Эліза Ажэшка запрашае на баль

Пакружыцца ў вальсе, пагуляць у карты з каралямі, наведаць пляцоўку для маленькіх какетак запрашае Эліза Ажэшка. Гродзенскія сезоны пані Элізы пачнуцца а 18 гадзіне ў пятніцу, 16 чэрвеня, у «швейцарскай даліне» каля доміка гападыні на вуліцы Ажэшкі, 17.

Упершыню ля доміка паэткі разгорнецца маштабны баль з рэканструкцыяй танцаў ХІХ стагоддзя. Сустракаць гасцей будзе сама пані Эліза. Распарадчыкам балю будзе Мікіта Іваноўскі. Элегантныя дамы і галантныя кавалеры затанчаць паланэз, вальсы, кадрылі, полькі. Усе ахвотныя змогуць не толькі назіраць за грацыёзнымі рухамі, але і паўдзельнічаць у танцавальным майстар-класе. Дрэс-код не абавязковы. Хаця жанчынам пажадана апрануць сукенкі або спадніцы, а мужчынам — гарнітуры. На баль завітаюць артысты з літоўскага Друскінінкая, прыедуць ансамблі польскай песні і танца. Зайграюць музыкі струннага квартэта гродзенскай капэлы. Гасцей салона чакаюць спевы і вершы. Аматарам прапануюць згуляць у стогадовыя карты Лапіных з выявамі каралей, у фанты, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латэрэі, зрабіць здымак у атмасферы пазамінулага стагоддзя. На пляцоўцы для маленькіх какетак дзяўчынкам заплятуць прыгожыя коскі са стужкамі і кветкамі. На тэрыторыю парка ўваход вольны, расказала намесніца дырэктара Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага Марына Ігнатовіч.

Related Post
Share
Published by
maryna_harevich