Гісторык Андрэй Вашкевіч правёў чытачоў «Вячоркі» па старым Гродне

Сапраўдную экскурсію па горадзе зладзілі «Вячорка» і гісторык Андрэй Вашкевіч для нашых чытачоў, якія збіралі паштоўкі ў праекце «З «Вячоркай» па старым Гродне», у суботу, 9 красавіка. Падчас шпацыру мы даведаліся шмат цікавых фактаў пра знаёмыя мясціны.

1) Раней горад заканчваўся на мяжы чыгуначнага вакзала і заапарка. Тэрыторыя за сучасным заапаркам належыла роду Друцкіх-Любецкіх. Дзякуючы таму, што князі прадавалі надзелы сваёй зямлі простым гараджанам, паступова з’явілася забудова горада ў раёне сучасных вуліц Ціміразева і 17 Верасня.

2) Станок, на якім друкавалі ігральныя карты на фабрыцы братоў Лапіных, апячатвалі, калі ён не працаваў. Адмысловы чыноўнік ставіў і здымаў з яго пломбу, а таксама сачыў за працэсам друку і адзначаў якасныя аркушы пячаткай. Цяпер фабрыка ігральных карт належыць «Белтаможсервису». Будынак аднаўляюць пад адміністрацыйныя памяшканні, музей і кавярню.

3) У Гродне выраблялі ўласныя слодычы і каву. Фабрыка мармеладу працавала ў памяшканні сучаснай фабрыкі «Элод» на Акадэмічнай вуліцы ў пачатку мінулага стагоддзя. У 1958 годзе яе зачынілі, а абсталяванне раздалі на іншыя «салодкія» заводы — «Камунарку» і «Спартак».

4) Лютэранскую кірху пабудавалі на месцы тракціра, у якім абедалі нямецкія рабочыя. Іх у Гродна запрасіў Антоній Тызенгаўз для працы ў яго мануфактурах.

5) На месцы дзіцячага садка насупраць кірхі на вуліцы 1 Мая некалі былі лютэранскія могілкі. Захавалася толькі некалькі надмагілляў на тэрыторыі двара з левага боку ад уваходу ў храм.

Related Post

6) У доміку Максіма Багдановіча дагэтуль жыве адна сям’я, нягледзячы на тое, што дом на сем кватэраў даўно пераўтварыўся у музей паэта.

7) Першы заапарк месціўся на тэрыторыі парка Жылібера побач з цяпліцамі экзатычных раслінаў Яна Каханоўскага. Уваход на гэтую частку парку быў платны. Менавіта адтуль клеткі з жывёламі пераехалі ў сучасны заапарк.

8) На месцы аблвыканкама некалі стаяла кавярня «Галеча», а напрыканцы вуліцы Ажэшкі — кавярня «Раскоша».

9) Гродна наведваў будучы прэзідэнт Злучаных штатаў Амерыкі Дуайт Эйзенхаўэр. Ён ночыў у гатэлі «Раяль», які больш вядомы гарадзенцам як гасцініца «Беласток на Гараднічанскай вуліцы. Гэта ружовы будынак непадалёк ад аблвыканкама даўно пераўтварыўся ў даўгабуд і чакае аднаўлення.

Share
Published by
maryna_harevich