У бліжэйшую суботу, 4 сакавіка, на Савецкай плошчы у Гродне адбудзецца традыцыйнае свята рамеснікаў «Казюкі».
За больш за дваццацігадовую гісторыю існавання гэтага мерапрыемства яно пашырылася, стала папулярным не толькі ў гродзенцаў, але і далёка за межамі нашага горада.
Вось і сёлета на гродзенскія «Казюкі» прыедуць майстры з Бабруйска, Віцебска, Магілёва, Стоўбцаў, Мінска і іншых гарадоў.
Як распавялі ў гарвыканкаме, аматарам традыцыйных рамёстваў і сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстры прапануюць вырабы з металу, дрэва, гліны, саломы, лазы, скуры, ільну, воўны, шкла, бісеру, а таксама ўзоры дэкупажу, канзашы, скрапбукінгу, тапіарыі ды іншае.
Мы зноў сустрэнемся з сябрамі «Шчырай майстэрні» з Магілёва, удзельнікамі клубу «Карагод сяброў» са Стоўбцоў, разам з намі «Казюкі» адзначаць раённыя дамы і цэнтры рамёстваў Гродзеншчыны.
Гродзенскія майстры прадставяць у велікодных вербаў і фларыстычных кампазіцый, калекцыі лялек-абярэгаў, вязаных вырабаў, лапікавага шыцця, традыцыйнага беларускага адзення ды рушнікоў.