Алесь — задуменны бландзін з блакітнымі вачыма, шырокай усмешкай і добрым голасам. Сёлета ён выпускнік універсітэта, гісторык і ніяк не «батанік». А яшчэ ён не «зорка» і хацеў бы выкрэсліць у тэкстах сваё «я». Ці не ўсе гарадскія медыя неаднаразова пісалі пра яго працы. Але чаму — для яго таямніца. Знаёмцеся, у гасцях у «ВГ» Алесь Перагудаў.
Гэта ён прапанаваў намаляваць на гарадскім аўтобусе Стэфана Баторыя. Дапамог скласці петыцыю пра шыльды са старымі назвамі гарадзенскіх вуліц. «Дамалёўваў» Фару Вітаўта на каляровых здымках і «склейваў» ваенныя фатаграфіі з сучаснымі, спрабаваў расшыфраваць знакі на Каложы і пераносіў беларускіх класікаў у ХХI стагоддзе.
Алесю 22 гады. Нарадзіўся і жыве ў Гродне. Вучыўся ў ліцэі № 1. З яго, а менавіта з расповедаў пра горад настаўніка Алеся Пятровіча Госцева, пачалося захапленне гісторыяй.
Дзяржаўны экзамен здаў на «9», абараніў дыплом. Пасля выпуска пойдзе адпрацоўваць у абласны цэнтр турызма і краязнаўства, весці гурток для школьнікаў. Зрэшты, працуе там ужо некалькі месяцаў. Мяркуе такую працу не найгоршай перспектывай, але хутчэй бачыць сябе ў турызме.
Алесю, апрача вучобы ты рабіў шмат праектаў. Навошта губляў на іх час?
— Я не губляю час, я яго так праводжу. Не губляю, а зноходжу. Мне гэта цікава. Хацеў бы, каб гараджане ведалі пра свой горад больш.
Які праект твой любімы?
— Мяне вельмі здзівіла, чаму на мае праекты звярнулі ўвагу. Шмат што не заслугоўвала, каб пра гэта пісалі. Іншыя таксама рабілі падобныя праекты пра Гродна. Але гэта не так шырока асвятлялася. Люблю праекты з выявамі, дзе шмат медыяфайлаў, дзе ёсць не толькі тэкст, але фота і відэа, звязаныя з фотаздымкамі старога і сучаснага Гродна. Калі я нешта рабіў, не хацеў, каб горад выбраў гэта, а каб людзі крытыкавалі і натхняліся рабіць нешта сваё.
Новы стары Гродна
Чым ты тлумачыш такую ўвагу да сябе?
— Магчыма, я трапіў ў патрэбнае месца ў патрэбны час.
Крыўдуеш на крытыку сваіх ідэй?
— Мяне гэта не чапляе. Мэта: каб людзі зацікавіліся. Пабачылі фотаздымак: «О, нічога сабе, а што тут раней было?», пачалі шукаць інфармацыю. Я б хацеў пашыраць веды пра горад сярод гараджан. Таксама выбітныя гарадзенцы ніяк не прадстаўленыя ў гарадской прасторы. Таму варта зацікавіць улады, мецэнатаў, каб гэтыя постаці абазначыць у прасторы.
Як ставішся да выбранага эскіза помніка Давыду Гарадзенскаму?
— Я свой голас аддаваў за іншы праект. Але аб’ектыўна ён прасцейшы і таннейшы. Лепш такі, чым нічога. Ёсць шмат супярэчных скульптур у свеце, якія выклікаюць дыскусіі, звяртаюць на сябе ўвагу. Гэта лепш, чым пустое месца.
Ты прапаноўваў зрабіць аўтобус з Баторыем, але яго пакуль няма. У цябе не апускаюцца рукі, калі праекты не рэалізоўваюцца?
