Вядомыя гарадзенцы часова вярнуліся ў дзяцінства, узялі ў рукі пэндзлікі і малявалі паветраны шар, сланечнік, анёла, поле макаў. Акцыю «З верай у жыццё і людзей» зладзілі ў музеі гісторыі рэлігіі, каб падтрымаць дзяцей, хворых на рак, і прыгадаць аб ранняй дыягностыцы анкалогіі.
Акцёры, святары, мастакі, бізнэсоўцы, якія ніколі не займаліся мастацтвам прафесійна, намалявалі каля тузіна аптымістычных карцін. Экспазіцыя спачатку з’явіцца ў гандлёвым цэнтры Old City, а пасля на іншых пляцоўках горада.
Дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга расказала, што сёлета хоспіс хоча змяніць распаўсюджанае перакананне, што анкалогія кранае іншых, але не мяне:
— У кожнага з нас больш верагоднасці захварэць, чым не захварэць. Калі рак дыягнастуюць на першай стадыі, амаль 100%, што будзе ўстойлівая рэмісія, а калі на чацвёртай, хутчэй за ўсё чалавек сыдзе. Анкалогія на вельмі вялікі адсотак кантралюецца самім чалавекам. Таму раз на год трэба схадзіць да доктара, як бы мы не ставіліся да нашай медыцынскай сістэмы. Гэта патрэбна кожнаму з нас. Калі мы самі гэта ўсвядомім, раскажам нашым блізкім і навучым нашых дзяцей, то ў грамадстве можа з’явіцца ўстойлівая думка, што анкалогія — гэта хвароба пра жыццё, а не пра смерць.
На палатне вядомай радыёвядучай Наталлі Астахавай з’яўляецца пакалечанае сэрца.
— Я малюю страх у сэрцы чалавека, які захварэў. Страх спыняе яго жыццё. Але гэта той момант, калі трэба гучна прасіць аб дапамозе, біць ва ўсе званы. Чым мацнейшая вера, чым большы зварот туды, наверх, тым хутчэй ён будзе пачуты. Я сутыкнулася з хваробай сваіх блізкіх. І калі б гэта залежыла толькі ад мяне, я б зрабіла ўсё, каб людзі заўсёды былі здаровыя, — стыльная і моцная, на першы погляд, жанчына гаворыць стрымана і з трымценнем.
Пробашч Фарнага касцёла ксёндз Ян Кучынскі малюе жывую руку:
— Мы ўсе розныя, як чалавечкі на пальцах: радасныя, сумныя, абыякавыя, задуменныя, суворыя. Але складаем адно цэлае. Нехта сумны таксама знаходзіцца ў гэтым арганізме, жывіцца з адной вены. Калі ўсе пальцы сціснуць, то разам шмат чаго можна зрабіць. А неба і сонейка як сімвал надзеі.
Святар Свята-Пакроўскага сабора Міхаіл Перац намаляваў поле макаў. Макі маюць падвойную сімволіку: адвар з мака памяншае боль, а самі кветкі сімвалізуюць цярпенне Хрыста: «Цярпенне мае сэнс і надзею».
Падаецца, што намеснік гендырэктара «Молочный мир» Аксана Вішнеўская калісьці адмыслова вучылася мастацтву. На яе малюнку вырасла дрэва з сімвалічнымі птушкамі-шарамі:
— Дзеці як птушкі, ім нельга абрэзаць крылы. Я малюю дрэва жыцця і рознакаляровых птушак з белымі контурамі. Яны заўсёды будуць мець апору ў жыцці, сваю сям’ю, гэтае дрэва.
На карціне хіміятэрапеўта з абласной бальніцы Ганны Ляткоўскай бачны ясны далягляд:
— Ідэя паветранага шара. Як уздымаешся на ім над хваробай. Мой дэвіз: цярпенне, цярпенне, цярпенне, лячэнне і ацаленне.
Галоўны ўрач дзіцячай паліклінікі №2 Жанна Цюлькіна ўпершыню малюе на палатне і пакуль спрабуе прызвычаіцца да новай тэхнікі. З яе рознакаляровых мазкоў складваецца неба і сонца, «жыццясцвярджальны пейзаж».
Былы дырэктар тэатра лялек, а цяпер супрацоўнік тэатра «Рада» Аляксандр Ігнаценка разгублена, бы дзіця, пазірае на свой твор і пераворчае яго дагары нагамі:
— Я спачатку маляваў дом з дымком, лужком і сонейкам. Потым мне сказалі, што лепей маляваць сюр. Так атрымаўся тварык, падобны да Страшылы з чырвонымі вачыма і носам. Нават не ведаю, як цяпер выйсці з гэтай сітуацыі.
З-пад пэндзля экспрэсіўнага барда Віктара Шалкевіча выйшаў сланечнік або сонечная кветка, а ў дырактаркі музея гісторыі рэлігіі Рыты Янчалоўскай атрымаўся анёл.
Самы малодшы ўдзельнік акцыі Радаслава ў захапленні дадае на карціну з рознакаляровымі фарбамі белыя лапінкі:
— Фіялетавая хмарка — гэта хвароба, а ўсё моцна яскравае — гэта здароўе. Хвароба паступова сыходзіць. Белыя плямкі нагадваюць далмацінца, бо гэта весела і міла.