Пра Вялікдзень

Дваццаць пятага сакавіка, недзе каля палудня, едучы з Беластока ў Гайнаўку праз слаўнае места Заблудаў, заўважылі мы з сябрамі, што ў вадным з дагэтуль пустых бусліных гнёздаў з’явілася нарэшце даўгачаканая пара птушак, якія, паводле расповедаў мае мамы- нябожчыцы, абавязкова павінныя прылятаць на дзень Дабравешчання і прыносіць з сабою Вясну!

І Вясна ўжо тут, побач, яна непрыкметна выглядае з-пад платоў першымі зялёнымі пазурчыкамі невядома якой травы, звініць па лесе рознатоннымі птушынымі спевамі, падае за каўнер паліто першаю кропляю халоднага дажджу…

Вясна, дарагія сябры мае, Вясна! А ўжо Вялікдзень, і ў Вербную нядзелю ішлi да касцёлаў і цэркваў натхнёныя, вясёлыя, святочна апранутыя людзі з пучкамі вербаў ў руках, а вербы — адна прыгажэйшая за другую. Жанчыны пахнуць рознымі цяжкімі і лёгкімі парфумамі, мужчыны — цыгарэтамі ды ўчарашнім суботнім вечарам…

І, мабыць, самы  што ні на ёсць закаранелы антыклерыкал і камуніст, змагар за роўнасць і справядлівасць, а ўсё роўна ў гэты дзень, хоць раз на год, але пойдзе і пастаіць сярод іншых суседзяў і блізкіх перад царквою ці касцёлам, годна трымаючы і высока ўздымаючы гэтых пару кволых галінак з малымі зялёнымі лісточкамі, чакаючы, пакуль святар пырсне на іх крапілам.

Пакіне потым усе свае старыя грахі ў храме на споведзі і паціху пачне набірацца новых.

Стараюцца бацюшкі і ксяндзы, вельмі ж стараюцца, гавораць удумлівыя і прыгожыя казанні, заахвочваючы народ да мадлітвы, пакуты, шчодрасці і бэзграхоўя, а трэба сапраўды пра нешта такое надзённае і актуальнае казаць, не адхільваючыся на абы-якое абстрактнае ды малазразумелае. Наш народ — ён любіць канкрэтыку, але і да алегарычнасці схільны, і нават калі з амбоны гучаць асцярожныя словы пра тое, каб Бог даў нікаторым больш розуму і цярплівасці, усе разумеюць, хто такія гэтыя Нікаторыя…

Прыйшла Вясна — значыць  нікуды мы ад яе не дзенемся! Пасля Вялікадня, пасядзеўшы за густа ўстаўленымі ежаю і пітвом сталамі, пахадзіўшы па гасцях па сваяках і па знаёмых, трэба будзе выбраць адпаведні дзень, якую суботу, і паехаць на вёску ў адведкі да родзічаў, пасадзіць старым бацькам гарады, потым дачу ўласную пачаць абрабляць ды даводзіць да ладу…

А калі бацькі ўжо не жывуць на свеце — наведаць могілкі, прыбраць, выпалаць, выкінуць непатрэбнае, запаліць свечку і пару хвілінаў пастаяць моўчкі…

Related Post

А ўжо дзень прыбывае з кожным днём, а ноч меншае, і нібы вялікі дзень, а нічога зрабіць не паспяваеш, і за гэтым зеляненнем, цвіценнем, птушыным піскам, фарбаваннем пешаходных пераходаў, суботнікамі і пераменаю апонаў з зімовых на летнія праходзіць Вясна.

Яна нават не праходзіць, а пралятае каля цябе, а ты, як зачараваны, стаіш, глядзіш на яе, і дрыготкаю рукою зачапіць не можаш, каб спынілася хоць на хвілінку і пабыла даўжэй, пастаяла. Яе справа — прыйсці, зрабіць сваё, паблытаць і перайначыць, і ўцячы, а вы тут, людзі, што хочаце, то і рабіце сабе.

А мы, людзі, што можам, тое і робім. Праўда кожны год адное і тое ж — ад панядзелка па пятніцу — спяшаемся на працу, а па суботах бліжэй да глебы стараемся быць, бо калі ўвесну не пасадзіш, то ўвосень чорта лысага што збярэш, хіба што толькі пару грыбоў у лесе, як выдасца на іх урадлівы год!

Стараемся, адным словам. Самае галоўнае — вясною мы маладзеем душою! Вясна — гэта надзея на лепшае!

І калі слівы цвітуць роўна ды прыгожа, а за імі вішні ды яблыні, а пасля адначасова ўзыходзяць на шасці сотках картофлі і буракі, то і надзея сякая-такая пачынае ў душы расцвітаць, што ўвосень з вішнямі будзем, і з слівамі, і з яблыкамі, буракамі ды картофлямі!

Віншую усіх вас з самым вялікім cвятам  — з Вялікаднем! Гэта свята Зямлі і тых людзей, што на ёй маюць магчымасць і шчасьце жыць і цешацца з гэтага шчасьця як малыя дзеці!

Share
Published by
viktar_shalkevich