Віншаванні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння і Новы год

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Гэты гімн радасці і праслаўлення спявалі хоры анёлаў у ваколіцах Бэтлеема ў ноч Божага Нараджэння. Сёння тыя ж словы гучаць на вуснах і ў глыбіні сэрцаў вызнаўцаў Хрыста ва ўсім свеце.

У святы Нараджэння Пана хвалім і праслаўляем Бога, які ў сваёй бясконцай любові да людзей здзейсніў штосьці неверагоднае: у Асобе свайго Сына Езуса Хрыста стаў сапраўдным Чалавекам, Эмануэлем — Богам з намі. Спрадвечнае Слова Нябеснага Айца «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14).

З прыходам у гэты свет Божы Сын пранікае ў штодзённасць чалавечага жыцця, каб адарыць жаданым спакоем нашыя сэрцы, якія — на жаль — так часта поўняцца смуткам, няўпэўненасцю і страхам. Божае Нараджэнне прыгадвае, што мы не адзінокія, што на дарогах зямнога пілігрымавання нам спадарожнічае Езус Хрыстус, якога штодзённа сустракаем там, дзе знаходзімся: у родных дамах, у месцах вучобы і працы, у мітусні гарадоў і зацішку вясковых ваколіц.

У Асобе Езуса Хрыста Пан Бог гарантуе кожнаму сваю бязмежную, безумоўную любоў, якая нікога не выключае і ні пра каго не забываецца. Каб дасведчыць гэтую Божую любоў, дастаткова проста прыняць яе як дар, адкрыць на яе сваё сэрца і дазволіць, каб у ім пасялілася. Няма большага шчасця, чым адчуваць любоў Бога і верыць, што ў Асобе Сына Нябесны Айцец прысутны з намі, а мы — з Ім!

Related Post

У гэты святочны час складаю ўсім Вам, дарагія Браты і Сёстры, свае сардэчныя пажаданні. Езус Хрыстус нарадзіўся зноў, каб асвяціць і перамяніць сваёй ласкай нас, нашы сем’і, парафіяльныя супольнасці і ўсё грамадства… Няхай праўда аб прыходзе ў свет Божага Сына абудзіць радасць, умацуе надзею, распаліць любоў у кожным чалавечым сэрцы. Няхай Добрая Навіна аб Богу, які стаў адным з нас, зробіць нас здольнымі заўважаць Яго ў бліжніх.

Жадаю Вам поўных радасці, спакою і ўзаемнай любові свят Божага Нараджэння. Памятаю пра ўсіх у малітве перад яслямі нованароджанага Збаўцы і прашу для кожнага аб добрым здароўі, святле Святога Духа, моцнай веры, Божым бласлаўленні, шчодрых ласках і дарах у надыходзячым Новым 2020 годзе!

З пастырскім бласлаўленнем Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі

Share
Published by
Служба новостей "ВГ"