Самы вядомы беларускі дылетант і дзве пісьменніцы чыталі з дзецьмі па-беларуску

Юры Жыгамонт змяніў прафесію: ён стаў настаўнікам і прачытаў з вучнямі беларускія вершы. Урок праекта «Чытаем па-беларуску с velcom» прайшоў у каралеўскім палацу Новага замку ва аўторак, 16 лістапада.

Больш за 100 вучняў другога і трэцяга класаў Гродзенскай гарадской гімназіі прыйшлі на незвычайны ўрок. Настаўнікам быў тэлевядучы Юры Жыгамонт. Гарадзенцы ведаюць яго па перадачы «Падарожжы дылетанта», дзе ён са сваім нязменным сакваяжам і ў чорным капялюшы раз’язджае па беларускіх мястэчках і распавядае пра іх гісторыю.

Урок прысвяцілі 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Занятак пачаў Юры Жыгамонт.

Слова ўзяла беларуская пісьменіца Раіса Баравікова:

— Адчуваецца, што не мы адны клапоцімся пра мову, што і бізнес, у дадзеным выпадку кампанія velcom, надае ёй значэнне. Радуе, што пачаўся такі добры духоўна-асветніцкі рух да беларускага слова.

Раіса Баравікова падарыла музею сваю новую кніжку «Пра Бусю, які жыве на Беларусі». Яе калега, казачніца Алена Масла, расказала, што яны ўжо былі ў школах № 23, 34, 37, 39, гімназіях № 5, 9 і 10, а таксама ў Квасоўскай школе.

— Там мы з дзеткамі гулялі ў розныя гульні: грукалі, рыкалі. Вы ведаеце такія словы? – звяртаецца пісьменніца да дзетак.

— Та-ак! – у адказ маленькія ножкі грукаюць па падлозе.

— Я напісала для вас казку «Мяне завуць Лахнэска» пра тое, як лах-нэская пачвара завітала на Беларусь, дзе ў ее закахаўся Апалон Апалонік. Вы ведаеце, хто такая Лахнэска? — пытаецца Алена.

Пра замежных пачвар дзеці не чулі, але ж на зубок ведалі вершы Максіма Багдановіча. Вучні цягнулі рукі і выходзілі да публікі. Дзяўчаты з хваляваннем сцісківалі мікрафон і чыталі «Слуціх ткачых», «Зорку Вянеру», «Санет» і іншыя вершы.

Алена Масла расказала пра тое, як нядаўна звярнулася па-беларуску ў цягніку да жанчыны.

Related Post

— Нарэшце нармальны чалавек трапіў! – усклікнула мая спадарожніца. — Хоць не буду языка ламаць, а то за тры дні стамілася па-руску гаварыць.

Казачніца лічыць:

— Добра ведаць шмат моваў, але ў сваёй краіне трэба размаўляць на роднай мове.

Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юры Кітурка нагадаў гісторыю са свайго дзяцінства.

— Калі я быў такі ж, як вы, то захапляўся казкай эстонскага пісьменніка Уладзіміра Бээкмана “Роберт – захавальнік жалеза”. Галоўныя героі там – маленькія жалезныя чалавечкі, якія жывуць на складах і заводах. Яны павінны захоўваць жалеза ад іржы. Калі чалавечак з гэтым не спраўляуся, то трапляў на перапрацоўку ў доменную печ. З той казкі я добра запомніў такія словы: «Калі ў цябе больш няма свайго жалеза, чужое табе не дапаможа». Значна пазней, ужо ў сталым ўзросце, я зразумеў, пра што яны. Наша «жалеза» — Максім Багдановіч, Янка Купала і ўсе іншыя беларускія пісьменнікі, якія захоўваюць нашу мову ў сваіх творах. Калі ў нас яе не будзе — нам ніхто не дапаможа.

Даведка «ВГ»

Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» працягваецца. Юры Жыгамонт, Раіса Баравікова і Алена Масла ўжо пабывалі ў Ваўкавыску і Слоніме. Скора яны заедуць у Смаргонь і Навагрудак. Удзельнікі наведаюць 25 школ Гродзенскай вобласці, а ўсяго па стране — каля 150 школі больш за 20 000 вучняў.

— Думаем, што такімі ўрокамі ўдасца пасеяць у дзецях зерне цікавасці, што ў будучыні перарасце ў любоў да мовы і беларускай культуры ўвогуле, — распавяла куратарка праекта Катажына Валкоўская.

— Усе дзеткі, незалежна, адкуль яны, — наскрозь беларусы, – кажа Юры Жыгамонт. – Калі размаўлеш з імі, адчуваеш, што беларуская мова ў іх усярэдзіне, што яны беларусы, што ім хочацца гаварыць на беларускай мове і яны з задавальненнем гэта робяць.

Дарэчы

Інтэрв’ю з Юрым Жыгамонтам чытайце ў свежым нумары «Вячэрнега Гродна», які выйдзе ў сераду, 23 лістапада.

Share
Published by
margaryta_gamina