Дом па адрасу Сацыялістычная, 44 вядомы знаўцам Гродна як «дом Крэйцара». З-за свайго выгляду будынак мае і другую назву — «дом з ліліямі». Цяпер, пасля заканчэння рэканструкцыйных і рамонтна-будаўнічых работ гэты дом уяўляе сабою прыгожы прыклад вяртання да жыцця помніка гарадской архітэктуры.
Як гэта нярэдка бывае, архіўная знаходка дазваляе праліць святло на тыя нешматлікія факты гісторыі, якімі карыстаюцца сучаснікі, і скласці ў адзінае цэлае асобныя фрагменты мінулага. Такой знаходкай стала справа маскоўскага Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі «Прошение Крейцера В. Н. на имя Керенского А. Ф. с просьбой оказать содействие в расследовании дела о его выселении из Гродно и установлении за ним полицейского надзора». Архіўная справа знаходзіцца ў фондзе А. Ф. Керанскага. Прашэнне У. Крэйцара да знакамітага пазней прам’ер-міністра ёмістае і падрабязнае, з неаднаразовымі паўтарэннямі і эмацыянальнымі аўтарскімі разважаннямі. Але разам з тым яго тэкст дазволіў даведацца значна больш пра гаспадара вядомага гродзенскага будынка і пра сам будынак.
Дом на вулiцы Гарохавай
Уладзімір Мікалаевіч Крэйцар (1867 г. н.) — купец 2 гільдыі, жыў у Гродна з 1890 г. з жонкай Ірынай (Ірмай) Аўгустаўнай Крэйцар (Матуш), дачкой Элеанорай (1904 г.н.) і сынам Іванам (1906 г. н.). У 1911 годзе набыў за 45 тысяч рублёў на тагачаснай Гарохавай вуліцы дом у стылі мадэрн, пабудаваны годам раней. Па маці, Антаніне Антонаўне (1845 г. н.), якая пражывала з сынам, У. М. Крэйцар паходзіў з шляхецкага роду Лісецкіх (маёнтак Карнуцішкі, Ашмянскі павет Гродзенскай губерні). Яго бацькам быў настаўнік прыхадской вучэльні г. Шаўлі калежскі рэгістратар Мікалай Уладзіміравіч Крэйцар (1834-1914).
Уладзімір быў адным з трох сыноў М. У. Крэйцара. Тры браты мелі розныя заняткі. Канстанцін Крэйцар у чыне падпалкоўніка служыў начальнікам Маскоўскай канвойнай каманды, Мікалай Крэйцар, адстаўны гарадскі суддзя, жыў у Вільне. Уладзімір Крэйцар, адстаўны калежскі рэгістратар, на працягу больш за дваццаці год займаўся паспяховай гандлёвай дзейнасцю, з’яўляючыся адзіным у Расіі афіцыйным дыстрыб’ютарам 2-х чыкагскіх заводаў напальных лямп. Да 1915 г., за 23 гады сваёй купецкай дзейнасці, У. М. Крэйцар рэалізаваў больш за 40 тысяч такіх лямп, і лічыўся вельмі заможным гродзенскім прадпрымальнікам. Абароты гандлю У. М. Крэйцара напальным медным і бронзавым абсталяваннем даходзілі да 100 тысяч рублёў.
Электрычны званок i галубятня
У будынку на першым паверсе знаходзіўся магазін музычных інструментаў, які таксама належаў Крэйцару. Сярод тавараў заможныя гарадзенцы маглі набыць амерыканскія арганы фізгармоніі і раялі знакамітай фірмы Steinway. Менавіта гэтая адметнасць можа быть тлумачэннем выяў ліраў на пілястрах будынка.