— Я хацеў бы, каб ён з’явіўся. Мне прыемна, што адзін праект, дзе я быў суаўтарам, рэалізавалі. Гаворка пра шыльды са старымі назвамі вуліц. Ідэю казалі дзесяткі гадоў, але гэтым разам петыцыя спрацавала. Гэта быў досвед, каб заахвоціць грамадскасць. Засталіся іншыя справы, якія мы будзем імкнуцца рэалізаваць. Яны не мусяць быць пытаннем 15 зацікаўленых асобаў. Трэба заручацца грамадскай падтрымкай. Гэта стэрэатып, што ад нас нічога не залежыць.
Калі б ты адказваў за захаванне спадчыны ў горадзе, то якія крокі зрабіў бы найперш?
— Я б імкнуўся рабіць горад больш прыязным для жыцця. Першае — гэта пачаць працу над стварэннем устойлівай канцэпцыі развіцця горада і аховы спадчыны. Другое — надаць радзе архітэктараў, рэстаўратараў болей паўнамоцтваў. Яны б вырашалі, ці можна тут нешта будаваць ці аднаўляць і як. Трэцяе — аднавіў бы рэстаўрацыйныя майстэрні. Нашаму гораду варта мець уласную рэстаўрацыйныю школу. Таксама, актывізаваў бы грамадскае абмяркаванне аб стварэнні брэнда горада. Каб гараджане вызначыліся, які Гродна. Бо кажуць «каралеўскі горад», але ў чым яго фішка, невядома. Не хачу рабіць папулістычныя заявы: адразу адбудаваць Фару Вітаўта, вярнуць гістарычныя назвы вуліцам. Гэта проста гучныя фразы, якія нічога за сабой не нясуць. Калі Фару Вітаўта пачне будаваць Лідскі будаўніча-мантажны трэст, таму што пра гэта раней не падумалі, то трэба пачынаць з канцэпцый.
Як ставішся да магчымых працаў на Каложы і ўнясення яе ў Спіс сусветнай спадчыны?
— Мы часам вельмі замкнутыя на сабе. Ангелец кітайскага паходжання Цвай Лі пабудаваў драўляную грэка-каталіцкую царкву ў Лондане. Кажуць, гэта першая драўляная царква пасля вялікага пажару ў горадзе. Пра яе шмат пісалі, яна атрымала архітэктурную ўзнагароду. Гэты чалавек быў уражаны і натхніўся драўляным беларускім дойлідствам, якога няма ў Еўропе. А жыхары вёсак, якія ходзяць штодзень каля такой царквы ці касцёла, не заўважаюць яго каштоўнасці.
Кажуць: «Як мы паставім Каложу ў адзін шэраг з Нотр-Дам-дэ-Пары, егіпецкімі пірамідамі і Калізеем?» А я прытрымліваюся канцэпцыі самадастатковасці культуры. Гэтыя аб’екты аднолькава каштоўныя, бо гэта розныя праявы культуры. Розныя ўзроўні, але аднолькавая каштоўнасць. Яны цікавыя сваёй старажытнасцю і гісторыяй. Каложа — зусім маленькая царква, але не менш вартая. Не горшая, а іншая. Ёсць прыгажэйшыя аб’екты. Але ад кожнай краіны мусіць быць прадстаўнік у Спісе сусветнай спадчыны.
Што рабіць з Каложай? Я не кампетэнтны ў гэтым пытанні. Але хацеў бы бачыць Каложу адноўленай, так было б прыгажэй. Але чую водгукі спецыялістаў, ці не варта захаваць яе такой, якая яна ёсць, бо гэта адлюстраванне гісторыі ў розныя перыяды. Каб аднавіць XII стагоддзе, мы мусім зруйнаваць XVI, XVII, ХVIII. Варта захаваць гісторыю края. Нешта з ёй рабіць трэба, але не з газасіліката. Я бы спыніў яе далейшае разбурэнне, зрухі грунта, аднавіў бы драўляныя часткі, якія патрабуюць замены. Тут хутчэй пытанне кансервацыі, а не рэстаўрацыі. Ніхто ж сёння не аднаўляе Калізей.
Падаецца, што гарадзенцам не надта важны лёс Каложы?..
