Гарадзенцаў навучаць адрозніваць аўтапартрэты Пікасо і Далі і пазнаваць не толькі «Чорны квадрат» Малевіча. Цыкл бясплатных лекцый «–арты і –ізмы» ад мастачкі і педагога Вікторыі Ільіной пачнецца 13 верасня а 18:30 у Цэнтры гарадскога жыцця (Савецкая вуліца, 3).
Цыкл па гісторыі мастацтва ХХ стагоддзя прадугледжаны для неабазнаных людзей, якія хочуць лепей цяміць у мастацтве. Падчас размоваў з мастачкай удзельнікі курса даведаюцца пра асаблівасці мадэрнізму, футурызму, кубізму, сюррэалізму, абстракцыянізму, пурызму, фавізму, экспрэсіянізму, супрэматызму, авангарду, поп-арту, постмадэрнізму, прымітывізму, сімвалізму, імпрэсіянізму ды іншых «–артаў ды –ізмаў» ХХ стагоддзя ў сусветным мастатцве. На першай сустрэчы абмяркуюць тэму «Пабло Пікасо: ад дзяўчат авіньёнскіх 1907 года да гарадзенскіх 2017». Заняткі будуць доўжыцца паўтары гадзіны. Уваход вольны, расказалі ў Цэнтры гарадскога жыцця.