Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэснае святарства, у Хрысце дыяканства, богалюбівы манаскі чын, дарагія браты і сёстры!

Сардэчна, са светлай радасцю вітаю вас і віншую з найвялікшай спасіцельнай падзеяй: прышэсцем у свет Сонца Праўды — Хрыста, Бога нашага: «Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, поўнае благадаці і ісціны» (Ін. 1, 14). Любячы Сваё стварэнне, Стваральнік і Спасіцель наш Хрыстос-Бог стаў чалавекам, ва ўсім падобным да нас, акрамя граху (гл. 1 Цім. 3, 16; Яўр. 4, 15). Гасподзь прынёс заблуднаму чалавецтву найвялікшы з усіх дароў — Сваю Божую любоў, каб спасці свет, вызваліць чалавека ад страху смяротнага і ад самой смерці, дараваць паўнату быцця ў Богу і жыццё вечнае кожнаму, хто пачуе заклік Божы і пойдзе за Ім.

У сваім пасланні апостал Павел звяртаецца да карынфскіх хрысціян, а значыць, і да кожнага з нас, з адным з такіх заклікаў: «Праслаўляйце Бога і ў целах вашых, і ў душах вашых, якія належаць Богу» (1 Кар. 6, 20). Галоўны сэнс гэтага закліку заключаецца ў тым, каб мы не толькі дзякавалі Богу і ўзносілі Яму хвалу ў малітвах і песнапеннях, але і прыносілі добры плод — справы любові і міласэрнасці на славу Божую, на карысць Царквы, на карысць Бацькаўшчыны і на карысць бліжняга, несучы «цяжары адзін аднаго» (Гал. 6, 2) — і ў радасці, і ў горы.

Гасподзь запаведаў нам любіць адзін аднаго, захоўваць адзінства царкоўнае, несці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць лагоднымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13, 35), — кажа нам Гасподзь і Спасіцель наш Іісус Хрыстос. Далучаючыся да гэтай уседасканалай Божай любові, мы здабываем непераможную зброю «супраць злых духаў паднябесных» (Эф. 6, 12), здабываем магчымасць паспяхова супрацьстаяць усім выклікам часу. Якія б спакусы і выпрабаванні ні спасцігалі нас у гэтым жыцці, словы Госпада: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мт. 28, 20) усяляюць у нас надзею, што Ён не пакідае нас сёння і не пакіне ў будучы час.

Закон любові, завешчаны нам Спасіцелем, ляжыць у аснове сапраўднага «адзінства духу» (Эф. 4, 3). Гэты закон — аснова грамадскага жыцця і салідарнасці, супольнай стваральнай працы і супрацоўніцтва на славу Божую і на радасць тым, хто перажывае розныя беды і няшчасці, хто церпіць нягоды і мае патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. Але сапраўднае яднанне народа не можа абмяжоўвацца толькі часам выпрабаванняў, яно павінна стаць неад’емнай часткай нашай хрысціянскай самасвядомасці і сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Зноў надышло светлае свята Ражджаства Хрыстовага, свята гарачай веры і непасаромленай надзеі на Промысл Божы, які вядзе да дабра кожнага чалавека. Зноў раскрываецца неба над зямлёю, зноў чуецца ангельскае славаслоўе, якое абвясціла свету «радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу: нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель» (Лк. 2, 10-11). Разам з ангеламі мы зноў заклікаемся заспяваць славаслоўе Дзіцятку Хрысту, Які нарадзіўся, і, укленчыўшы перад Ім, як гэта зрабілі ўсходнія мудрацы, прынесці ў дар «фіміям» сардэчнай малітвы, «золата» добрых спраў на славу Царквы і на карысць бліжняга, «міра» ахвярнага служэння бліжнім, і, прыпаўшы да ясляў Хрыстовых, як віфлеемскія пастухі, славіць і хваліць «Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі».

Related Post

Праасвяшчэнныя архіпастыры, дарагія айцы, браты і сёстры,  мінулы год быў няпростым для многіх з нас, але, міласцю Божай, ён прынёс нам і нямала духоўнай радасці. Ён быў адзначаны шматлікімі важнымі падзеямі ў жыцці нашай Царквы. У мінулым годзе ва ўсіх епархіях архіерэі з клірам, браціяй і паствай займаліся вырашэннем надзённых пытанняў царкоўнага жыцця: добраўпарадкаваннем епархіяльнай і прыходскай дзейнасці, стварэннем якасна новых прыходаў, якія закліканы стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі, з уключэннем у іх самай актыўнай сілы грамадства — моладзі; шмат увагі надавалася развіццю сацыяльных і асветніцкіх праектаў Праваслаўнай Царквы.

У 2016 годзе Беларуская Праваслаўная Царква і Дзяржава працягнулі супольную працу ў галіне аховы і захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Асаблівая ўвага надаецца захаванню традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення і прафілактыцы негатыўных з’яў і іх наступстваў у грамадстве. У аснову культуры і дзяржаўнасці Беларусі закладзены хрысціянскія каштоўнасці, якія з’яўляюцца самым верным арыенцірам не толькі ў жыцці хрысціяніна, але і асобнага чалавека. Дзяржава сёння падтрымлівае Царкву ў яе патрыятычных ініцыятывах і пропаведзі набожнага ладу жыцця.

Святая Праваслаўная Царква заклікае кожнага з нас старанна працаваць над ачышчэннем і праабражэннем сваёй душы, бо духоўная перамена самога сябе — залог і аснова для праабражэння ўсяго народа нашай Бацькаўшчыны.

Дарагія і ўзлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, браты і сёстры! Ад усяго сэрца з любоўю ў Хрысце зноў і зноў віншую ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага і з Новым годам міласэрнасці Божай. Малітоўна жадаю вам добрага здароўя, міра, дабрабыту і невычэрпнай благадатнай дапамогі Божай у вашых подзвігах і працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць роднай Бацькаўшчыны і на карысць усіх нашых бліжніх. Амінь.

ПАВЕЛ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Ражджаство Хрыстова 2016-2017 гг., горад Мінск

Share
Published by
Служба новостей "ВГ"