— І так, і не. Заўсёды актыўная толькі меншасць. Большасць абыякавая не да Каложы асобна, але агулам да гістарычнай спадчыны. Трэба адукоўваць людзей, выхоўваць з маленства любоў да гісторыі, свайго гораду, края.
Нам ёсць чым ганарыцца. Кажуць, добра там або там. Патэнцыял горада вялікі. Мы не горшыя. Гэта трэба даносіць.
Чым ты адрозніваешся ад сваіх аднагодкаў?
— Гэта правакацыйнае пытанне. Кшталту, ты што, думаеш, што ты не такі, як усе? Мае аднагодкі робяць неверагодныя рэчы, пакараюць свет прыладамі для фэйсбука, напрыклад. У кожнага сваё пакліканне. Я займаюся тым, што мне цікава. Людзей, якім цікава гісторыя, сёння мала. Таму сваёй мэтай бачу папулярызацыю гісторыі.
Што пра цябе сказалі б твае сябры?
— Патрыёт Гродна.
А твае бацькі?
— Яны цалкам ухваляюць мой выбар прафесіі. Калі я нешта раблю, значыць, гэта добра. Напэўна, назвалі б мяне падарожнікам.
Якое месца з падарожжаў пакінула найбольш уражанняў?
— Усходняя Еўропа мяне рэдка здзіўляе. Найлепшыя ўспаміны ў мяне ад іншага, дзе стыль жыцця, клімат, паводзіны людзей, менталітэт, тэмперамент іншыя. Гэта Грузія. Краіна, у якой я захапляюся архітэктурнай спадчынай, прыгожай прыродай, людзьмі і адносінамі людзей да людзей, з жаданнем дапамагчы незнаёмаму чалавеку, пачаставаць ласункамі. Пасля Грузіі я задумаўся, ці можам мы, беларусы, назваць сябе гасціннымі людзьмі.
Дзе ты ў будучыні хочаш жыць?
— Бываць я гатовы паўсюль. А жыць хацеў бы ў Гродне. Гэта родны горад, куды заўсёды прыемна вяртацца, адкрываць у ім нешта новае. Калі доўга затрымаюся ў падарожжах, ужо думаю, а як там Гродна, што ў ім новага.
Ці ёсць у цябе хобі? Можа, збіраеш матылькоў?
— Я не прыхільнік нешта збіраць. Для мяне варты не артэфакт, а інфармацыя ў ім. Я захапляюся фатаграфіяй, але не мару мець 500 старых гарадзенскіх фотаздымкаў на якаснай паперы. Мару, каб яны былі дасяжнымі для ўсіх. Мне не патрэбная кніга XVI стагоддзя, бо будзе валяцца. Але патрэбныя тэксты ў ёй. Я раблю здымкі прыроды і гарадоў, але пакуль досыць рэдка выкладаю іх у сеціва. Захапляюся роварам як транспартным сродкам. Люблю шпацыраваць па горадзе, падарожнічаць, але гэта банальна.
Тваё сэрца занятае ці дзяўчаты маюць шанец?
— Маюць.
Што цябе чапляе ў дзяўчынах?
— Крэатыўнасць і нестандартны падыход.
Ты бачыш сябе ў 70 год? Што б ты зрабіў да гэтага часу?
— Зноў правакацыя! Але калі шчыра, я хацеў бы трошкі змяніць горад. І не толькі я. Не буду казаць «я». Хацеў бы, каб горад стаў зручным для раварыстаў. Каб Гродна стаў «смарт-сіці», выкарыстоўваў сучасныя тэхналогіі, што ёсць у іншых еўрапейскіх гарадах. Каб комплексна аднаўлялася гістарычная спадчына пад наглядам міжнародных спецыялістаў. Хачу, каб гарадзенцы ведалі і ганарыліся горадам. Каб людзі марылі жыць у Гродне. Каб горад быў зялёны. Але не паўсюль я бачу слова «я». Я хачу, каб горад быў такім. А я буду працаваць у праектах, якія накіраваныя на ўсё гэта.