Некалькі дзён таму гурт Navi адправіўся ў Кіеў, дзе ўжо зусім хутка прыме ўдзел у конкурсе «Еўрабачанне-2017». Падчас візіту гурта ў Гродна журналіст “ВГ” пагутарыў з Ксюшай і Арцёмам і яны расказалі пра закулісныя забабоны і мару сабраць Палац спорту.
Navi — гэта Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Іх кліп на песню «Гісторыя майго жыцця» з’явіўся на YouTube яшчэ ў лістападзе мінулага году. Але тады ў яго было толькі некалькі тысяч праглядаў. Сітуацыя змянілася пасля Новага году, калі Navi абралі для выступлення на «Еўрабачанні-2017». Зараз у кліпа 250 000 праглядаў і сотні каментарыяў ад слухачоў з Чэхіі, Польшчы, Германіі і нават Амерыкі. Iншаземцы пішуць: «Беларуская мова гучыць так мілагучна», «Гэта тое, чаго так не хапала на конкурсе, — этнічныя матывы, прыемны голас і харызма спевакоў».
Ксюша і Арцём пазнаёміліся выпадкова на рэпетыцыі сяброў. Паспрабавалі заспяваць разам, запісалі першы хіт «Абдымі мяне». Папулярнасць прыйшла хутка — слухачам падабалася спалучэнне інды- і поп-гучання. На канцэртах гурт не робіць шоў. Артысты ставяць акцэнт на музыцы. Кажуць, утульную атмасферу дапамагаюць стварыць самі слухачы ды прафесійна настроенае святло.
Якім будзе ваш выступ на «Еўрабачанні»?
— Ксюша выйдзе на хадулях. Я буду жангліраваць двума ўкулеле, — ці то жартаўліва, ці то ўсур’ёз гаворыць Арцём. — Зараз падбіраем строі — хочам апрануцца ва ўсё скураное. Думалі зрабіць вопратку з бульбы — Ледзі Гага ў свой час апранала на сябе мяса — але перадумалі.
У Гародні быў ваш першы канцэрт новага тура. Падабаліся адчуванні ад публікі?
— Не ведаем, што трэба зрабіць слухачам у іншых гарадах, каб стаць лепшымі за гарадзенцаў. Неверагодная атмасфера ў зале: людзі спяваюць і танчаць разам. Мы вырашылі запусціць новы тур, каб пераключыцца ад падрыхтоўкі да конкурсу. Бачым у зале ўсмешкі, пранікнёныя погляды. Гэта не можа не радаваць і не даваць эмоцыю, якую мы чапляем і вяртаем.
У вас насычаны тэмп жыцця: рэпетыцыі, канцэрты, інтэрв’ю. Як адчуваеце сябе?
— Сапраўды, адпачыць не атрымліваецца. Ногі самі цягнуць да ложка: трошкі паспаць, не бачыць нікога, не слухаць нічога. Але ж гэта адзін дзень такі — і ўсё, ты зноў у тонусе на цэлы год.
Будзеце граць на гітаре, якую падарылі Brutto? (Пасля перамогі на адборачным этапе былыя «ляпісы» передалі Navi гітару і базу пад рэпетыцыі. — Заўвага аўтара.).
— Яна з намі, але не ведаем, ці ўвогуле будзем выкарыстоўваць гітару на «Еўрабачанні».
Ці ёсць у Navi прыкметы, звязаныя з выступленнямі?
— Перад тым, як выйсці на сцэну, абдымаемся ўсім гуртом. Гэта рытуал, які не можам прапусціць.
Як зрабіць беларускую мову папулярнай?
— Мы ўпершыню вязем беларускую мову на «Еўрабачанне». Чым гэта не папулярызацыя? Нам дасылаюць шмат відэа са школ, дзе настаўнікі выкарыстоўваюць на ўроках нашыя песні і кліпы. Вучні спяваюць разам з настаўніцай — мы адчуваем задавальненне ад таго, што станоўча ўплываем на свет вакол.
Ці пачуем Navi на англійскай мове?
— Не, бо трэба, каб людзі разумелі нас і ганарыліся песнямі пра краіну на роднай мове. Спадзяемся, так свет даведаецца пра беларусаў не толькі праз стэрэатыпы.
Што вам не падабаецца ў беларускай музыцы?
— У нас ёсць тыя, хто любіць шукаць апраўданні сваёй нерэалізаванасці. Маўляў, у тым, што білеты не купілі, вінаваты арганізатары ці нават слухачы, бо яны слухаюць і не чуюць, якая ў артыста файная музыка. Такое стаўленне да працы дзіўнае. Зрабі добры прадукт, будзь сумленным і шчырым — і ўсё атрымаецца. З кожным годам наша вера ў справу робіцца больш магутнай.
Чаго хочаце дасягнуць у творчасці?
— Сабраць Палац спорту.
— Асабіста я, — дадае Арцём, — хачу пазнаёміцца са Сцінгам. Складаю яму ліст…
— Ён піша яго ўвесь час, — смяецца Ксюша. — Гэта такі жарт ўнутры нашай каманды.
Пра што марыце?
— Нашы мары ўжо здзейсняюцца — мы ж займаемся музыкай. Нідзе, акрамя гурта, не працуем. Не быць пад начальнікам — мара многіх. У адной з нашых песен ёсць радок: «Мысли, чувства могут ошибаться, но верь мечте». Намагайцеся зрабіць усё, каб жыць са сваёй марай побач.
Даведка «ВГ»
Navi існуюць чацвёрты год. У 2014 годзе іх намінавалі на прэмію «Героі года», праз год Navi узялі Гран-пры конкурсу «Заспявай 2.0», перамаглі на «Басовішчы-2015». Выступяць на «Еўрабачанне-2017» 11 мая ў Кіеве.