Хоць міжнародны жаночы дзень — гэта не Каляды, а тым больш не Вялікдзень, але менавіта з ім звязаная проста неверагодна вялікая колькасць успамінаў…
Найперш сьвяточны канцэрт у школе, штогод аднолькавыя літмантажы, у тыя гады вельмі папулярныя, калі на сцэну выходзіла чалавек з пятнаццаць вучняў у белых кашулях і чырвоных гальштуках, і кожны выляпётваў свае чатыры радкі пра мілую маму, харошую маму, пра слаўных працаўніц, каторыя на фермах і ў кароўніках даглядаюць парасят ды цялят:
На неё равнятся-
вот задача главная!
Шлём тебе привет горячий
Героиня славная!!!!
Потым розныя лірычныя песні, у асноўным сумнаватыя і мінорныя:
Но в марте нет сирени, гвоздики не достать
А можно на листочке цветы нарисовать
Прибью картинку эту над маминым столом
И маму дорогую поздравлю с женским днём!!!!
Нашае дзяцінства было хоць і цікавым, але непараўнальна з сённешнімі часамі фінансава бяднейшым- бацькі нашыя і мамы працавалі па калгасах ці пякарнях за 60-70 савецкіх рублёў у месяц, лічылі кожную капейку,бо дзяцей у хаце не бракавала…
А мы самі, бачачы, як нашыя бацькі цяжка і штодзённа працуюць, стараліся сабе зарабіць якога рубля ці два- то сушылі і здавалі ў аптэку падарожнік ды сьвятаяннік, то валачылі ў нарыхтоўчы ларок пустыя бутэлькі ці металазлом, то абрывалі рабіну, а хто быў старэйшы і мацнейшы- ішлі цёгаць мяшкі ў амбары ці класці каменні на дарогу…
Але перад восьмым – хочаш не хочаш- гэтыя грошы трэба было патраціць на падарункі, паштоўкі, розныя там мілыя і прыемныя глупствы.
Добра, калі ў цябе было дзве альбо тры паперкі па дзесяць рублёў.А калі пару зашмальцаваных рублёў з капейкамі?
І вось стаіш сабе ва Ўнівермагу перад паліцамі з адэкалонамі і пэрфумамі і камбінуеш, каб табе грошай хапіла на падарунак Маме…
Стаялася гадзінамі, лічылася і пералічвалася, дадавалася і адымалася, і нарэшце знаходзіўся самы прыймальны варыянт…
З паліцы забіраліся «Духи Подарочные» за два рублі пяцьдзесят капеек, нейкі таямнічы ці то сухі шампунь ці то парашок для нармальных валасоў, крэм для сухое скуры, яшчэ нешта — ужо не памятаю, усё гэта неслася ў хату, хавалася ў шуфлядку, каб потым з ранку восьмага быць выцягнутым на сьвет Божы і падораным адзінай і дарагой Мамачцы…
Нічога, што потым сухі шампунь аказваўся не шампунем, а фарбаю для валасоў — дзе там адзінаццацігадовае ці дванаццацігадовае дзіця разбіралася ў парфумэрыйных завулках і перакрыжаваннях, галоўнае, што Мама была задаволеная…
Мамы даўно няма на сьвеце…
Падарункі можна купіць неверагодна якое якасці…
Кветкі прадаюцца паўсюль і розныя…
Толькі памятаеш – семідзесятыя гады, стары поразаўскі універмаг на рагу Сьвіслацкай і Ваўкавыскай вуліцаў, і сябе, з пакамечанымі рублямі ў далоні.
Сёння — Восьмае сакавіка…
Са Сьвятам Вас, Нашыя Дарагія!!!!