Вершы гарадзенскага праваслаўнага святара сталі песнямі метал-групы «Иго». Першы альбом «Айчына» прэзентавалі на мінулым тыдні ў «Цэнтры гарадскога жыцця».
Айцец Павел Каспяровіч, які служыць у саборы на Ажэшкі, вядомы таксама як паэт і рок-музыкант у мінулым. Ён і згуртаваў вакол сябе музыкаў яшчэ ў 2009 годзе. Але перш дыск «Айчына» атрымалася запісаць толькі цяпер.
— На Айчыну можна паглядзець як на жанчыну, — кажа айцец Павел Каспяровіч. — Кожны любіць яе па-свойму, а яна застаецца сама сабой, нягледзячы на нашыя да яе пачуцці. Гэтая жанчына на вокладцы адпавядае такой думцы. Гэта карціна мастака Валерыя Вядрэнкі. Можа быць, гэта хрысціянка, можа, манашка, не бачна твару, крыж за ёй. Можна сказаць, што гэта шматпакутная Радзіма, якая ідзе да Хрыста.
У творах гістарычныя песні чаргуюцца з сучаснымі. Аўтар палічыў недарэчным раскладаць па палічках тэматыку сваіх вершаў. Вядома, што апошняя песня заканчваецца словамі: «Нарадзіўся Хрыстос, які дае нам збаўленне, надзею».
Адначасова артысты не называюць музыку хрысціянскай:
— Вось прыйшла Озбарн да веры, нельга сказаць, што гэта хрысціянская музыка, прыйшоў вакаліст «Металікі» да веры, нельга ж сказаць, што гэта рэлігійны рок. Я супраць тэрмінаў «хрысціянскі рок», як і «хрысціянская сантэхніка», напрыклад. Тым больш рэлігійны ўзровень у кожнага ўдзельніка гурта свой.
Паслухаць альбом можна на сайце «Тузін гітоў».