Кожны ўдзельнік атрымаў кветку валошкі, мог супольна прачытаць верш паэта і пачаставацца гарбатай. У музеі Максіма Багдановіча, дзе ён жыў у дзяцінстве, адзначылі стагоддзе з часу яго смерці.
— Смерці паэта няма, ёсць нараджэнне, — словамі Яўгеніі Янішчыц, прысвечанымі беларускаму генію, пачала свой выступ на вечарыне памяці дацэнт кафедры беларускай філалогіі гарадзенскага ўніверсітэта Аліна Сабуць. — Напісанае Максімам Багдановічам — гэта паэтычная філасофія, а не проста паэтычная лірыка. Гэта мудрыя формулы, як трэба быць і жыць, каб быць чалавекам. Максім Багдановіч свой у разуменні кожнага з нас. Ён свой тут, у гэтым святым абярэгу, штодня, цэлыя сто гадоў і, думаецца, назаўжды.
На імпрэзе чыталі і спявалі пакладзеныя на музыку вершы класіка. Прагучалі, пэўна, вядомыя кожнаму беларусу «Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі». Іх выконвалі не толькі па-беларуску, але і па-ангельску, і па-французску.
— I тчэ, забыўшыся, рука замiж пярсiдзкага вузора цьвяток радзiмы васiлька, — радкі ў рамансе ціхенька падпявалі ў залі.
Прысутныя па фрагменту прачыталі разам менш вядомы верш «Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастаці…».
Падчас віктарыны ўдзельнікі даведаліся, што дома ў сям’і Багдановічаў вісела копія абраза Сіксцінскай Мадонны, а твары яго маці і каханай падобныя да выявы на гэтай іконе.
— Жыў на свеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. I плакала ў яго руках скрыпка, і такая была ў яго гранні нуда, што аж за сэрца хапала, — радкі з першага твора юнака, апавядання «Музыка», пад гукі скрыпкі сапраўды хапалі за сэрца. — Прайшло шмат гадоў з таго часу. Скрыпка разбілася. Але памяць аб музыку не згінула з ім разам.
Напрыканцы ўдзельнікаў запрасілі за стол з гарачай гарбатай.
Даведка «ВГ»
Максім Багдановіч пражыў 25 год. Нарадзіўся ў Мінску ў 1891 годзе ў інтэлігентнай сям’і. Хутка разам з бацькамі пераехаў у Гродна, дзе жыў да пяці год, пакуль на сухоты не памерла яго маці. Цяпер у гэтым доме знаходзіцца аддзяленне музея Максіма Багдановіча. Памёр паэт у Ялце. Дзе ён пахаваны, невядома. У Гродне на старых могілках атрымалася адшукаць магілу яго маці Марыі Апанасаўны.
На могиле матери Максима Богдановича помолились в память о поэте