідзеля.
Студзень 1977 года.
Прыяжджаеш дахаты, у Поразава, пасьля першай, самай сапраўднай, пасьпяхова здадзенай зімовай сесіі, і трапляеш чамусьці на пахаванне. Памёрла старая бабця ў вуліцы, нікога асабліва не мучыла, і хату ўнукам адпісала, адным словам, дастойна сышла з гэтага сьвету.
Трэба было памагчы несці труну, бо лішнія рукі і плечы заўсёды ў такой справе прыдаюцца, а ў семідзесятыя гады пра пахавальныя канторы ніхто і не чуў. З хаты да касцёла, з касцёла на магілкі.
Пасьля — абавязковыя хаўтуры, прычым удзячныя сваякі не шкадавалі грошай ні на закускі, ні на алкаголь, таму стол застаўлены ўсялякімі каўбасамі, марынаванымі грыбамі, вантрабянкамі і сальцэсонамі, а ў вялікіх празрыстых графінах прыветліва паблісквае самагонка.
Пацеры, потым выпіванне і закусванне. Я выпіў першую стаграмоўку (хто памятае, былі такія прыгожыя гранёныя шкляначкі), узяў раз нешта на відэлец, з’еў, і сяджу. Сусед-каваль насупраць здзіўлена пытаецца: Віцю, чаго ты нічога не ясі? Я падумаў і адказваю: «Адвык…»
І ў першую суботу лютага — першы вечар сустрэчы з аднакласнікамі, з якімі з усімі дзесяць год праседзеў: ад 1 «Б» з Марыяй Нікіфараўнай Горбач да 10 «Б» са Станіславам Антонавічам Шалкевічам — нашыя класныя кіраўнікі.
Мілая старая «Порозовская русская средняя школа», гардэроб, актавая зала на другім паверсе, узрушаныя расчырванелыя настаўнікі, завуч, дырэктар, былыя вучні, старшакласнікі — усе вітаюцца, абдымаюцца, паціскаюць рукі, цалуюцца, групуюцца і абмяркоўваюць, па колькі, як і калі трэба сысці ў рэстаран «Колас» — адзінае месца, каторае можа прыняць ледзь не ўсіх, а каго не прыме, тыя пойдуць да кагосьці ў хату.
Адкрыццё вечара, прамовы ўперамежку з канцэртнымі нумарамі, усё кранальна і файна.
Некаторых з нас запрашаюць на сцэну, задаюць пытанні…
Усё! Місія скончаная!!!
Непрыкметна нехта з нашых класных завадатараў, можа Міця Вайцехоўскі, можа Вова Курыла, падае знак: мы паступова ўстаем з месцаў, хуценька апранаемся і амаль не бягом бяжым у «Колас».
Каторыя былі вопытнейшыя і старэйшыя, тыя загадзя пазаймалі месцы ў кабінках —ізаляваных памяшканнях, мы сядзім разам з маладзейшымі і малавопытнейшымі ў агульным зале.
Гвалт неймаверны!!!
Але нам і так добра. Панабіралі замнога гарэлкі, «Экстра» была, але гадкая страшэнна, хіба што з нафты. Закусіць, канешне, як заўсёды, па маладосці і нявопытнасці узялі мала, таму з’елі хутка ўсё, а гарэлкі застаецца многа — не кінеш!
Нас, асабліва хлопцаў,пачынае «развозіць»…
Мы п’ем гэтую гарэлку, і нешта пра ўсё са ўсімі гаворым, успамінаем, абмяркоўваем, хвалім і хвалімся, ходзім да іншых столікаў…
Мы наліваем, нам наліваюць, мы частуем педагогаў, якія выпадкова ці невыпадкова знайшліся ў зале-
Сьвята канчаецца, калі рэстаран мусіць зачыніцца.
Дахаты дайсці складана, але трэба! Губляеш сваю пальчатку ў сьнезе, вяртаешся — знаходзіш. Значыцца, не ўсё так кепска…
Гэтыя першыя пяць ці шэсць вечароў былі амаль што аднолькавымі па зьместу і па сутнасьці. Потым ужо, калі мы перайшлі ў катэгорыю старэйшых і вопытнейшых, то сталі займаць кабінкі, замаўлялі больш яды і меней гарэлкі, дзяўчатам — віно. Меней пілі, болей гаварылі.
Размовы круціліся вакол таго, што мы робім і кім мы сталі.
Адыходзілі нашыя Бацькі, расьлі нашыя дзеці. Жыцьцё брала сваё.
Так што вечар сустрэчы з выпускнікамі — гэта сьвятое! Прынамсі, на працягу першых чатырох-пяці год, калі вучышся ў інстытуце, тэхнікуме ці ўніверсітэце. Потым пачынаюцца дарослыя сур’ёзныя гады, жанячка, праца, праблемы і хваробы, вырываешся на нейкія круглыя даты дваццаць год, трыццаць, трыццаць пяць. А потым… потым ужо чалавека толькі трактарам можна звалачы з канапы
Мы — 10 «Б» клас выпуску 1976 года усе жывыя і здаровыя. У гэтым годзе перападае роўна 45 год, як мы атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі, і хто аўтобусамі, хто цягнікамі паехалі ў шырокі сьвет ствараць сабе далейшую біяграфію.
Што заўважаў, гледзячы на нашых дзяўчат — з гадамі яны рабіліся толькі прыгажэйшымі. Хлопцы — па рознаму.
Але ніхто з нас не зьведаў ні турмы, ні сумы.І гэта добра.
А вось ці зьбяромся ў гэтым годзе — не ведаю…
P.S. Ну што, знайшлi нашага героя на здымку?