У. М. Крэйцар спецыяльна займаўся аздабленнем будынку, які сваім выглядам звяртаў увагу гараджан і прыезжых. Другі паверх дому быў жылымі пакоямі сям’і Крэйцараў. Памяшканні мелі шыкоўныя ляпныя аздобы і былі абсталяваны каштоўшай мэбляй. У гасціннай стаяў раяль Steinway коштам 4,5 тысячы рублёў. Адметнасццямі дома Крэйцара таго часу былі жалезабятонныя слупы і электрычны званок на ўяздной браме двара, сігнал якога быў праведзены ў жылыі пакоі Крэйцараў. У двары дома знаходзілася вялікая галубятня.
«Шпіянаманія»
У вясну 1915 г. У. М. Крэцар быў ілжыва абвінавачаны этапным камендантам 15 армейскайга рускага корпуса ў шпіянажы на карысць Германіі. Па іроніі лёсу, аргументамі для абвінавачвання У. М. Крэйцара паслужылі электрычны званок, які не пачулі ноччу ў доме і замарудзіліся, адчыняючы дзверы ваеннаму каравулу, і паштовыя голубі, якiя быццам бы выкарыстоўваліся гаспадаром для таямнічай перапіскі з немцамі.
Гэты эпізод жыцця У. Крэйцара варты асобнага апавядання, бо яскрава адлюстроўвае тыя працэсы і настроі ў грамадстве, якія панавалі ў часы Першай сусветнай вайны. Гэта — падазронасць да асобаў габрэйскай і нямецкай нацыянальнасцяў, «шпіянаманія». У такіх умовах з’яўлялася магчымасць звядзення рахункаў, захопу чужой маёмасці і іншыях формаў прыхаванага гвалту. У якасці абвінавачвання, у такіх абставінах маглі выступаць самыя розныя аргументы. «Аднак у вас маса тавара», «а чаму надпісы па-нямецку», «адкуль сродкі для жыцця», «чаму дом у раёне крэпасці», «чаму сёстры жонкі ў Германіі, хто і дзе браты», — самыя розныя пытанні сыпаліся на У. Крэйцэра падчас допытаў. Як вынік — вердыкт жандармскага капітана аб тым, што, нягледзячы на адсутнасць якой-колечы плямы ў біяграфіі заможнага гродзенскага купца, вакол яго «склалася атмасфера з брудным пахам». З-за адсутнасцю высокіх паручыцеляў такія высновы прывялі да таго, што па загаду каменданта Гродзенскай крэпасці М. Кайгародава У. Крэйцар быў высялены разам з жонкаю і дзяцьмі ў горад Гадзяч Палтаўскай губерні пад нагляд паліцыі.
Пасля прымусовага высялення сям’і у доме засталася жыць 70-гадовая маці гаспадара, спрабуючы наглядаць за каштоўным таварам і абсталяваннем.
Што стала з домам пасля вайны
Дом і пасля вайны быў сведкам драматычных падзей. Дачка У. М. Крэйцара Элеанора у 20-я гады ледзь не загінула ад наркатычнай залежнасці. Пасля смерці У. М. Крэйцара ў доме гаспадырыла яго жонка Ірына. У часы Другой сусветнай вайны ў будынку быў тытунёвы магазін, трапіўшы пад кантроль дзяржаўнай нямецкай фірмы Auffanggesellschaft fur Kriegsteil nehmerbetriebe des Handelsim Gau Ostpreussen. Аднак І. А. Крэйцар працягвала быць адміністратарам гэтага магазіну.
З 1944 г. і далей, на працягу другой паловы ХХ ст., у доме Крэйцара былі самыя розныя ўстановы і арганізацыі: спіртатрэст, піўная лаўка, спартыўнае дабраахвотнае таварыства «Калгаснік», крама «Машпрыборы», абутковая крама і аптэка.
Дом Крэйцара — сведка векапомных падзей найноўшай гісторыі і помнік архітэктуры стылю мадэрн — працягвае жыццё ў якасці банкаўскага будынку і, як кожны стары будынак, яшчэ хавае немала ўласных таямніц. Будзем спадзявацца на іх адкрыцці і далей.
Фота з архiву «ВГ»