Упершыню ў Гродне пройдзе свята беларускай моды. Як далучыцца?

Незвычайную восеньскую вопратку для выхаванцаў хоспіса і іх матуль пачалі ствараць у Гродне. Убачыць калекцыю змогуць усе жадаючыя на Першым свяце беларускай моды «Святаяннік» 14 кастрычніка.

Разынка ў тым, што адзенне распрацоўваюць з улікам беларускай культуры моды XVI–XIX стагоддзяў, распавядае дызайнер Святлана Пінчук. Яна адлюструецца ў пашыве, колерах, вышыўцы і іншым характэрным дэкоры. Усё зробяць з воўны, ільну, бавоўны. У праекце ўдзельнічае 15 сем’яў: большасць з дзецьмі з інваліднасцю і некалькі са здаровымі дзецьмі. Усе дзеці і іх матулі атрымаюць у падарунак цэлы строй: да прыкладу, спадніцу, пінжак і паліто, або нагавіцы, блузу ды куртку. Прадугледжаныя таксама капелюшы, шалікі, аксесуары. Гэтае адзенне можна будзе насіць штодня. Святочны паказ калекцыі плануецца ў Дзень маці. Як расказала кіраўнік праекта Марыя Бразінская, скласці ахвяраванні можна праз сайт ulej.by. Засталося сабраць крыху больш за 2000 рублёў, ужо ахвяравалі каля 500 рублёў. Таксама можна падараваць тканіну, ніткі, бісер, аўтэнтычныя рушнікі, дываны, абрусы. Удакладніць, што менавіта патрэбна, варта, пазваніўшы ў хоспіс.

Related Post
Share
Published by
maryna_harevich