Амаль што кожны новаабраны Рымскі Папа, які ўзыходзіў на прастол Сьвятога Пятра ў Рыме, заўсёды праводзіў большыя ці меншыя зьмены, накіраваныя на ўдасканаленне функцыянавання каталіцкай царквы!
«Только что созданные воинские подразделения Советской России получили боевое крещение в боях с германскими войсками»
«День в истории. Справочник, 2001 г.»
Амаль што кожны новаабраны Рымскі Папа, які ўзыходзіў на прастол Сьвятога Пятра ў Рыме, заўсёды праводзіў большыя ці меншыя зьмены, накіраваныя на ўдасканаленне функцыянавання каталіцкай царквы!
А некаторыя Папы ўвогуле засталіся ў сусьветнай гісторыі сьмелымі ды рашучымі рэфарматарамі — той самы Рыгор XIII, які ўвёў новы каляндар замест старажытнага юліянскага, ці Павал VI, рэарганізатар Рымскай Курыі, ці Ян Павел II, падарожнік і прапаведнік, ці цяперашні Францыск…
Але больш за ўсё мне падабаюцца Папы, каторыя бэззваротна і бэзкампрамісна вычышчалі касцёльныя сьвятцы, выкідаючы адтуль неймаверную колькасць усялякіх сумнеўных ды міфічных сьвятых, якія туды трапілі незразумела калі і незразумела за якія заслугі.
Бо там займалі месцы як рэальныя фізічныя асобы, так і легендарныя персідскія ці сірыйскія каралевічы, ці афрыканскія вялікамучанікі і вялікамучаніцы, і ўвогуле асобы, перамяніўшыя міфічную старажытнагрэцкую ці старажытнарымскую прапіску на раннехрысціянскую і катакомбную.
Карацей, з гэтымі казачнымі персанажамі разбіраліся дастаткова аргументавана і прафесійна, пасля чаго сьвятцы рабіліся вальнейшымі, дыхалася лягчэй і прастарней, як ксяндзам і біскупам, так і пастве…
«Вялікі магучы Савецкі Саюз» пакінуў у спадчыну нованароджаным нацыянальным рэспублікам несканчаемую колькасць усялякіх сьвятаў, як агульных, так і вузкаспецыялістычных, таму мы штогод купаемся ў фантанах, ходзім у шапках з зялёным верхам у раёне плошчы Перамогі, бегаем за кветкамі і шампанскім, ці ўспамінаем раз на год з дзяцінства помныя радкі:
Над Кремлёвскою стеной
Самолётов звенья,
Слава армии родной
В день её рожденья.
…пасьля чаго афіцыйна абсалютна на працы выпіваем ды закусваем…
Сьвята 23 лютага мне прыпамінае якраз таго міфічнага сьвятога сірыйскага каралевіча, каторы нібы быў, а нібы ня быў… Гісторыкі даўно разабраліся з гэтаю датаю, ніхто там у гэты дзень нікога не перамог, немцы наступалі, матросы пакінулі пазіцыі і паўцякалі, разгневаны Ленін нешта там пра гэта не ў вельмі добрым тоне напісаў, але Нарва і Пскоў неяк так заселі ў нашых галовах, што іх адтуль калом добрым не выжанеш.
Успомніце, як пачынаўся дваццаць трэцяга лютага кожны высокатрыбунны афіцыйны даклад: «В этот день героические части Красной Армии под Нарвой и Псковом…»
…і гэтак далей…
Дык быў сьвяты?
Ці не было яго?
Але ж шкада даты: як жа, дзяўчаты і жанчыны на рабоце скідваюцца грашыма, накрываюць сталы, ставяць вінегрэты і салаты, мужчыны сядзяць паны-панамі, гарэлка ідзе як вада, а ўспамінаў колькі пра мінулыя часы, пра службу ў войску, пра подзвігі вялікія і малыя, і ані слова пра Нарву ды Пскоў…
Народ вельмі мудра з гэтым сьвятам паступіў — ён яго абытавіў, ачалавечыў, ачысціў ад афіцыйнага шалупіння і славаблудства і зрабіў сваім.
Я думаю, такім яно і застанецца, свойскім, мужчынскім, можна нават сказаць СКРЭПАНОСНЫМ.
Але мала хто ведае, што ў гэты ж дзень, 23 лютага, нарадзіліся Георг Фрыдрых Гендэль і Патрыярх Алексій II, і было створана ваенізаванае фармаванне пад назваю БКА, але гэта зусім іншая тэма.
Як і заўсёды было ў такі дзень — слава мужным абаронцам Айчыны!
Абавязкова стоячы!
І абавязкова да дна!