Велікодныя віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча вернікам Гродзенскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!

Падчас велікодных святаў разам з усім Паўсюдным Касцёлам мы спяваем старажытны гімн праслаўлення: «Узрадуйцеся, мноствы анёлаў, у небе; весяліцеся, слугі Бога. Няхай загучаць званы, што абвяшчаюць збаўленне, бо такі вялікі Кароль святкуе перамогу». У Пасхальнай таямніцы мы ўшаноўваем трыумф Езуса Хрыста над сіламі цемры, граху і смерці. Праз сваю Муку, Смерць і Уваскрасенне Сын Божы раз і назаўсёды скрушыў кайданы зла, перамог адвечнага ворага нашага збаўлення, а ўсяму чалавецтву аб’явіў бязмежнасць Божай любові і ўказаў шлях да жыцця вечнага.

Як нагадвае нам святы апостал Павел, «усе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся […] каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці» (Рым 6, 3-4). «Мы збаўленыя праз надзею» (Рым 8, 24).

Перажываючы радасць велікодных святаў, жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб пасланне надзеі, якое Уваскрослы Збаўца нясе ўсяму чалавецтву, апраменьвала кожны дзень жыцця святлом Божай праўды. Няхай Хрыстус Пан напоўніць вашы сэрцы мірам і даверам, умацуе ў іх веру і любоў, адорыць моцай і адвагай у пераадоленні ўсялякіх цяжкасцяў. Няхай Божая ласка вядзе кожнага з вас шляхамі штодзённасці да хвалы будучага ўваскрасення.

Related Post

Дарагія дыяцэзіяне, яднаюся духоўна з кожным з вас у радасным святкаванні Пасхі нашага Збаўцы, жадаю Божага благаслаўлення, добрага здароўя, шчодрасці ўсялякіх ласкаў і дароў ад Хрыста Уваскрослага, а таксама запэўніваю ў маёй памяці ў малітве.

Вясёлага Аллелюя!
Хрыстус уваскрос!
Aляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі

Share
Published by
Служба новостей "ВГ"